Чыстая вада – у падарунак жыхарам Гатаўшчыны і Восава

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

3 верасня адбылося ўрачыстае адкрыццё новай станцыі абезжалезвання вады ў Гатаўшчыне.

Гэты аб’ект пабудаваны ў рамках рэалізацыі падпраграмы “Чыстая вада” дзяржаўнай праграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе”,  разлічанай на 2016-2020 гады і  прадугледжвае будаўніцтва і рэканструкцыю станцый абезжалезвання вады ў раённых цэнтрах, аграгарадках  і сельскіх населеных пунктах краіны. Дзякуючы дзяржаўнаму фінансаванню, у Глыбоцкім раёне ўжо здадзены ў эксплуатацыю  такія станцыі ў  Дзеркаўшчыне і Удзела.

На  мерапрыемстве прысутнічалі дырэктар філіяла “Докшыцыводаканал” Андрэй Шнітко, пад кіраўніцтвам якога вяліся будаўнічыя работы, намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкама Андрэй Голубеў, старшыня Пліскага сельвыканкама Васіль Пліско,  жыхары Гатаўшчыны і, вядома ж, глыбоцкія артысты, якія сваім выступленнем упрыгожылі ўрачыстасць.

–У Гатаўшчыне 232 жыхары, у Восава – 78, усяго 310 чалавек, з якіх 179 – нашы водакарыстальнікі. Раней вада па ўтрыманні жалеза не адпавядала санітарным нормам і каб палепшыць яе якасць, якая напрамую ўплывае на здароўе людзей, было прынята рашэнне аб будаўніцтве станцыі. Работы мы вялі з 23 чэрвеня да 28 жніўня  гаспадарчым метадам, што дазволіла сэканоміць дзяржаўныя сродкі амаль у два разы. Фактычныя затраты  па аб’екце склалі 170 тысяч рублёў, – гаварыў у выступленні Андрэй Шнітко. – Для ачысткі артэзіянскай вады пабудавана аўтаматычная станцыя абезжалезвання кантэйнернага тыпу поўнай завадской гатоўнасці прадукцыйнасцю 6,5 метры кубічныя вады ў гадзіну. Устаноўка камплектуецца  поўнасцю аўтаматызаванымі фільтрамі і не патрабуе пастаяннай прысутнасці персаналу для яе абслугоўвання.

Калі гаварыць пра работу філіяла ўвогуле, то ў снежні мінулага года мы ўвялі ў эксплуатацыю такія станцыі ў Дзеркаўшчыне   каштарысным коштам  405, а фактычным – 230 тысяч рублёў і ў Удзела па каштарысу 222, а  па факту – 150 тысяч рублёў.  Летась пабудавалі станцыю абезжалезвання ў Шуневічах, а сёлета ўстанавілі там тры рэзервуары  аб’ёмам па 60 метраў кубічных кожны. Кошт работ – 393,5 тысячы рублёў.  Акрамя гэтага, мы пабудавалі ўчастак водаправоднай сеткі “вуліца Савецкая – ПК-13” за кошт уласных сродкаў, затраціўшы 39 тыс.  рублёў. Цяпер  займаемся капітальным рамонтам і мадэрнізацыяй водаправоднай сеткі па вуліцы Горкага,  плошчы “17 Верасня” і Савецкай. Гэта першы пускавы комплекс, на які выдзелены сродкі  з абласнога бюджэту ў суме 481,7 тыс. рублёў.

На дадзеным этапе вядуцца праектныя работы па бурэнні свідравіны ў Глыбокім, па будаўніцтве станцый абезжалезвання ў Бабічах і Зябках. У 2021-2025 гадах за кошт фінансавання Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця ў Глыбоцкім раёне плануецца праектаванне станцый абезжалезвання ў Карабах, Азярцах, Станулях, Пліса, Прошкава і Шунеўцах.

Традыцыйную чырвоную стужку, якая сімвалізуе гатоўнасць аб’екта да эксплуатацыі, пад апладысменты прысутных жыхароў вёскі Гатаўшчына разрэзалі Андрэй Шнітко, Андрэй Голубеў і Васіль Пліско.

Словы ўдзячнасці за такі  каштоўны падарунак выказалі ўсім, хто займаўся будаўніцтвам станцыі, Андрэй Голубеў,  Васіль Пліско і мясцовая жыхарка Тамара Савёнак.

–Мы не ведаем такой праблемы, як адсутнасць пітной  вады, а між іншым, у свеце 800 мільёнаў чалавек пазбаўлены доступу да яе.  Дзякуючы  пабудаванай станцыі, цяпер  вада ў  жыхароў Гатаўшчыны і Осава  будзе чыстай, без усялякіх хімічных прымесяў. Яны  могуць, не баючыся, гатаваць ежу, купляць дарагія пральныя машыны – адведзены ім  тэрмін яны адпрацуюць без паломак. Спадзяёмся, што з цягам часу  і ў іншых вёсках Пліскага сельсавета з-пад крана будзе цячы  чыстая і смачная вада, – сказаў Васіль Мікалаевіч.

–Цэнім клопат пра нас, вясковых жыхароў, і ўдзячны работнікам  філіяла “Докшыцыводаканал” пад кіраўніцтвам Андрэя Шнітко, і тым, хто працуе на Глыбоцкім участку, які ўзначальвае  Юрый Лінкевіч, Глыбоцкаму райвыканкаму і нашаму сельсавету за тое, што чуеце нас, стараецеся вырашыць хвалюючыя  пытанні і праблемы, што радуеце вось такімі добрымі навінамі і імправізаванымі святамі, – сказала Тамара Іванаўна.

Затым прысутных запрасілі на экскурсію на станцыю, якую правёў майстар водаправоднай гаспадаркі Глыбоцкага ўчастка філіяла “Докшыцыводаканал”, работнік з 32-гадовым працоўным стажам  Канстанцін Патапахін. Ён жа частаваў  усіх жадаючых  ужо ачышчанай вадой, якую з задавальненнем пілі і дзеці, і  самыя старэйшыя жыхары вёскі. А фінальным акордам мерапрыемства стаў здымак на доўгую і прыемную, як чыстая вада, памяць.

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2020г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru