Падмятальна-ўборачная машына “Магістраль” працуе на глыбоцкіх вуліцах

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

У “Весніку Глыбоччыны”  за 6 чэрвеня 2020 года  мы  пісалі пра новую  падмятальна-ўборачную машыну (ПУМ)-001 “Магістраль”, якая толькі “прыехала” ў Глыбокае. Пасля наладкі новая тэхніка на базе прычапнога МАЗ-5337 выйшла на вуліцы Глыбокага, дзе праходзіць рабочую абкатку.

Нагадаю, што (ПУМ)-001 “Магістраль”  куплена ў лізінг за 106 тысяч беларускіх рублёў, якія выдзелены  з раённага бюджэту і зароблены УП ЖКГ на ўласнай вытворчасці.

(ПУМ)-001 “Магістраль”

— “Магістраль” – гэта тэхніка  элеватарнага тыпу з увільгатненнем паверхні, якую прыбірае, і прамой пагрузкай смецця па транспарцёры ў кузаў буксіруючага самазвала. Зроблена яна на Саратаўскім машынабудаўнічым заводзе “Элеватармельмаш”. Прызначана для  цяжкай і хуткаснай уборкі вуліц, сквераў, паркаў, рыначных і прывакзальных плошчаў. Такой тэхнікай ужо карыстаюцца вашы суседзі з Вілейкі і Полацка, а цяпер яна дапаможа аблегчыць працу і глыбоцкіх дворнікаў, —  сказаў прадстаўнік завода-вытворцы ў Беларусі  Максім Ліпніцкі. –  У “Магістралі” ёсць  дзве бакавыя (латковыя) шчоткі і  адна цэнтральная (задняя).  З іх дапамогай  бруд і смецце  спачатку змятаюцца да цэнтра машыны, а затым ідуць на элеватар, а ўжо  адтуль – у кузаў МАЗа. Машына абсталявана электронным праграміраваным  кантролем з ЖК-дысплеем, які адсочвае паказчыкі стану ўсіх яе  рабочых сістэм. У выпадку, калі здараюцца адхіленні  паказчыкаў ад нормы, машына спыняецца. Сістэма кантролю сігналізуе аб няспраўнасці, выводзіць на экран дысплея інфармацыю аб прычыне спынення і дае рэкамендацыі, як выправіць непаладку (нават у выпадку, калі заглохне рухавік).  У камплекце  да “Магістралі”  прадугледжаны бесправадны  кампактны  пульт, якім можна ўпраўляць усімі функцыямі машыны і не толькі з кабіны самазвала.

— Тэхніка выдатная, сучасная, прадукцыйная. Яна прыбірае любыя віды смецця. Яе  хуткасць ад 10 да 25 кіламетраў у гадзіну, таму “Магістраль” можна задзейнічаць для аператыўнай уборкі вуліц напярэдадні правядзення масавых мерапрыемстваў ці пасля правядзення дарожных рамонтных работ. Напрыклад, цяпер  на вуліцы М. Горкага  ідзе мадэрнізацыя водаправоднай сеткі. Пасля яе завяршэння мы адправім туды “Магістраль”: з уборкай яна справіцца хутка і якасна, — гаворыць начальнік транспартнага цэха УП ЖКГ Віталь Шынкевіч.

(ПУМ)-001 “Магістраль”

Падчас рабочай паездкі Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі ў Полацк, там была арганізавана двухдзённая выстава спецтэхнікі, якая знаходзіцца на балансе жыллёва-камунальных гаспадарак Віцебскай вобласці. На ёй прадставілі 21 адзінку тэхнікі для збору і вывазу цвёрдых камунальных адходаў, добраўпарадкавання тэрыторый, для цепла- і водазабеспячэння, такую неабходную камунальнікам  у  паўсядзённым карыстанні. Удзельніцай выставы была і глыбоцкая “Магістраль”.

Андрэй Бычковіч, вадзіцель буксіровачнага МАЗ-5337,  кажа, што новая “Магістраль” —  выдатная тэхніка, працуе – люба-дорага паглядзець. Мяркуйце самі:  1 ліпеня на ўчастку вуліцы Леніна  ад магазіна “Санта” да МКК на ўборцы  былі задзейнічаны дзве адзінкі тэхнікі, два трактарысты і 8 рабочых  участка добраўпарадкавання, якія  зграбалі  і змяталі  пясок, грузілі яго ў прычэп на працягу 1 гадзіны 20 хвілін. Гэту ж работу Андрэй Бычковіч  на   МАЗ-5337 з прычапной “Магістраллю” выконвае, не падняўшы ў паветра ні пылінкі і замяніўшы 10 чалавек, усяго за 20 хвілін. Эфект, як кажуць, відавочны.

— Калі  забруджанасць вуліц значная, еду  памалу; калі  смецця не многа – хуткасць павялічваю. За хвіліну “Магістраль” падбірае 1250 кілаграмаў смецця, а за рабочую змену — 190 метраў кубічных.  Зручнасць у тым, што ўсе працэсы можна рэгуляваць і кантраляваць прама з кабіны, а эканомія ў тым, што рабочыя ў гэты час могуць займацца іншай работай у месцах, дзе я на сваёй тэхніцы не праеду, — гаворыць вадзіцель.

Фота аўтара і Анастасіі Ананіч.

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2020г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru