У раённым Доме рамёстваў эскпануюцца творы інсітнага мастацтва мясцовых майстроў

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

12 лютага 2020 года ў Мінску адбылося пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. Яе вынік – нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека “Інсітнае (наіўнае) мастацтва Віцебшчыны” нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. З гэтае нагоды ў першы дзень ліпеня ў Глыбоцкім  Доме рамёстваў урачыста адкрылася выстава мясцовых носьбітаў інсіту.

выставка инситного искусства

– Мастакоў-аматараў у нас вельмі шмат. У гэтым зале прадстаўлены карціны Алёны Міхайлаўны Шчэбет, Марыі Антонаўны Фенько, Васілія Васільевіча Кукара, скульптуры Алы Альфрэдаўны Арцімовіч, разьба па дрэве Віктара Баляслававіча Дудкевіча і Глеба Канстанцінавіча Рабіза. Некаторыя работы ўзяты з фондаў гісторыка-этнаграфічнага музея, бо іх аўтараў ужо няма побач з намі, – выставу інсіту адкрыла загадчыца Дома рамёстваў Святлана Скавырка.

выставка инситного искусства

“Ужо ў сталым узросце ва ўсёй красе раскрыўся талент Марыі Антонаўны Фенько (1929-2013) з вёскі Мярэцкія, якая пакінула пасля сябе мноства цікавых работ у жанры жывапісу і станка-манументальнага мастацтва” – такі запіс змешчаны пад фотаздымкамі мастака-самавучкі ў тэматычным артыкуле на сайце музея.

выставка инситного искусства

 – Марыя Антонаўна маляваць пачала, як выйшла на пенсію. Пасля цяжкай калгаснай працы ў яе нечакана прачнулася жаданне тварыць. Марыя Фенько была ўдзельніцай Другой нацыянальнай  выставы інсітнага мастацтва. Мы адкрывалі персанальныя выставы ў 2000 і 2003 гадах. Некаторыя фігуркі так і засталіся ля яе дома. Шмат сваіх работ у свой час Марыя Антонаўна перадала ў школьны музей Залескай СШ, – расказвала пра яркага прадстаўніка інсіту Глыбоччыны Святлана Кавальчук, кіраўнік народнага клуба майстроў “Крыніца”.

выставка инситного искусства

Святлана Аляксандраўна у сілу сваіх прафесійных абавязкаў з творцамі-непрафесіяналамі сустракаецца амаль кожны дзень і ведае, якую важную частку ў іх жыцці займае творчасць, што натхняе, што дае сілы… 

выставка инситного искусства

– Усё ідзе ад чалавека, ад душы, не па канонах, – лічыць майстар, маючы на ўвазе і карціны Васілія Васільевіча Кукара, самадзейнага мастака з Плісы, і драўляныя фігуркі Глеба Канстанцінавіча Рабіза, які сваё жыццё прысвяціў цацкам, сардэчным, цудоўным, што знаходзяцца ў шматлікіх музеях.

выставка инситного искусства

– Мае работы – гэта маё натхненне, гэта мая душа, – прызнаецца мастак-аматар пейзажаў Алёна Міхайлаўна Шчэбет, якую прыгожы яе ўзрост, здаецца, толькі акрыляе. –  Магу не есці, не спаць, каб толькі хутчэй намаляваць, каб бачыць плады сваёй творчасці. Натхненне ёсць у кожную хвіліну, быў бы толькі час, а яго вельмі не хапае.

выставка инситного искусства

Не здзіўляйцеся, у глыбачанкі Алены Міхайлаўны вельмі шмат захапленняў: яна і спявае, і піша вершы, і шые. А вось любімы занятак Алы Альфрэдаўны Арцімовіч з Галубіч патрабуе ад яе творчых перапынкаў…

выставка инситного искусства

– Гіпс раз’ядае рукі – гэта такі боль! – перажывае і адначасова захапляецца майстрам Святлана Кавальчук. –  Але раны зажываюць, і фігуркі з’яўляюцца зноў – такая ў майстра захопленасць творчасцю!

выставка инситного искусства

– Скульптура – гэта маё жыццё, мае мары, сям’я, родныя мясціны. Усё вакол мяне ўражвае – і хочацца ляпіць, – тлумачыць Ала Альфрэдаўна і вельмі радуецца, што старэйшы ўнук ужо бярэ ў яе ўрокі па лепцы.

выставка инситного искусства

А ў рэзчыка па дрэве Віктара Баляслававіча Дудкевіча вучняў шмат, бо з 2005 года працуе метадыстам у Глыбоцкім Доме рамёстваў.  Выдатны разьбяр, мастак і дызайнер, ён гадоў 10 таму захапіўся драўлянай цацкай.

выставка инситного искусства

– І гэтая частка яго творчасці такая кранальная, бо звязана з дзецьмі, – лічаць яго калегі.

выставка инситного искусства

– Вашы работы такія добрыя, яны навяваюць прыемныя пачуцці, успаміны, – звярнулася да носьбітаў цудоўнага наіву  Святлана Кавальчук. – Інсітнае мастацтва ад людзей зямлі, якія вельмі любяць сваю радзіму, сваіх блізкіх і наогул усіх людзей, бо так маляваць, выразаць, ствараць прыгожае могуць толькі добрыя і моцныя творцы.

выставка инситного искусства

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2020г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru