Працягваецца гістарычны квіз-марафон «Пра тую зямлю, дзе нарадзіўся ты»

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Пытанні ІІІ-га тура.

Старое Глубокое

Для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй малой радзімы, Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і раённая газета “Веснік Глыбоччыны” працягваюць свой сумесны праект – гістарычны квіз-марафон “Пра тую зямлю, дзе нарадзіўся ты”.

У віктарыне могуць удзельнічаць навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна, студэнцкая і працоўная моладзь ва ўзросце да 31-го года, а вынікі, адпаведна, будуць падведзены ў дзвюх узроставых намінацыях: 14-18 гадоў і 19-31 год.

Просім вас уважліва чытаць пытанні, адказы фармуляваць дакладна і сцісла, па-магчымасці, указваць крыніцы інфармацыі. Пераможцам тура стане той, хто дасць найбольшую колькасць правільных адказаў у найбольш кароткі тэрмін.

Вашай увазе прапануем пытанні ІІІ-га тура, які па традыцыі змяшчае 15 пытанняў, згрупаваных у пяці блоках.

Пытанні ІІІ тура квіз-марафону

1. У рамане беларускага пісьменніка, ураджэнца Дзісенскага павета, змешчана апісанне публічнага пакарання смерцю, якое сапраўды мела месца ў Глыбокім:

“Акупацыйныя ўлады ў расклееных па ўсім гарадку аб’явах сцвярджаюць, што асуджаны … займаўся забойствам, дыверсіямі і шпіянажам. … Кола паліцэйскіх і шпалеры жандараў расступіліся і, прапусціўшы да шыбеніцы машыны, зноў самкнуліся. У першай машыне расчыніліся дзверцы, з яе крытага кузава вылезла чацвёра паліцэйскіх. Яны вывелі з машыны чалавека са звязанымі рукамі. Гэта быў шыракаплечы, зусім малады юнак…”

    a) Укажыце імя пісьменніка і назву рамана.

    b) У якім годзе ў Глыбокім адбылася апісаная ў кнізе падзея?

    c) Назавіце імя пакаранага смерцю чалавека.

2.    Вызваленне ад гітлераўскіх захопнікаў далося Глыбокаму дарагой цаной – многія вуліцы горада былі зруйнаваны амаль цалкам. Адной з пабудоў, якой пашанцавала ўцалець, быў трохпавярховы жылы дом, пабудаваны ў 1920-я гады.

    a) Якая ўстанова адукацыі размяшчалася ў гэтым будынку з 1944 па 1955 год?

    b) Як называлася падпольная патрыятычная моладзевая арганізацыя, што дзейнічала ў Глыбокім сярод навучэнцаў гэтай установы ў 1945-1947 гадах?

    c) Назавіце беларускую паэтэсу, члена Саюза пісьменнікаў СССР, якая ў 1946-1948 гадах вучылася ў дадзенай установе.

3.    Карпатлівая праца археолагаў дазваляе нам лепш спазнаць старажытную гісторыю нашай зямлі. Археалагічныя даследаванні на Глыбоччыне ў розны час праводзілі Ф. В. Пакроўскі, Я. Драздовіч, У. Галубовіч, Л. У. Дучыц, Э. М. Зайкоўскі і іншыя. 

    a) Укажыце назву вёскі Глыбоцкага раёна ў ваколіцах якой у канцы XVIII стагоддзя праводзіліся адны з першых у гісторыі Беларусі дакументальна зафіксаваныя археалагічныя раскопкі.

    b) Назавіце беларускага археолага, які ў 1965 годзе знайшоў каля адной з вёсак Узрэцкага с/с манетна-рэчавы скарб XI стагоддзя.

    c) Каля якой вёскі знаходзіцца самае вялікае скапленне курганоў на Глыбоччыне (каля 300 насыпаў)?

4.    У сярэдзіне 1920-х гадоў у Глыбокім у раёне сучасных вуліц Вольнай і Камсамольскай былі пабудаваны шэсць аднатыпных драўляных дамоў, прызначаных для пражывання чыноўнікаў павятовай адміністрацыі. Нягледзячы на тое, што яны не захавалі свой першапачатковы выгляд, большасць з іх да гэтага часу нясе рысы вельмі цікавага архітэктурнага стылю.

    a) Як называецца гэты архітэктурны стыль?

    b) Укажыце імя архітэктара, па праекту якога былі ўзведзены згаданыя будынкі. 

    c) Назавіце ўраджэнца Глыбоччыны, жыльца аднаго з гэтых дамоў – аўтара шматлікіх краязнаўчых фатаграфій з жыцця Глыбокага 1920 – 1930-х гадоў.

5.    У 1613 годзе ў Амстэрдаме была надрукавана карта Вялікага княства Літоўскага, створаная пад кіраўніцтвам мастака і гравёра Тамаша Макоўскага. Гэта карта, выдадзеная па ініцыятыве і за кошт дзяржаўнага дзеяча і мецэната Мікалая Крыштафа Радзівіла “Сіроткі”, стала першай буйнамаштабнай картай нашай старажытнай дзяржавы і адрознівалася ад ранейшых работ даволі высокай ступенню дакладнасці.

    a) Пералічыце населеныя пункты Глыбоцкага раёна, адлюстраваныя на гэтай карце.

    b) Назавіце аўтара геаграфічнай карты, на якой упершыню было абазначана Глыбокае.

    c) У якіх населеных пунктах Глыбоччыны, згодна Генеральнай карце Мінскай губерні 1821 года, знаходзіліся паштовыя станцыі павятовай паштовай дарогі?

Паважаныя ўдзельнікі віктарыны, адказы на пытанні трэцяга тура дасылайце да 27 ліпеня ўключна. Свае адказы вы можаце дасылаць на электронны адрас glubmusej@tut.by, або па пошце на адрас 211800, г. Глыбокае, вул. Энгельса, 24, ці перадаваць асабіста. Не забудзьце ўказаць свае імя, прозвішча, адрас, кантактны тэлефон, школу, клас ці месца працы, пасаду, узрост.

Жадаем вам поспехаў!

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2020г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru