Працаўнікі Мосарскага льнозаводу завяршаюць церабленне льну

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

У гэтыя дні ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Мосарскі льнозавод” завяршаецца церабленне льну. Працаўнікам завода трэба ўбраць даўгунец на плошчы ў 900 гектараў.

Мосарскі льнозавод

Штодзень на палеткі выходзіць восем адзінак тэхнікі, і працэнт убраных плошчаў складае на сённяшні дзень каля 70%. Па словах дырэктара акцыянернага таварыства Віктара Кейзіка, калі  надвор’е дазволіць, то церабленне даўгунцу будзе завершана менш, чым за тыдзень. Потым ільнотраста будзе вылежвацца, як любяць гаварыць ільнаводы, пад жнівеньскімі росамі. Пры цёплым вільготным надвор’і, якое спрыяе хуткай і раўнамернай вылежцы, – да трох тыдняў, пры сухім лянок застанецца  на полі больш за месяц.

Каб паглядзець, як ідзе церабленне льну, пазнаёміцца з механізатарамі, якія занятыя сёння гэтай адказнай справай, колькі дзён таму разам з Віктарам Кейзікам пабывалі на льняным палетку недалёка ад вёскі Шунеўцы. Гэта адзін з многіх у структуры пасеваў ільну плошчай 290 гектараў.  Спыніўшы машыну, Віктар Пятровіч павітаўся з механізатарамі, якім якраз прывезлі гарачы абед, і вопытным гаспадарскім позіркам акінуў поле.

–Якасць работы ў нас – на першым месцы, бо пры няякасным церабленні грошай на льне не заробіш, – гаворыць Віктар Пятровіч і тлумачыць: ільняныя стужкі павінны ісці роўненька, не накладвацца адна на адну, і “хвастоў” пасля льнокамбайна не павінна заставацца. Але ўсе механізатары ў нас вопытныя, справу сваю ведаюць, з вялікім стараннем і строгім захаваннем тэхналогіі і сеюць, і даглядаюць, і ўбіраюць лён.

Зараз на церабленні льну ў нас задзейнічаны Аляксандр Сайкоўскі, Сяргей і Дзмітрый Мурзічы, Дзмітрый Лысёнак, Франц Кавалеўскі, Пётр Лаўрыновіч, сёлетні выпускнік Глыбоцкага дзяржпрафліцэя Сяргей Кулік і малады, але ўжо вопытны механізатар Антон Паўловіч.

–Ураджай ільну сёлета, у параўнанні з двума мінулымі гадамі, нядрэнны. Мы плануем  нарыхтаваць каля 3 тысяч тон ільнотрасты пры сярэдняй ураджайнасці 3,5 тон з гектара. Усё трасту плануем убраць механізаваным спосабам, – расказвае Віктар Пятровіч. – Нашы механізатары працуюць зараз “ад расы да расы”. Тут, ля Шунеўцаў, завяршаюць церабленне, а на палетку ля вёскі Кухты, напрыклад, ужо прайшлі, сабралі трасту ў рулоны прэс-падборшчыкі. Зараз рулоны мы звозім. Першыя 100 тон ільнотрасты новага ўраджаю ўжо перавезены на завод.

 Па арганізацыі і тэмпах работ калектыў Мосарскага льнозавода ў вобласці заўсёды ў ліку лепшых. І сёлета перадавых пазіцый мосарскія льнаводы не здаюць. У гэтым, безумоўна, вялікая заслуга вопытнага кіраўніка Віктара Кейзіка (на пасадзе дырэктара льнозавода ён працуе 25-ы год!), які  ўмее граматна арганізаваць вытворчасць і матываваць людзей.

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2020г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru