Першы ўрок на ўлонні прыроды

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Першы ўрок павінен  зацікавіць, заахвоціць да вучобы і запомніцца надоўга. Менавіта з такой пазіцыі зыходзіла настаўніца матэматыкі і інфарматыкі СШ№1 і  класны кіраўнік  Алена Нікіфаровіч, калі вырашыла правесці яго не за школьнай партай, а на ўлонні прыроды.

–Па дамове з начальнікам філіяла “Чачалі” Людмілай Чэбан мы распрацавалі праграму нашага  там прыбывання, спалучаючы пазнавальнае з гульнёвым, вызначылі асноўныя тэмы, на якіх хацелі акцэнтаваць увагу вучняў, абгаварылі, чым іх пачаставаць. Людміла Сцяпанаўна  вітала нас на беларускай мове, расказала  легенды  гэтых мясцін і прадставіла  тэрыторыю Дома адпачынку для нашых заняткаў, – гаворыць Алена Чаславаўна.

А ў такім маляўнічым прасторным месцы ёсць дзе разгуляцца і ёсць аб чым задумацца. Маці-Прырода, у вобразе якой была Даната Матушава, заклікала дзяцей берагчы ўсё жывое, захоўваць і  памнажаць прыгажосць, бо яна  выхоўвае,  прывівае эстэтычны густ, робіць чалавека дабрэйшым. Вядучая праграмы вучыла  пяцікласнікаў,  як паводзіць сябе ў лесе, на рэчках і азёрах,  не ламаць дрэў, не паліць траву, не раскідваць смецце. А замацоўвалі атрыманыя веды дзеці з дапамогай  віктарын і ў ходзе практычных заняткаў.

Працягнуў “жывы” ўрок унук матулі-Прыроды Яўген, студэнт ВНУ, які на той час праходзіў практыку ў філіяле “Чачалі”. Ён прапанаваў вучням паўдзельнічаць у  мерапрыемстве з элементамі спартыўнага арыентавання.

–Дзеці разбіліся на сем каманд па колерах вясёлкі і атрымалі заданні: у адведзены час  з дапамагай карты  знайсці схаваныя на тэрыторыі словы і скласці з іх прымаўкі. У ходзе пошукаў, акрамя іх, дзеці знаходзілі пластыкавыя бутэлькі, упакоўку ад чыпсаў, семак і марожанага. Яны складзіравалі смецце, якое не адносіцца да біяраскладальнага, і запаміналі, што гэта – вораг, які пасягае на здароўе прыроды і  людзей, і яго трэба правільна ўтылізаваць, – кажа  Людміла Чэбан. – З заданнямі справіліся ўсе, прымаўкі прачыталі і запомнілі. А яшчэ набегаліся, надыхаліся здаровым сасновым паветрам, таму з ахвотай селі за стол і з апетытам, за дзве шчакі, елі суп з фрыкадэлькамі, мучаныя аладкі са згушчонкай, якую выпускае Глыбоцкі МКК, пілі травяны чай сёлетняга збору. Настрой у дзяцей быў выдатны, пазітыўных уражанняў хапіла, падведзеныя настаўніцай вынікі задаволілі ўсіх.

На памяць аб мерапрыемстве  вучні  атрымалі каляндарыкі, а Алена Нікіфаровіч – сімвал дабрачыннасці Вішнёвіка, які нарадзіўся і жыве ў Чачалях і прыносіць толькі добрыя весткі. Ну а фінальным акордам стала закладзеная  з шышак  сцяжынка здароўя ў выглядзе крылатага самалёта СУ, які сканструяваў наш зямляк Восіп Сухі. Няхай яна стане ўзлётнай паласой для усіх прысутных хлопчыкаў і дзяўчынак.

Нагадаю, што філіял “Чачалі” стаў месцам рэалізацыі праекта “Каманда згоды” і напрацягу мінулага года прымаў жадаючых – вучнёўскія класы, працоўныя калектывы, асобныя сем’і, – якія і адпачывалі ў нас, і атрымлівалі навыкі работы ў  камандзе. Праект працягваецца, і мы запрашаем дзяцей і дарослых да супрацоўніцтва.

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2020г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru