Часлава Хрол: “Для тых, хто перажыў вайну, чорных дзён у жыцці не бывае”

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

У кастрычніку гэтага года Чаславе Браніславаўне Хрол споўніцца 94 гады. Нягледзячы на салідны ўзрост, жанчына падрабязна расказвае пра ўсё, што перажыла і ўбачыла на сваім доўгім вяку. Балючае і калючае ўспамінае без слёз – іх даўно выплакала. Неспакой і трывогу яе душы выдае раптоўна спахмурнелы твар, але, калі гаворка змяняе накірунак і танальнасць, яго асвятляе ўсмешка і жанчына маладзее на вачах.

Часлава Браніславаўна Хрол

ЖЫЦЬ ПАМАГАЛА ТАТАВА КАПЕЙКА

– Нас у таты з мамай было дзве дачкі: сястра Марыя, старэйшая за мяне на тры гады, і я. Мой тата Браніслаў Пятровіч – селянін, умела ўпраўляўся і з плугам, і з касой, а яшчэ ён быў добрым краўцом. Шыў па заказах мужчынскае адзенне: штаны, кашулі, пінжакі, касцюмы, таму хоць невялікая, але пастаянная капейка ў хаце вадзілася. Зямлі бацька меў нямнога, з яе надта не разжывешся, і дадатковы рубель быў добрай падмогай сям’і.

Часлава Браніславаўна Хрол
Часлава Браніславаўна Хрол
у маладосці

Мама Варвара Іванаўна даглядала гаспадарку, мы з сястрой ёй дапамагалі. Мясціны ў нас прыгожыя. Ад бацькавай хаты, дзе мы жылі, да Івесьскага возера рукой падаць. Вакол лясы, а ў іх ягады, грыбы. Было нам, дзецям, чым заняцца: то агароды палолі, то сена сушылі – гадавалі ж і каня, і карову. Ніхто не думаў, што некалі вайна павыганяе нас з хат, закіне на далёкую чужыну, раздзеліць родных, – кажа Часлава Браніславаўна.

ТАТА ЗГАРЭЎ У НАС З МАМАЙ НА ВАЧАХ

– Як прыйшлі немцы, адразу сагналі ўсю моладзь вясковую, перапісалі і адправілі ў Германію. У іх ліку была і мая сястра Марыя, якая на той час па гадах была ўжо дзеўкай. Куды яе вывезлі, дзе яна была, ніхто не ведаў, – расказвае жанчына. – А пазней нашы Хралы сталі партызанскай зонай. На зіму партызаны перабіраліся ў вёску і кватэравалі па хатах. У бацькавай хаце жылі 8 чалавек. У вёсцы ў іх была свая кухня, дзе яны сталаваліся. Вяскоўцы туды свае прадукты насілі, а мы, дзяўчаты-падлеткі, бульбу чысцілі, посуд мылі, прыбіралі. А дома мы ўдваіх з мамай гэтых восем чалавек абмывалі. І акопы капаць партызанам моладзь вясковая памагала. Так і жылі ў партызанскай зоне, куды немцы і не паказваліся. Але аднойчы яны пачалі бамбіць вёску. Хто ў лесе хаваўся, хто ў склепе, а мой бацька, які захварэў на тыф, падняцца не мог, так і ляжаў у хаце. На другі дзень пасля бамбёжкі ў вёску прыехалі немцы. Людзей з хат выганяюць, на пабудовы бензінам плёснуць і падпальваюць. А мой тата нехадзячы быў і вынесці яго не далі – згарэў ён у агні жыўём на нашых з мамай вачах. А што было рабіць, калі немцы аўтаматамі ў плечы тыцкаюць, па-свойму гяргечуць, злыя, як сабакі. Загналі ўсіх нас у вёску Дуброва. Пераначавалі мы там у нейкай пуні пад аховай паліцаяў. Сярод іх быў адзін хлопец, які да вайны карагодзіўся з маёй сястрой. Мы яго прасілі, каб выпусціў нас ці каб хоць хлеба якога даў укусіць – без нічога ж з хат выгналі – не памог ён нам. Служака, відаць, у немцаў добры быў. Ужо пасля вайны, як я вярнулася дамоў, сутыкнулася з ім нос да носу. Каб бачылі: ён быў у савецкім абмундзіраванні, такі важны. Як хутка ад немцаў перабег сваім служыць, – успамінае Часлава Браніславаўна. – У Псуі нас перапісалі, разабралі па гадах, пасадзілі ў таварныя вагоны і павезлі ў Германію. Ехалі некалькі сутак: праз усю Польшу і далей, аж за Берлін.

Часлава Браніславаўна разам з сястрой і пляменнікамі

НА ФАБРЫЦЫ Ў ІЗЕРЛОНЕ

Ад Глыбоччыны да нямецкага Ізерлона амаль дзве тысячы кіламетраў. Горад гэты знаходзіўся недалёка ад нямецка-галандскай
мяжы. Тут была фабрыка, на якой выраблялі дрот для патрэб германскай арміі. На перасыльным пункце каго ўзяў да сябе баўэр, каго адправілі на фабрыку. Часлава Браніславаўна з маці і яшчэ сем чалавек з вёскі Шо, працавалі на канвееры, дзе ацынкоўвалі дрот. – Фабрыка займала першы паверх, а ў падвале жылі мы. Працавалі ў дзве змены. Ежа слабая была. Раніцай давалі чай са скібачкай хлеба, намазанай маргарынам, у абед – вараную купусту, у чатыры дня – шклянку салодкага кісялю, а вечарам – зноў капусту. Праз нейкі час маму ўзялі памочніцай на кухню, але яна адтуль ніколі лішняй бульбіны не прынесла. Гаспадыня-немка была эканомная, усё ў яе было падлічана, і строгая, каб не кралі, дысцыпліну трымала. Крыху пазней знаёмыя нейкім чынам дасталі харчовыя карткі, і па іх нам давалі ўжо па дзве скібачкі хлеба, – працягвае аповяд Часлава Браніславаўна. – Увосень 1942 года мяне разлучылі з мамай і адправілі ў Галандыю. Мужчыны капалі акопы, а мы разраўноўвалі зямлю і маскіравалі іх. Жылі ў нейкім вялікім манастыры. На першым паверсе размяшчаліся нямецкія салдаты, а на другім і трэцім – мы. Есці нам прыносілі мясцовыя жыхары з навакольных вёсак. Але вакол было многа пустуючых дамоў: іх гаспадары ўцякалі далей ад вайны, усё пакідалі. І рускія з нашага лагера паладзіліся начамі туды лазіць. Бралі адзенне, каштоўныя рэчы, ежу. І мы з сяброўкай аднойчы спакусіліся, але, дзякаваць Богу, вярнуліся з паўдарогі. Назаўтра немцы сагналі ўсіх на плошчу перад манастыром, паставілі перад намі раздзетых дагала тых рускіх, сказалі, што яны злодзеі, і расстралялі. Падзялілася Часлава Браніславаўна і больш светлым успамінам пра Новы год: немцы тады далі кожнаму пячэнне, па яблыку і па кілішку нейкага напітку з градусамі. – Пра заканчэнне вайны, жывучы ў Галандыі, мы нічога не ведалі. Аднойчы прыйшоў немец і загадаў усім збірацца ў дарогу. Вялікай калонай нас пагналі ў бок Германіі. Раз у дзень пад’язджала палявая кухня, і нам налівалі нейкага супу. Пад канвоем немцаў з сабакамі ішлі праз гарады і мястэчкі. Бывала, што мясцовыя жыхары, параненыя са шпіталяў нам ежу кідалі праз вокны. Людзі ж яны і ў Германіі людзі. Перайшлі Рэйн. Сядзелі некалькі дзён запёртыя ў шольні (зернясховішча). А тады дзверы адчынілі і сказалі, што можам ісці, куды хочам. А куды ісці? Дзе дом? Як да яго дабрацца? Непадалёк убачылі бурты з «быдловымі» буракамі і пасяліліся непадалёк – варылі і елі іх. Тады прыйшлі амерыканскія войскі. Памятаю, каня зарэзалі і далі кожнаму па кавалку мяса, пасля на сваіх кухнях кармілі смачна і сытна. З аркестрам адпраўлялі нас да памежнай паласы, дзе стаялі савецкія войскі, каб перадаць нашым. Многія, асабліва рускія, уцякалі, бо казалі, што дома іх пры Сталіне чакае ці турма, ці рас- стрэл. А я і не думала заставацца: хацелася як найхутчэй вярнуцца дамоў і сустрэцца з мамай і сястрой, – гаворыць пра свае спадзяванкі жанчына.

ТАКАЯ ЧАКАНАЯ СУСТРЭЧА НА РАДЗІМЕ

– На цягніку нас прывезлі ў Гродна, а там усе вуліцы – у акопах. Ваенныя ў штанах з малінавымі лампасамі злыя такія, пе
рапісвалі і пыталіся: “А чаго вы, здраднікі, у Германію ехалі?” А хто ў нас пытаўся? Аўтамат наставілі і пагналі, – кажа бабуля Часлава. – У Хралах хата згарэла, нікога з радні няма. Чужы чалавек з Завулкаў прапанаваў мне ў яго пажыць. Як вярнулася мама з Марыяй, мы перабраліся ў сваю вёску. Перад прыходам немцаў я ў хаце пад падлогай выкапала яму, схавала там дакументы, боты, такія-сякія больш каштоўныя рэчы. Адкапалі мы их, рэчы прадалі ў Лужках на рынку. Цётка з Кублічаў карову сваю аддала. Наймаліся да людзей, працавалі, – трэба ж было неяк на ногі станавіцца. Тры жанчыны ў хаце, а ўзяліся хату будаваць. Мужчын наймалі, кармілі, плацілі. Новую хату пабудавалі побач з бацькоўскай. Марыя, якая вайной працавала на вугальнай шахце, выйшла замуж, нарадзіла двух дачок і сына. Працавала прадаўцом у магазіне ў Галінова. Я 33 гады шчыравала на паляводстве. Сем гадоў працавала за працадні, тады сталі нейкія капейкі плаціць. Пенсію хоць не вялікую, але зарабіла. Германія за наёмную працу грошы заплаціла – жыць можна было. З-за хваробы я замуж не пайшла, жыла і радавалася з пляменнікаў. Сястра за работай дзяцей амаль не бачыла, дык за імі я прыглядала, таму мае пляменнікі, Толя, Аляксандра і Яўгенія, мне як дзеці родныя. Па іхняй лініі ў мяне 8 праўнукаў. Я рада, што яны прыязджаюць, хату даглядаюць, мыюць, чысцяць, агароды садзяць. На мой юбілей з падарункамі прыехалі. Усіх іх я люблю, чакаю, і радуюся, што магу ім з пенсіі рубялёк даць. У свой час, калі ў самой не было чаго ні апрануць, ні з’есці, так хацелася, каб хто капеечкай памог, а не было каму. Некаторыя эканомяць, скупяцца, збіраюць грошы “на чорны дзень”. У маім жыцці чорных дзён хапіла! Трэба жыць днём сённяшнім і памагаць іншым, пакуль ёсць магчымасць. Добра мець рубель, але шчасце не ў ім, – пераканана Часлава Браніславаўна. – Устаю, памалюся, на вуліцу выйду – любуюся прыгажосцю і дзякую Богу за доўгі век і за ўсё, што ён даў мне на жыццёвым шляху.

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2020г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru