У скарбонцы жыцця – даўгалецце з галадоўкай, страхам і болем

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Жыхарцы Падсвілля Надзеі  Ціхаўне Рагіла  сёлета ў лістападзе споўніцца 95 гадоў. Па ўсіх мерках – яна доўгажыхарка, якая шмат чаго пабачыла і перажыла на сваім вяку.

Сын з маці, жнівень 2020 года.

«Што ні год, то новая праява«

Надзея Ціханаўна  жыла пад Польшчай і пры Саветах. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, аказалася ў ліку чатырохсот  тысяч маладых беларусаў, якія былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію. Перацярпела голад, вытрывала цяжкую працу, перамагла хваробы і вярнулася на радзіму. На яе памяці была Чарнобыльская аварыя, і хоць  у  сям’і ніхто не быў ліквідатарам, сэрца жанчыны напаўняла трывога за будучыню яе дзяцей і ўнукаў. Убачанае і перажытае засталося ў далёкім мінулым, але да цяперашняга  ночы Надзеі Ціханаўны  напоўнены бяссонем, а ўспаміны – болем.

–Мама і тата нарадзіліся ў вёсцы Мазнева за Кішамі і змалку ведалі адзін аднаго. Як падраслі, разам хадзілі ў школу ў Баяры. Мама скончыла тры, а бацька – 4 класы. На той час гэта была добрая адукацыя, – расказвае сын Надзеі Ціханаўны  Міхаіл. – Мама са шматдзетнай сям’і: у яе былі яшчэ тры сястры і брат, а ў бацькі – толькі адзін брат. Вялікую Айчынную  мама застала 16-гадовым падлеткам. Каля вёскі былі лясы і адразу пасля захопу немцамі Глыбоччыны там  былі партызаны брыгады імя Суворава. У атрад перайшлі многія хлопцы і мужчыны, у тым ліку і  мамін брат Сямён. Але  стараста  папярэдзіў вяскоўцаў, што немцы за  сувязь з партызанамі  будуць расстрэльваць іх родных. Пахапалі людзі пажыткі, хто што мог, і  пабеглі ў  лес хавацца.

Надзея Ціханаўна ( у першым радзе першая злева), за ёй стаіць сястра Марыя.

Абяцанні немцаў папаліць  хаты і  знішчыць людзей не былі пустымі. У Беларусі яны разбурылі і ператварылі ў галавешкі 9 тысяч 857 населеных пунктаў, прычым 5 тысяч 460 былі знішчаны разам з людзьмі. Не мінуў гэты жахлівы лёс і Глыбоччыну: населеныя пункты немцы бамбілі, палілі, іх жыхароў, хворых і нямоглых, расстрэльвалі, маладзейшых і дужэйшых гналі ў Германію – ім была прагатавана доля парабкаў.

Надзея з маці і сёстрамі была ў атрадзе Суворава. На  баявыя заданні не  хадзіла, бо ўзростам не выйшла, а вось пара яе руплівфых рук у партызанскай гаспадарцы лішнімі не былі. Дзяўчына мыла адзенне, гатавала есці, мыла посуд. Яе сям’ю арыштавалі ў Кублічах. Схопленых падчас аблавы людзей там жа людзей там жа  растасавалі каго куды.  Маці  з дачкой Тэкляй засталася ў Кублічах, а Надзею з  сястрой  Марыяй і ншымі затрыманымі,  пагналі  ў Падсвілле на станцыю, загрузілі ў цягнікі і павезлі  ў бок польскай мяжы. Нейкі час яны знаходзіліся ў перавалачным лагеры ў Маларыце на Брэстчыне, а адтуль іх адправілі ў Кенігсберг (цяпер Калінінград).

Міхаіл Анісімавіч і Надзея Ціханаўна з унукам Анатолем.

З Кенігсберга ў Кішы – пешшу

–У лагеры за калючым дротам  было і сцюдзёна, і голадна. Давалі  раз у дзень  пустую баланду, у якой ложцы не было за што зачапіцца. Недалёка ад лагера знаходзіўся бурт з бульбай. Нямецкія салдаты з аховы бралі яе адтуль сабе на кухню. Калі ўдавалася, то пад прыкрыццём ночы некаторыя з нашых поўзалі туды, напіхвалі за пазуху, і прыносілі ў лагер. Тады мы  варылі яе на кастры ў шалупінні і елі. Здаралася, што ахоўнікі праяўлялі да нас міласць і давалі кусок каніны, якую самі елі. І хварэлі там, і пад бамбёжкай былі, і работу ўсякую, што казалі, рабілі. Шчасце, што былі мы там не многа, каля году, і нас вызвалілі савецкія войскі, – успамінае Надзея Ціханаўна.

З гісторыі вядома, што Усходне-Пруская ваенная аперацыя праходзіла з 13 студзеня па 25 красавіка 1945 года. Кенігсберг вызвалялі войскі 2-га і 3-га Беларускіх франтоў.  Надзея  не ведала, што з баямі гэты горад браў яе аднавясковец  і будучы муж Мікалай Рагіла.

Пасля вызвалення  былыя палонныя чакалі адпраўкі на радзіму, а Надзея так хацела хутчэй убачыць родных, што разам з сястрой і “суседзямі” па лагеры выправілася дамой пехатою. А дарога не блізкая – больш за паўтысячы кіламетраў, а людзі знясіленыя голадам і хваробамі, але адкуль сілы знайшліся.

Дарога ляжала  праз Літву.  Ніякага запасу з сабой не мелі, таму захадзіліся ў хаты, прасілі паесці і пераначаваць. Цяпер гэтыя кіламетры на машыне  турысты пераадольваюць за 7-8 гадзін, а тады  нашы зямлякі тры месяцы дабіраліся да роднай Глыбоччыны.

–Пакуль мама была ў Германіі,  мой бацька Мікалай Анісімавіч ваяваў. Быў пехацінцам, пратопаў, як кажуць, паў-Еўропы. Вызваляў Кенігсберг, Варшаву, Берлін. Быў цяжка паранены. Лячыўся ў шпіталі ў Сызрані. За баявыя заслугі ўзнагароджаны двума ордэнамі Вялікай Айчыннай вайны I і  II ступеняў, медалямі. Быў інвалідам 2-й групы, – расказвае сын Міхаіл.

Жыць пачыналі з нуля на голым пустыры

Пасля вайны вяскоўцы, хто з арміі, хто з Германіі, хто са шпіталю, пачалі вяртацца ў родныя мясціны, а там – голы пустыр з парослым да пояса хмызняком. Пачалі  наноў будавацца і абжывацца.

Паляводчая брыгада калгаса “Дружба” (Надзея Рагіла ў цэнтры ў другім радзе).

У 1948 годзе Мікалай  Рагіла ажаніўся з Надзеяй. Яна працавала паляводам у калгасе “Дружба”, ён – усё жыццё  да самай пенсіі на складзе нарыхтоўкі зерня ад Глыбоцкага камбікормавага завода. У 1964-м сям’я Рагілаў пераехала ў Падсвілле. Мікалай Анісімавіч працаваў на ранейшым месцы, Надзея Ціханаўна хадзіла ў брыгаду ў Кішы, пасля была прыбіральшчыцай на ўчастку ў мясцовым РЭСе. Муж і жонка  вырабілі па 40 гадоў працоўнага стажу, выхавалі  сына Міхаіла, мелі двух унукаў.

–Дзевяць гадоў назад  памёр бацька, нядаўна – мая жонка. Сын Анатоль жыве ў Мінску, дачка Наталля – у Маскве. Я дагладаю маму, бо ў  Падсвіллі мы з ёй удваіх засталіся. Напярэдадні дня Незалежнасці з віншаваннямі, кветкамі і падарункамі да мамы прыязджалі старшыня райвыканкама Аляксандр Шубскі, старшыня нашага Падсвільскага сельвыканкама Анатоль Ерашэвіч,  прафсаюзныя і грамадскія актывісты. Прыемна, што пра  ветэранаў, інвалідаў, вязняў не забываюць і  чым могуць стараюцца дапамагчы, – кажа Міхаіл Мікалаевіч.

Каля дому па завулку Чыгуначным у Падсвіллі, дзе жыве Надзея Ціханаўна,  буяюць кветкі, пасаджаныя і вырашчаныя рукамі яе сына. І хоць разам з пражытымі гадамі за гарызонт  адышлі  маладосць, каханне і шчасце, Надзея Ціханаўна рада таму, што яе старасць спакойная, дагледжаная, што жыве яна на сваёй зямлі, у сваёй хатцы з кветкавым агародчыкам і разам з родным сынам.

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2020г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru