Бацька і сын Зубко працуюць на адным аб’екце: узводзяць шматкватэрны дом у Шаркоўшчыне

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Сяргей Цімафеевіч нарадзіўся ў Капыльшчыне, скончыў Глыбоцкае  СПТВ-31 і з таго часу  круціць “баранку”.  А пачынаў ён сваю працоўную біяграфію ў  калгасе “Зара” пры Іване Снарскім за рулём ГАЗ-53. Затым служыў ў ракетных войсках у Фрунзе ў Кіргзіі, быў вадзіцелем ЗІЛа-131. Пасля дэмабілізацыі нейкі час працаваў на грузавым “Мэрседэсе”  ў прыватнай фірме і  вось ужо 11 гадоў,  ён – вадзіцель Глыбоцкай ПМК-48.

– За гэтыя гады я аб’ездзіў амаль  усю Беларусь: Брэст, Калінкавічы, Магілёў, Салігорск, Віцебск, Наваполацк… Люблю дарогу і адчуваю сябе за рулём падарожнікам, перад якім адкрыаюцца невядомыя дагэтуль гарызонты. Цяпер будуем шматпавярхоўку.  За дзень “накручваю” па 520 кіламетраў і рад таму, што вынікі працы ўжо бачны. Дом падрастае паверхамі і  мне прыемна, што ў гэтым ёсць і часцінка майго старання, – гаворыць мужчына.

Ад таго, што  будаўніцтвам кіруе  Сяргей Зубко-малодшы, дыскамфорту не адчувае, а наадварот: ганарыцца тым, што  сын “вырас” да майстра, і што ў свой час бацькі дапамаглі яму зрабіць правільны выбар.

Па словах Сяргея Зубко-малодшага, прафесія яго знайшла сама.

– Я вучыўся ў СШ№1 горада. У старэйшых класах канікулы ператвараў у чацвёртую працоўную чвэрць. канікулы працаваў.  Мой дзядзя Сяргей Пятровіч Кожух, які на той час узначальваў Глыбоцкую ПМК-48,  браў  мяне  на работу падсобным рабочым у ПМК-48, і я цэлае лета  быў па прафесіі “прынясі-падай”: што скажуць, тое і рабіў. На той час я ў прамым сэнсе слова лічыўся непаўналетнім мільянерам.  Заробленыя грошы  аддаваў маме, за іх мы  куплялі ўсё неабходнае да школы і на марожанае яшчэ хапала. Пасля школы мы на сямейным савеце вырашылі, што будаўнік – прафесія запатрабаваная пры любой сітуацыі, што яна дае  патрэбныя веды і навыкі, з якімі  ў жыцці не прападзеш, – расказвае Сяргей. –  Я пайшоў па слядах “бацькі”, толькі  вучыўся крыху па іншым профілі. Атрымаў прафесію каменшчыка і вадзіцеля ў СПТВ-168. Затым паступіў у Віцебскі індустрыяльна-будаўнічы коледж. Атрымаўшы дыплом, мог застацца там і працаваць па спецыяльнасці, але душа  клікала на радзіму.

З 2018 года Сяргей уладкаваўся каменшчыкам  у  ПМК-48 і заклаў першыя цаглінкі ў сцены новага дзіцячага садка ў мікрараёне Паўночны. Затым яго прызначылі брыгадзірам будаўніча-мантажных работ. У падпарадкаванні ў маладога кіраўніка  было шэсць чалавек, але рабочыя ведалі яго, ён – іх –  у міні-калектыве было і  ўзаемаразуменне, і ўзаемападтрымка. Адчуўшы, што будаўніцтва — яго сфера дзейнасці, Сяргей  паступіў  завочна  на факультэт грамадзянскага будаўніцтва ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Цяпер ён – студэнт-завочнік і адначасова майстар, які разам з прарабам Ігарам Сямчонкам адказваюць за будаўніцтва   жылога дома ў Шаркоўшчыне.

– На аб’екце працуюць 26 чалавек.  Арганізоўваю рабочы працэс, сачу за дысцыплінай, кантралюю якасць будаўнічых работ і выкананне правілаў тэхнікі  бяспекі. Работа адказная, але, як кажуць,  вочы баяцца, а рукі робяць. Навыкі ёсць, памочнікі – пабач, калегі па рабоце – не першы год на будоўлі, таму работа спорыцца. Працуем  вахтавым метадам: тры дні праз тры і фактычна без прастояў – сем дзён у тыдзень. Дом здадзём  у  эксплуатацыю сёлета і будзем радавацца гэтаму  разам з навасёламі, – кажа Сяргей Сяргеевіч.

Малады чалавек  кажа, што яму пашчасціла з калектывам і з выбарам прэстыжнай спецыяльнасці, што заробкі задавальняюць і што ў перспектыве  не супраць кар’ерна “падрасці”. А пакуль ён –  выканаўца будаўнічага праекта і адначасова аўтар праекта ўласнага жыцця, у якім, без сумневу, будзе і  сям’я, і пабудаваны ўласнаручна прыгожы дом, дзе абавязкова паселіцца шчасце.

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2020г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru