Аб будаўніцтве жылля, школы і аб’ектаў сацыяльнага прызначэння ў Глыбокім расказвае Аляксандар Латышонак

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Глыбокае – гэта горад рытму, руху і дынамікі, якія спрыяюць прыемным зменам і радуюць яго жыхароў.

Глыбокае. Фотаздымак Андрэя Панкрата

Будуецца жыллё, узводзяцца аб’екты сацыяльнага прызначэння, адкрываюцца магазіны, вядзецца  рамонт дарог і добраўпарадкаванне гарадскіх тэрыторый… Усё гэта робіцца ў адпаведнасці  з горадабудаўнічым праектам “Генеральны план горада Глыбокае”.  Аб тым што ўжо зроблена, што знаходзіцца ў працэсе будаўніцтва і якая перспектыва закладзена ў ім гаворым з  начальнікам  аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Аляксандрам Георгіевічам Латышонкам.

– Галоўнае пытанне для любой сям’і – гэта жыллё. Якімі тэмпамі вядзецца  яго  будаўніцтва  ў Глыбокім?

– Даволі інтэнсіўна  ідзе  шматкватэрная жылая забудова і індывідуальнае будаўніцтва.  Кватэрная забудова – гэта жылы мікрараён Паўночны-2. Сюды падведзены  інжынерна-тэхнічная інфраструктура  – газ, вада, каналізацыя – і сувязь, зроблены пад’язныя дарогі. У двух здадзеных у эксплуатацыю пяціпавярхоўках ужо атрымалі кватэры з выгодамі і  справілі наваселле 120 сем’яў. У трэцім квартале гэтага года будзе завершана будаўніцтва трэцяга 60-кватэрнага дома, а гэта плюс  3 тысячы метраў новага камфортнага жылля  па вуліцы Паўночнай, 39.  У наступным годзе будаўніцтва шматкватэрных дамоў у мікрараёне Паўночны-2 будзе працягнута. Згодна праектнай дакументацыі тут  будуць узведзены  восем  60-кватэрных дамоў. Тэрмін будаўніцтва кожнага новага дома – прыкладна 9-11 месяцаў.

Ужо падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя і аб’яўлены тэндар па вызначэнні падраднай арганізацыі, якая будзе ўзводзіць 40-кватэрны жылы дом па вуліцы Леніна, 133 А. Будаўніцтва распачнецца ў гэтым годзе.

Што датычыць індывідуальнай забудовы, то цяпер яна  актыўна ідзе ў раёне  Радужнай і ахоплівае  першы, другі і трэці завулкі  Радужныя, вуліцы Полацкую, Корсака, Вішнёвую і Варанкевіча. Прыватнікі будуюць дамы, а мы падводзім да іх  вада- і газаправод, каналізацыю, дарогі, абуладкоўваем дзіцячыя пляцоўкі.

Пад далейшае індывідуальнае будаўніцтва   будуць адведзены землі ў раёне вуліцы Шмырова ў Глыбокім. Горадабудаўнічы праект  згаданага жылога мікрараёна   будзе гатовы ўжо ў гэтым годзе.

Сёлета  запланавана ўвесці ў эксплуатацыю  не менш за 6 тысяч 150 метраў квадратных жылля, з якіх 3 тысячы квадратных метраў — гэта дом на Паўночнай,39 і  3 тысячы 150 метраў —  індывідуальная забудова. Думаю, што намечаныя абавязацельствы мы выканаем.

– Размовы  аб  неабходнасці будаўніцтва ў Глыбокім чацвёртай сярэдняй школы вяліся даўно. Цяпер, гледзячы па ўсім,  яны пяройдуць у справу і планы стануць рэальнасцю?

– У Глыбокім дзве гарадскія  школы – СШ№№2 і 3 – займаюцца ў дзве змены. Аблегчыць умовы навучання для дзяцей і працы – для педагогаў дапамагло б будаўніцтва чацвёртай  гарадской школы. Старшыня райвыканкама Аляксандр Шубскі выступаў з гэтай ініцыятывай з першых дзён работы ў нашым раёне. Яго ініцыятыва знайшла падтрымку падчас  прыезду ў Глыбокае  Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігара Сергіенкі і старшыні  Віцебскага  аблвыканкама Мікалая Шарстнёва. Было дадзена даручэнне аб распрацоўцы неабходнай дакументацыі. У перспектыве  на зарэзерваванай тэрыторыі паміж жылымі мікрараёнамі Паўночны-1 і Паўночны-2 і плануецца будаўніцтва 4-й сярэдняй школы.

– Якая сітуацыя ў плане  будаўніцтва  аб’ектаў сацыяльнага прызначэння?

– Пад асабістым  кантролем Аляксандра Мікалаевіча і пры падтрымцы старшыні Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, нашага дэпутата Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі  вядзецца рэканструкцыя фізкультурна-аздараўленчага цэнтра. У наступным годзе аб’ект плануецца здаць у эксплуатацыю. Жыхары горада і раёна атрымаюць выдатны падарунак: ездзіць у Докшыцы, каб паплаваць у басейне,  ім ужо  не прыйдзецца.  Умацоўваць здароўе дарослыя і дзеці змогуць на месцы: у сваім,  гарадскім басейне.

Аб’ектам увагі старшыні райвыканкама Аляксандра Шубскага стала колішняя спартыўная пляцоўка,  якая знаходзіцца паміж дамамі №№138 і 142 у жылым мікрараёне МКК.  Па яго ініцыятыве  быў дадзены старт работам па яе рэканструкцыі і абуладкаванні, якія вядуцца ў рамках праекта  “Benfesto – дзецям”. Гэта будзе камбінаваная пляцоўка, на якой змесцяцца спартыўна-гульнёвая для заняткаў міні-футболам са штучным травяным пакрыццём;  пляцоўка для сілавых відаў спорту і дзіцячая гульнёвая. У рэалізацыі гэтага сацыяльнага праекта  самы актыўны ўдзел прымае ААТ “Глыбоцкі МКК”, які выдзяляе тэхніку, рабочых і фінансаванне, а таксама ААТ “Тураўскі малочны камбінат”, і Асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футбола”.

– Добраўпарадкаванне  гарадскіх тэрыторый стала добрай традыцыяй, якая  кожны год падмацоўваецца канкрэтнымі справамі. Што  зроблена і што робіцца ў гэтым накірунку сёлета?

– Зрабілі і заасфальтавалі пешаходную дарожку  па вуліцы Мінскай ад СШ№1  ўбок вуліцы Буйніцкага. Добраўпарадкавалі ўчастак, які прылягае да дзіцячай пляцоўкі “Брыганціна” па вуліцы Ламаносава. Пракладзена тратуарная дарожка да дзіцячага сада №4. Там жа  праз дні два-тры з’явіцца заасфальтаваная аўтамабільная стаянка. У стадыі завяршэння добраўпарадкаванне па вуліцы Маладзёжнай каля дзіцячага сада №3. На “Вішнёвы фестываль” змогуць пайсці па новым тратуары жыхары вуліцы Калініна. На бліжэйшую і далейшую перспектыву запланаваны не меншыя аб’ёмы работ па будаўніцтве, рэканструкцыі і добраўпарадкаванні наша горада.

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2020г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru