NaviBand на пабыўцы ў Глыбокім

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Карэнні роду Арцёма Лук’яненкі, які разам з Ксеніяй Жук, стварыў музычную групу NaviBand, – на Глыбоччыне.

Яго бабуля Ніна Сцяпанаўна родам з Бервякоў, а дзядуля Васіль Васільевіч Шыкуць з суседніх Мацясоў, што ў Удзелаўскім сельсавеце. Бацькі Арцёма Жанна Васільеўна і Сяргей  Аляксандравіч  жывуць у Глыбокім, дзе нарадзіўся і ён сам. Хлопчык вучыўся ў раённай гімназіі, але яго дапытлівасць і цікаўнасць выходзіла далёка за межы  прадметнага навучання і школьных урокаў.  З малых гадоў Арцём навучыўся гуляць у шахматы. Мог часамі катацца на веласіпедзе. Збіраў і калекцыяніраваў  запчасткі і дэталі. Здзіўляў равеснікаў прыдуманымі фокусамі. Актыўнаму, творчаму і крэатыўнаму юнаку не сядзелася на  месцы і ён гатоў быў спрабаваць сябе ў розных сферах дзейнасці.

Выступаў у клубе вясёлых і знаходлівых пад кіраўніцтвам Анатоля Гіголы. Пісаў у газету. Скончыўшы гімназію, паступіў на факультэт журналістыкі БДУ, праз год стаў вядучым  на радыё “Сталіца”. Але сіла  творчасці аказалася мацнейшай за  выбар яго прафесіі – Арцём пачаў сур’ёзна займацца музыкай. Менавіта яна  дапамагла  нашаму земляку знайсці не толькі блізкага па духу чалавека, але і адчуць  асалоду ад ад свабоднага творчага “палёту”.

У ліпені Арцём і Ксенія Лук’яненкі пабывалі на Глыбоччыне.  Спачатку ў доме адпачынку “Чачалі” ў якасці экспертаў-дэгустатараў  кулінарных страў Радзівілаўскай кухні, што гатавала Алена Мікульчык у рамках праекта “Кулінарная спадчына-2020”, а затым на пабыўцы  дома, дзе гасцяваў у бабулі і дзядулі  іх  сыночак Мацей.

Ганна Шакола з Арцёмам і Ксеніяй

Падчас мерапрыемства Арцём сустрэўся са сваёй былой настаўніцай.

–Я выкладала ў класе, дзе вучыўся Арцём, музыку і спевы. Ён быў таленавітым  хлопчыкам, адкрытым шчырым,  ад якога  зыходзіла дадатная энергетыка, і тым не менш у дзіцячай школе мастацтваў займацца не хацеў. Яго не прываблівала тэорыя, яму хацелася практыкі, а таму ён  з ахвотай хадзіў на рэпетыцыі, удзельнічаў у музычных конкурсах і заўсёды трапляў у тройку пераможцаў –  звычайна займаў другое месца. З аднаго боку было крыўдна, што яго недаацэньваюць, а з другога – гэта матывіравала яго для заняткаў музыкай з мэтай дарасці да лідара. Ён быў церпялівы, умеў сабраць волю ў кулак, канцэнтравацца на галоўным. Ужо тады было бачна, што Арцём – чалавек сцэны, і што ён абавязкова зойме на ёй свае пачэснае месца. Фактычна, так і сталася: Арцём і Ксенія былі ўдзельнікамі міжнароднага конкурсу “Еўрабачанне-2017” і мелі мільённую падтрымку слухачоў, – гаварыла Ганна Шакола. 

Арцём пазнаёміў Ганну Казіміраўну  са сваёй другой палавінкай лёсу і вядучым голасам дуэта NaviBand – Ксеніяй. Ім было аб чым пагаварыць і было чым абмяняцца: Ганна Казіміраўна падарыла Арцёму і Ксеніі  музычны зборнік  “Пад акорды белага раяля”, выдадзены ў 2017 годзе,  а яны  ёй – свой апошні  музычны альбом з паштоўкай NaviBand і  сваімі аўтографамі.

Спляліся ў дуэце галасы, а ў жыцці – пачуцці

–Калі мы пазнаёміліся з Арцёмам я зразумела, што той хлопец, які быў дагэтуль побач са мной, – чужы  і далёкі.  З Арцёмам мне было цікава, бо ён разумеў мяне, умеў слухаць і чуць,  выказваў ідэі і прапановы, якія былі  мне па душы. Даволі хутка я адчула, што Арцём – мой па духу чалавек, і  што я хачу быць з ім побач у творчасці і ў жыцці, – кажа Ксенія. –  Аб’яднаў нас інтарэс, зблізіла музыка,  а песня  “Абдымі мяне”, якую мы напісалі разам, спляла ў дуэце не толькі нашы галасы, стала  радыёхітом  і пачаткам  музычнай кар’еры, але і заклала падмурак нашага  сямейнага жыцця.

– Я быў не багатым студэнтам, а хацелася нечым здзівіць Ксенію, і  я эканоміў, збіраў стыпендыю, каб мы змаглі разам  адпачыць. Паездка ў Грузію стала нашым першым  сумесным незабыўным  падарожжам. Сябравалі і прыглядаліся мы адзін да аднаго нядоўга, усяго паўгода,  а тады пажаніліся. Паасобку мы былі дзве палавінкі, а разам – сталі  адным цэлым і былі перакананы, што зможам  многае, – кажа Арцём.

Як чалавек крэатыўны ён прыдумаў цэлы спектакль-розыгрыш у фінале якога зрабіў Ксеніі прапанову стаць яго жонкай і надзеў на яе палец, які дзяўчыне свярбеў за дзень да падзеі, заручальны пярсцёнак.

Яна разам ужо сем гадоў і  за гэты час ні разу не пашкадавалі аб тым, што зрабілі крок насустрач адзін аднаму. У іх сумесным жыцці, якое некалі пачалося з падарожжа,  усталявалася добрая  традыцыя: кожны Новы год яны сустракаюць у розных  гарадах  і краінах. Ужо пабывалі ў Львове, Рызе,  Вільнюсе,  Нью-Ёрку… Кожная паездка, па словах маладых людзей, абагачае іх жыццё новым вопытам, сустрэчамі, цікавымі знаёмствамі і незабыўнымі ўражаннямі, дае  магчымасць вывучаць сусветную музычную культуру і несці ў свет сваю, нацыянальную, адчуваць свабоду творчасці, якая не мае межаў.

Два гады назад Арцём і Ксенія сталі бацькамі. Як Мацей крыху падрос, ездзілі на выступленне разам з ім. Хлопчык змалку чуе музыку, любіць іграць на дзіцячай  ўдарнай устаноўцы і, хто ведае, магчыма, у будучым дуэт NaviBand ператворыцца ў трыа ў складзе з юным выканаўцам.

Ну а ў звычайным жыцці  ў Арцёма і Ксеніі  падобныя на нашы паўсядзённыя клопыты: трэба рабіць рамонт у кватэры, карміць сям’ю, выхоўваць сына, адведваць бацькоў, не губляць сувязі з сябрамі і аднакласнікамі…

“Гісторыя майго жыцця” на “Еўрабачанні”

2014 год быўдаволі “ўраджайным” для  дуэта  Navi (такой была першапачатковая назва): выйшаў дэбютны альбом “Лаві” і акустычны – “Сонцам сагрэтыя” з песнямі на беларускай мове. Творчасць маладых выканаўцаў даволі высока ацаніла спявачка Дзіяна Арбеніна, з якой Арцём і Ксенія выступілі на двух канцэртах групы “Начныя снайперы”. А затым былі іх сольныя канцэрты ў Маскве, удзел у фестывалях Дружбы, у музычных вечарах у Мірскім палацы…

У 2015-м годзе  дуэт стаў групай, а песня  “Абдымі мяне” прынесла яе выканаўцам  званні Лаўрэатаў Нацыянальнай музычнай прэміі “Ліра” ў намінацыі “Лепшая песня на беларускай мове”. Арцём і Ксенія сталі намінантамі прэміі “Героі году”.  Выступалі на “Славянскім базары” ў Віцебску, з сольнымі канцэртамі  ў Санкт-Пецярбурзе і Варшаве. Выпусцілі  сінгл (грампласцінка на адным  баку якой запісана толькі адна песня) “Гэта зямля” і выйшлі ў фінал нацыянальнага адбору міжнароднага конкурсу “Еўрабачанне-2016”, але па выніках  галасавання гледачоў  дуэт заняў чацвёртае месца.

–У нас  з Ксеніяй  быў цэлы год часу для падрыхтоўкі да паўторнага ўдзелу. На конкурсную сцэну “Еўрабачання”, а праходзіла яно ў Кіеве, мы ўзышлі з песняй “Гісторыя майго жыцця”. Адчувалі надта вялікую адказнасць, бо прадстаўлялі  сваю краіну ў свеце, – гаворыць Арцём.

І хоць па выніках група  NaviBand заняла 17-е месца,  беларускі  голас быў чутны на сусветнай культурнай прасторы. Маладыя людзі справіліся з эмоцыямі і працягвалі працаваць. У тым жа годзе выдалі  альбомы “Ілюмінацыя” і “Адной дарогай”, напісалі музыку да спектакля “Весы” прэм’ера якога праходзіла ў ММАТ імя Чэхава. Пасля нараджэння  сына ў 2018 годзе Арцём і Ксенія  адправіліся разам з ім у музычнае турнэ па Еўропе. 

–Пяты  па ліку музычны альбом мы  выпускалі   ў Кіеве ў 2019 годзе – зрабілі самі сабе  выдатны падарунак на Новы год.  Яго саунд-прадзюсарам быў Віталь Цялезін, які працаваў з вядомымі спевакамі Расіі і Украіны. Праект не танны, але мы лічам, што заробленыя грошы павінны ўкладваць у развіццё, расці  і развівацца творча, пашыраць геаграфію нашых выступленняў, – гаворыць Арцём.

Напярэдадні правядзення  II  Еўрапейскіх гульняў ў Беларусі  праходзіла эстафета “Полымя міру”. Арцём і Ксенія Лук’яненкі былі яе ўдзельнікамі і пранеслі алімпійскі агонь па Глыбоччыне.

–Мы жывёму Беларусі і любім яе, але, як і  для ўсіх музыкантаў і творцаў, наш дом – гэта  ўся планета. Будзем старацца, каб яе жыхары даведваліся пра нашы традыцыі, культуру і мову з нашых выступленняў, – сказаў Арцём.

На здымках: ;   група  NaviBand у складзе Арцёма ( вакал, гітара), Ксеніі (вакал, клавішы), Аляксандра Табольскага (электрагітара), Уладзіслава Чашчавіка (бас), Уладзіміра Бегера (ударнікі); апошні альбом групы і аўтографы яе выканаўцаў.

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2020г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru