У Глыбокім працуе выстава мастака Віктара Крука

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Цёплая. Восеньская. Жыццёвая. У Глыбоцкім цэнтры традыцыйнай культуры і народнай творчасці новая выстава. Яе аўтар – мастак з суседняй Шаркаўшчыны Віктар Крук. З яго карцінамі глыбачане ўжо знаёміліся, і не аднойчы, праўда, толькі на зборных выставах. А цяпер Віктар Фёдаравіч раскрывае сваю душу, паказвае свае думкі і ўражанні  праз персанальную выставу “Спатканні на жыццёвым шляху”.

–У 4 гады намаляваў свой першыпартрэт, у 7 гадоў пачаў пісаць алейнымі фарбамі – таму, дзе вучыцца, пытанняў не было. Ведаў, што будзе мастаком, – расказвае яго вучаніца ў мінулым, а цяпер кіраўнік народнага клуба майстроў “Крыніца” Святлана Кавальчук, у якой Віктар Фёдаравіч выкладаў чарчэнне. – Такімі і павінны быць настаўнікі. Ён любіць свой прадмет, і прывівае любоў да яго сваім вучням. Калі робіць заўвагу, то яна здаецца кампліментам.

Выпускнік мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута (з Чырвоным дыпломам) усё жыццё прысвяціў настаўніцтву. У мінулым годзе Віктару Фёдаравічу споўнілася 70 гадоў, але ён верны сваёй педагагічнай справе. З 1992 года і па сённяшні дзень працуе выкладчыкам мастацкага аддзялення Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў.  

Вучыць мастацтву і сам на сваіх карцінах з ім знаёміць.

– Віктар Фёдаравіч стараецца на палотнах пісаць партрэты нашых вядомых землякоў, – расказвае Святлана Аляксандраўна. – У нашай экспазіцыі, паглядзіце, і Янка Купала з  Паўлінай Мядзёлкай, Васіль Быкаў, Ян Баршчэўскі, Іван Хруцкі, Рыгор Барадулін, партрэты сяброў-мастакоў Віктара Крука… На карцінах-пейзажах – уражанні мастака ад спатканняў з беларускімі краявідамі на Глыбоччыне, Ушаччыне, Гродзеншчыне, Лепельшчыне, Расоншчыне, Полаччыне.

 І між іншым, нагэтай  выставе з’яўляецца адчуванне, быццам ведаеш і мастака, і яго работы…

– Карціны падарожнічаюць з выставы на выставу, бо некаторыя з іх  Віктар Фёдаравіч лічыць знакавымі, як напрыклад, “Драздовіч”, “Бацькаўшчына. Вытокі”, “Васіль Быкаў”,  – тлумачыць Святлана Кавальчук. – У іх ліку, несумненна, будзе адна з апошніх графічных работ “Насустрач”. Мастак  хацеў адлюстраваць Апостала Пятра, але атрымаўся збіральны вобраз: чалавек выбірае свой шлях  і ідзе, не зважаючы на цяжкасці, падае, падымаецца, сумняваецца, але, ўзняўшы галаву, ідзе насустрач будучыні, светлай, чаканай.

Жадаеце і вы пазнаёміцца з творчасцю цікавага чалавека? Члена Беларускага Саюза мастакоў,  лаўрэата звання “Чалавек года Віцебшчыны-2014”, у 2019 годзе ўзнагароджанага медалём “Святога Канстанціна Жданава “,  творы якога знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея Максіма Багдановіча (Мінск), Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, прыватных калекцыях Беларусі, Велікабрытаніі, Германіі, ЗША, Польшчы, Расіі, Францыі… Для знаёмства вам прызначаем спатканне ў Глыбоцкім цэнтры традыцыйнай культуры і народнай творчасці.

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2020г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru