Сёлета УП “Глыбоцкі мясакамбінат” прадаўжае актыўную работу па вырабу новых відаў прадукцыі.

– Пры гэтым мы не канцэнтруем увагу на асобных групах, а працуем па ўсім, а гэта больш за 250 найменняў прадукцыі – асартыменце: і па сацыяльна-значымых таварах, і па прадуктах дэлікатэснай групы. За I паўгоддзе гэтага года мы вырабілі 20 новых відаў прадукцыі, якая прыйшлася да смаку нашым партнёрам, заказчыкам і пакупнікам. Сярод іх зельцы “Сальцісон Польскі з карнішонамі” і “Чырвоны па-чэшску”, каўбаса сыравэнджаная “Навінка” вышэйшага гатунку; новая лінейка “На дрывах” – варана-вэнджаныя каўбасы незвычайнай геаметрычнай формы і прадукцыя класа “прэміум” групы сыравяленых з ялавічыны, такі, як “Тар-тар з духмяным перчыкам”, – расказвае галоўны тэхнолаг прадпрыемства Таццяна Саковіч. – Некалькі гадоў перад “Вішнёвым фестывалем” мы частавалі яго ўдзельнікаў і гасцей “вішнёвай” каўбаскай і шашлыком з вішнямі.

Сёлета падрыхтавалі зусім новы прадукт – сыравялены рублены “Тар-тар Глыбоцкі” з вішняй – прэзентацыя і дэгустацыя якога і адбудзецца на свяце. Хачу адзначыць, што прадукт – з серыі элітных, вырабляем мы яго са свежай астуджанай ялавічыны, якая пасля пасолу і гатоўнасці прыпраўляецца спецыямі і вострай прыправай, а таксама свежымі ці сушанымі ягадамі, у нашым выпадку, вішнямі.

Далей прадукцыя, упакаваная ў спецыяльную ядомую абалонку, падпрэсоўваецца ў спецыяльных формах, а затым крыху падвэнджваецца дымам ад спальвання букавай шчапы. У выніку атрымліваецца пахучы прадукт з незабыўным смакам, які ўпрыгожыць любы святочны, у нашым выпадку, вішнёва-фестывальны стол.
