Памідорныя “джунглі” Івана і Святланы Бервячонкаў

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Зямля – вялікая каштоўнасць і  бясцэнны клад,  авалодаць якім могуць толькі працавітыя рукі.  Зямля корміць,  дае  чалавеку сілу  і магчымасць адчуваць сябе шчаслівым. Зямля выхоўвае гаспадара, які ведае кошт мазаля і заробленага рубля. Зямля вучыць людзей  пакідаць на ёй глыбокія  працоўныя сляды,  па якіх у дзень заўтрашні ўпэўненым крокам  будуць ісці наступныя пакаленні… Для кагосьці гэтыя словы – прыгожая патэтыка, а для  Івана і Святланы  Бервячонкаў з Дзеркаўшчыны –  сялянская ісціна, якую яны спасцігалі змалку.

Пуцёўку ў жыццё ім дала родная вёска

Іван – адзін з трох дзяцей Івана Іосіфавіча і Ліліі Уладзіміраўны Бервячонкаў –  нарадзіўся і вырас у Квачах, скончыў Карабоўскую школу. Яго маці працавала даяркай, з раніцы да позняга вечара шчыравала на ферме, бацька быў вадзіцелем пажарнай машыны на комплексе “Маліноўшчына”.

– Нягледзячы на  занятасць, бацькі трымалі вялікую гаспадарку, каб і сабе есці хапала, і  каб рубель  лішні падзарабіць. Гадавалі  кароў,  курэй, вутак,   трымалі трох свінаматак, прадавалі парасят. Займаліся адкормам бычкоў, якіх  затым здавалі на  мяса.  Мы бачылі, як стараюцца бацькі  дзеля нас і, як маглі, памагалі ім. Не цураліся ніякай працы:  хадзілі за плугам, касілі, сена сушылі, дровы шчапалі, агароды палолі, ахрап’е збіралі  свіням, рэзалі яго на сячкарні, жывёлу кармілі і  сабе есці прыгатаваць  умелі. Мама і тата не заканчвалі інстытутаў, але  далі нам  сапраўды бясцэнныя  веды  і незамянімыя практычныя навыкі, якімі я ў сваім самастойным жыцці  карыстаюся кожны дзень, – гаворыць Іван Іванавіч.

Пасля школы  ён  вучыўся ў СПТВ-168 на трактарыста-вадзіцеля, а практыку, можна сказаць, праходзіў  у арміі:  служыў у вайсковай часці імя Заслонава ў Лепелі – вазіў камандзіра 19-ай базы захоўвання ўзбраення і тэхнікі. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў “Канстанцінаў Двор”. Спачатку працаваў па спецыяльнасці, затым адвучыўся на зваршчыка, змяніў профіль  і месца работы. Пераехаў у Глыбокае, працаваў на мясакамбінаце, быў вадзіцелем у прыватніка, але ўсё гэта яго не задавальняла. Не хапала справы, да якой  ляжала б душа…

Святлана родам з Дзеркаўшчыны. Скончыла сярэднюю школу,  у СПТВ-168 вывучылася на повара. Дыпламаваным спецыялістам вярнулася ў “Канстанцінаў Двор”, працавала ў сталовай. Прыгожая і вясёлая, шчырая і руплівая ў працы  ды яшчэ майстрыха-кухарка, яна была зайздроснай нявестай. З Іванам Святлана пазнаёмілася, як кажуць,  у дарозе – разам хадзілі на вечарыны ў клуб. Спачатку пасля танцаў ён падводзіў яе дамоў,  затым  катаў на сваім новенькім “Юпітэры-5”, пазней прымаў яе запрашэнне і заходзіў на каву, да якой дзяўчына выпякала ўсялякія прысмакі.  Іх паходы і паездкі закончыліся вяселлем.

– Многія равеснікі, пажаніўшыся, павыязджалі ў гарады. Паспрабавалі і мы са Светай гарадскога хлеба. Здымалі ў Глыбокім дом, працавалі там, але праз гады тры не вытрымалі:  жыццё ў чужых сценах без перспектывы справіць наваселле  ва ўласным доме  нас не задавальняла. Вярнуліся ў Дзеркаўшчыну, купілі  старую  хату, у якой даўно ніхто не жыў, закасалі рукавы і пачалі тут  будаваць і  сваё  жыллё, і  сваё жыццё, – гаворыць гаспадар, седзячы на ганку дыхтоўна адбудаванай сваімі рукамі хаты.

Універсальны гаспадар

Першым аб’ектам, узведзеным на прысядзібным участку маладым гаспадаром-будаўніком, стала зробленая яго рукамі лазня. Затым Іван перарабляў, дабудоўваў хату, перакрываў дах, устаўляў вокны і дзверы, займаўся ўнутранай аддзелкай і планіроўкай. Паглядзеўшы на дом, можна смела сцвярджаць, што  гаспадар экзамен на  будаўнічую прафпрыдатнасць здаў. Але  ўсе гэтыя 14 гадоў мужчына  займаўся  не толькі будаўніцтвам – ён яшчэ распачаў і  развіваў уласную справу.

Паглядзеў, як у Ваўках знаёмы  вырошчвае памідоры, і яму захацелася паспрабаваць.  Пад эксперыментальную пляцоўку адвёў усяго сотку зямлі ля хаты. Першы агранамічны  вопыт  аказаўся ўдалым. Муж і жонка і сабе  памідораў на зіму назакручвалі, і  паўтара месяца іх прадавалі. Кажуць, бывалі дні, што  па дзве сотні рублёў  у дзень на рынку зараблялі. Матывацыя рублём дала сілы і ўзмацніла жаданне Івана ўдасканальвацца ў  гэтым накірунку.

– Мы з жонкай, якая поўнасцю мяне падтрымлівае і ва ўсім дапамагае,  адвялі  пад памідоры  спачатку 30, а затым 47 сотак агароду. А пачаў я  з таго, што  пабудаваў пад зямлёй ацяпляльныя памяшканні для расады. Тады нарабіў цяпліц, падвёў туды ваду для паліва, папярэдне прабурыўшы на агародзе ўласную свідравіну,  сканструя-
ваў сістэму ацяплення, паставіў там канапу, каб было дзе прысесці на начных дзяжурствах, якія мы па чарзе неслі з жонкай. Паколькі  зямля стала  асноўнай  крыніцай сямейных  прыбыткаў, трэба было, каб вытворчасць гародніны была эфектыўнай і даходнай, – у словах Івана Іванавіча адчуваецца  пазіцыя эканаміста-бухгалтара. – Параіліся з жонкай і зрабілі так: з кастрычніка да лютага выро-
шчваем у цяпліцах цыбулю-сявок на пяро, затым высаджваем расаду ранніх агуркоў, прадаём іх  і садзім памідоры. Круглагадавы цыкл забяспечаны: і зямля, і самі пастаянна пры справе і з пастаянным рублём.

Іван Іванавіч, як запраўскі аграном  расказвае пра тэхналогію вырошчвання гародніны.

– Паехаў  у Стаўрапольскі край,  купіў оптам 60 тон сяўка з разлікам, каб хапіла на пяць пасадак. Цыбуля расце 20-25 дзён, а затым пяро зразаю і прадаю ў  Мінск. Летась, напрыклад, за сезон вырасцілі каля 4 тон  зеляніны, 7 тон агуркоў і 16 – памідораў. Калі гаварыць пра заробкі, то па 700-800 рублёў у месяц на чалавека выходзіць. Будзем старацца і развівацца  – атрымаем больш, – перакананы мужчына. – Што датычыць памідораў, то я пераспрабаваў для пасадкі больш за 150 гатункаў. Найлепш адаптаваўся да нашай зямлі і цяплічных умоў галандскі самаапыляльны  “Бёрн”. Сёлета пасадзіў яго  2,5 тысячы штук. У адкрытым грунце растуць чырвоныя, жоўтыя, чорныя, нізка- і высокарослыя гатункі “Каця”, “Дзіна”, “Супернова”, “Сіндзель”, “Бруклін”,  “Бронзан”, насенне якіх заказваю праз брэсцкую фірму. Растуць у мяне памідоры на сонечным баку і ў зацені. Назіраю, аналізую, раблю вывады на перспектыву, дзе, што, як і колькі садзіць, – стратэгія і тактыка, па ўсім бачна, у гаспадара ўжо выпрацавана.

Прайшліся па ўчастку, дзе  памідорныя барозны нагадваюць бульбяныя, дзе кропельны паліў   працягам  2 кіламетры 700 метраў падведзены пад кожнае каліва, дзе кожны рад усцелены саломай, каб прадукцыя нізкарослых гатункаў не падгнівала на зямлі. Побач з цяпліцамі ладны кавалак зямлі заняты клубніцамі. Бачна, што гатунак завадны  – ягады вялікія, прыгожыя і салодкія на смак.

– За расадай я ездзіў у Шчучын Гродзенскай вобласці. Там жыве галандзец, які ажаніўся на беларусцы, застаўся ў нас і займаецца вырошчваннем  ягад. Сёлета атрымалі першы ўраджай, – хваляцца гаспадары.

Але і гэта яшчэ не ўсё.  Бервячонкі гаспадараць на пяці гектарах зямлі:  сеяць збожжа і травы, сушаць сена, рулоняць, прадаюць яго і вырашчанае збожжа.

А не так даўно Іван Іванавіч заняўся добраўпарадкаваннем участка, які прымыкае да яго сотак. Раней тут была стыхійная звалка,  куды звозілі смецце з усёй вёскі. Ён вывез увесь хлам,  расчысціў месца, выкапаў сажалку, добраўпарадкаваў гэты куточак і, дзеля эксперыменту, высадзіў 250 туй. Сам сабе яшчэ дадаў работы, без якой ён проста не ўяўляе жыцця.

– Устаю ў чатыры раніцы, кладуся далёка за поўнач, але, паверце, ані не стамляюся. Толькі-толькі  ружавее  золак, а я ўжо на нагах. Раблю  каву, іду ў
цяпліцу, сяджу, любуюся гронкамі “чырвонашчокіх” памідораў і так спакойна і радасна на душы!  Ад таго, што  гаспадар,  маю любімую справу і сям’ю, што пабудаваў дом, пасадзіў не адно дрэва, выгадаваў сына і дачку, а цяпер  мару пра ўнукаў, якім хачу перадаць сваю справу.

Трактарыст, вадзіцель, аграном, даследчык-навуковец, будаўнік, інжынер-канструктар, эканаміст, прадавец… Іван Іванавіч  – універсальны спецыяліст. “З такім чалавекам, як Ваня, мне ў жыцці нічога не страшна”, – сцвярджае  жонка Святлана.

Маладая змена

У сям’і Бервячонкаў двое дзяцей. Старэйшы  Андрэй  – студэнт  фельчарска-акушэрскага  факультэта Барысаўскага медыцынскага коледжа.  За год вучобы ад роднай Дзеркаўшчыны ён не адвык. Пры любой магчымасці спяшаецца дадому, дзе так патрэбны яго рукі памагатага. Малодшая Алеся – васьмікласніца. Вучылася ў музычнай школе, займаецца спортам, удзельнічае ў  прадметных алімпіядах і, вядома ж, дапамагае  тату і маме спраўляцца з вялікай памідорнай гаспадаркай. Кім яна стане ў будучым, не ведае, але прызнаецца, што ёй падабаецца рабіць прычоскі і  гэтым радаваць людзей. Вечарам,  зрабіўшы кароткую перадышку, сям’я збіраецца на прыступках роднай хаты. Гавораць, раяцца, абмяркоўваюць,
падлічваюць, плануюць і радуюцца Божаму дню, дадзенаму для добрых спраў і для працы на
роднай зямлі.

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2020г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru