У фотааб’ектыве наш горад: як было, што зроблена, як стала

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

У № 59 за 22 ліпеня газеты “Веснік Глыбоччыны” мы пісалі пра добраўпарадкаванне, якое актыўнымі тэмпамі вядзецца ў горадзе, і з дапамогай фотаздымкаў паказвалі  відавочную розніцу паміж тым як было і як стала цяпер у любімых куточках горада. Сёння мы працягваем цыкл матэрыялаў пра абнаўленне Глыбокага.

За тыдзень да “Вішнёвага фестывалю”  работа  спорылася адразу на трох гарадскіх аб’ектах:  па вуліцы Маладзёжнай каля дзіцячага садка №3, каля дзіцячага садка №4  і на вуліцы Калініна.

На ўкладцы асфальту на вулічным участку і на тратуарнай дарожцы  агульнай плошчай 189 метраў квадратных працавала брыгада старшага майстра ДРБУ-145 Ігара Пракапёнка ў складзе  рабочых Руслана Казачка, Антона Кобзіка, Алега Петуха, машыністаў-асфальаўкладчыкаў Івана Рудзько,  Юрыя Алінцэвіча і Усціна Пятрагі. На аб’екце былі задзейнічаны 7 адзінак тэхнікі, у тым ліку 2 дзесяцітонныя МАЗы. На згаданым участку было ўкладзена больш за 40 тон  асфальтабетону. Цяпер тут роўна, гладка, хапае месца  для праезду  машын, зручна і бяспечна для дзяцей, якія ідуць у садок.

Завершаны рамонтныя работы і на ўчастку пад’язной дарогі, што вядзе да дзіцячага сада№4 па вуліцы Леніна,14. Тут для бяспекі маленькіх пешаходаў пракладзена тратуарная дарожка, пашырана і  заасфальтавана стаянка для аўтамабіляў.  Запланаваныя будаўнічыя работы закончаны і на вуліцы Калініна.

– Па Калініна мы   асфальтавалі тратуарную дарожку даўжынёй 543 метры і шырынёй 1 метр 20 сантыметраў, а гэта 650  квадратных метраў. Па тэхналогіі таўшчыня слоя асфальту 4-4,5, а на з’ездах у двары і  ў завулкі – да 6 сантыметраў. Для работ нам спатрэбілася  амаль 70 тон асфальтавай сумесі, – гаворыць майстар ДРБУ-145 Віктар Бандарэнка. – Разам са мной тут працавалі майстры Аляксандр Банькоўскі і Андрэй Цяліца,  рабочыя Сяргей Коўган, Станіслаў Пучынскі, Юрый Кахнюк, Віктар Бабенка, Генадзь Свідэрскі, Юрый Міхалевіч, а таксама вадзіцель пагрузчыка Анатоль Махальскі і  МАЗа – Васіль Шаурка.

Падчас майго знаходжання на аб’екце, пагаварыла з гаспадаром дома №8 па вуліцы Калініна Пятром Ісідоравічам, які майстраваў у сваім двары новыя прыступкі.

– І работнікі філіяла прадпрыемства электрычных сетак і будаўнікі ДРБУ-145 папрацавалі тут добра. Паклалі новыя бардзюры, тратуарную дарожку падсыпалі, падраўнялі, заасфальтавалі. Аж не верыцца, што цяпер выходзіш за веснічкі і ногі па роўным ідуць. Наш двор ніжэй узроўню дарожкі аказаўся, таму раблю прыступачку, каб было зручней сыходзіць. Каля хаты  што падрамантуеш, зробіш – радуешся, такое ж адчуванне задаволенасці і ад таго, што робіцца ў горадзе. Мы тут жывём, самі для сябе якасць і камфортнасць жыцця павялічваем, гэта прыемна, – кажа мужчына.

Размову падтрымаў і жыхар дома № 24 Іван Васюковіч.

– Я жыву на вуліцы  Калініна з 1961 года. Тады  ў нас яшчэ не было ні асфальту, ні тратуараў. Памятаю, падсыпку вуліцы і першыя ходнікі зрабілі  толькі  ў 1990 годзе, і я  па іх  44 гады хадзіў на работу. Ад таго часу, а гэта трыццаць гадоў прайшло, акрамя ямачнага работу на нашай вуліцы ніякія работы не праводзіліся.  Сёлетнім летам  наша вуліца ажыла, а разам з ёй і ўсе мы, яе жыхару, бо ппрыемна, калі ў жыцці нешта мяняецца да лепшага. Работнікі УП ЖКГ зрабілі падсыпку. Мае былыя калегі з філіяла Глыбоцкіх электрычных сетак, дзе я  адпрацаваў 32 гады вадзіцелем, паклалі новыя бардзюры, а брыгада ДРБУ-145 паклала новенькі асфальт. Атрымалася, як кажуць, блісь ды ясь, – сказаў Іван Міхайлавіч.

Добраўпарадкаванне ў горадзе, на якое ўжо  пайшло больш за 100 тысяч бюджэтных сродкаў,  працягваецца.

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2020г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru