Прайшоў трэці тур першынства вобласці па футболе

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

За два туры першынства вобласці па футболе па шэсць ачкоў у групе “А”  набралі толькі дзве каманды: ФК “Міёры” і “Дарожнік-Мясакамбінат” (Орша). Мінулагодні чэмпіён ФК “Лепель”  з трыма ачкамі займаў трэцюю пазіцыю, ФК “Глыбокае”  з такім жа вынікам—чацвёртую. ФК “Паставы-ПМЦ” і “Дзвіна” (Верхнядзвінск”) ачкоў у сваім актыве не мелі.

У трэцім туры ФК “Глыбокае” на сваім полі прымаў каманду з Оршы, якая ў першым матчы першынства з лікам 2:1 нанесла паражэнне мінулагодняму чэмпіёну вобласці  ФК “Лепель”, а пасля ў гасцях з такім жа лікам абыграла футбольны клуб з Верхнядзвінска.  Ужо адно гэта сведчыла аб  высокім узроўні майстэрства ігракоў каманды з Оршы. І, канечне, перад пачаткам сустрэчы глыбоцкіх балельшчыкаў найперш цікавіла такое пытанне: ці зможа ФК “Глыбокае” адысці ад разгромнага паражэння ў папярэднім туры ад ФК “Міёры” і навязаць роўную гульню масцітаму саперніку?

Першыя мінуты матча пасведчылі: зрабіць гэта будзе не проста, бо па ўсім адчувалася, што госці прыехалі па перамогу. За  дзесяць-пятнаццаць мінут першага тайма футбалісты з Оршы паспелі стварыць аж тры стопрацэнтныя галявыя моманты каля варот ФК “Глыбокае”, але рэалізаваць іх так і не змаглі.

Футбольная мудрасць сцвярджае: не забіваеш ты, забіваюць табе. Так і адбылося. Нашы землякі паступова перахапілі ініцыятыву ў матчы, і пасля ўдара са штрафнога Арцёма Жыгулёўцава мяч трапіў у перакладзіну, а праз некалькі мінут Арцём з пенальці адкрыў лік у матчы.

Асноўныя (часам драматычныя падзеі) адбыліся ў другім тайме.  Зразумела, каманду з Оршы такі ход падзей у матчы не задавальняў, і яны ўсёй камандай пайшлі ўперад, агаліўшы свае тылы. Нашы ігракі адказвалі вострымі контраатакамі, і падчас адной з іх пасля ўдару Уладзіміра Брылёнка мяч аказаўся ў сетцы варот сапернікаў. І лік стаў 2:0.  Здавалася, можна было з палёгкай уздыхнуць і футбалістам ФК “Глыбокае”, і балельшчыкам. Вось толькі не ўздыхнулася ні адным, ні другім. Спачатку чырвоную картку за грубую гульню суддзя паказаў Арцёму Жыгулёўцаву – і на полі ў гаспадароў стала на аднаго іграка менш, – пасля быў выдалены   Уладзімір Брылёнак. І нашым васьмі футбалістам  прыйшлося стрымліваць атакі дзесяцярых акрыленых такім ходам сустрэчы сапернікаў. І трэба сказаць, што каманда праявіла характар і выстаяла. Малайцы!  Матч закончыўся перамогай ФК “Глыбокае” з лікам 2:0.

Вынікі іншых матчаў трэцяга тура ў групе “А”. ФК “Лепель” – ФК “Міёры” – 7:2, ФК “Паставы-ПМЦ” – ФК “Дзвіна” (Верхнядзвінск”) – 6:0. Пасля трох тураў у групе “А” па шэсць ачкоў маюць каманды з Лепеля, Оршы, Глыбокага і Міёр. І ў турнірнай табліцы – улічваецца розніца забітых і прапушчаных мячоў – ФК “Глыбокае” знаходзіцца на другім месцы. Барацьба за выхад у фінальную групу (як мінімум трэба заняць трэцяе месца ў папярэднім раўндзе) прадаўжаецца.

Наступную сустрэчу ФК “Глыбокае” правядзе ў гэтыя выхадныя на сваім полі з ФК “Паставы-ПМЦ”.

А. Міхайлаў,

фотаздымак узяты з суполкі «Футбольное Глубокое».

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2020г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru