Валерый Рудак: жыццё ў няволі памятаю так, нібы гэта было ўчора

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Валерыю Рудаку было ўсяго два з паловай годзікі, калі пачалася вайна, і крыху больш за чатыры, калі яго, малалетняга, разам з маці вывезлі ў Германію.

Валерый Рудак

Ён не можа назваць мястэчка, дзе размяшчаўся лагер остарбайтэраў, але жыццё ў няволі памятае так, нібы гэта было ўчора. Асколкі вайны да цяперашняга раняць болем  душу мужчыны, які ўжо  размяняў дзевяты дзясятак.

«Я – родам з Цярэшак»

– У нашых Цярэшках Лепельскага раёна, якія размяшчаліся побач з Бярэзінскім запаведнікам у аддаленні ад бальшакоў і ў акружэнні лясоў,  да вайны было 25 хат. Мой бацька Уладзімір Фаміч  родам з Ушаччыны.  Ён быў настаўнікам пачатковых класаў. Так атрымалася, што ён вучыў маю маму  Марыю Антонаўну, а як яна скончыла школу, ажаніўся з ёй.  Яшчэ да вайны бацьку прызвалі ў армію.  Служыў ён у кавалерыйскіх войсках, якія дыслацыраваліся ў Брэсцкай крэпасці. На той час у арміі не хапала кваліфікаваных  ваенных кадраў і яго накіравалі на вучобу ў Барысаўскае сапёрна-маскіровачнае вучылішча, якое ў  чэрвені 1941 года эвакуіравалі ў Архангельскую вобласць. Калі пачалася вайна, бацьку тэрмінова прысвоілі званне малодшага лейтэнанта і прызвалі ў армію. Ваяваў ён ва Украіне. У раёне Крэменчуга была вялікая бітва. Але з ружжом і аўтаматам супраць армады нямецкіх танкаў, якія ішлі ў наступленне, доўга не паваюеш.  Некалькі тысяч нашых салдат, у ліку якіх быў і мой бацька, трапілі ў  палон, – расказвае  Валерый Уладзіміравіч. – Два разы ён рабіў спробу ўцячы, але яго лавілі і зноў вярталі ў лагер. Пашанцавала яму толькі за трэцім разам. Абыходзячы дарогі і населеныя пункты,  ён месяц дабіраўся да Цярэшак. Прыйшоў дамоў хворы, аброслы, абарваны, згаладалы, а як крыху паправіўся, падаўся ў партызаны.

Наша вёска “глухая”, немцы, як ішлі, так і пайшлі міма на Лепель і Віцебск. Першы раз я іх убачыў у ліпені 1941-га. Мы, дзеці, разам з мамамі пайшлі ў лес, каб навязаць венікаў. Ідзём  назад, а насустрач, можа, разведка якая, на веласіпедах  немцаў  з дзесяць едуць. Жанчыны не ведалі, што рабіць. Венікі пакідалі, рукі ўверх паднялі, і мы, гледзячы на іх, зрабілі тое самае. Немцы пад’ехалі і так  хахаталі, паказваючы на нас, малых, з паднятымі рукамі. Не зачапілі яны тады нас.

Валерый Рудак падчас службы
на флоце

Мясціны ў нас лясныя, таму там былі партызаны. Яны рабілі на дарогах завалы і пад іх закладвалі міны. Тады ў  вёску прыязджалі паліцаі, збіралі жанчын і мужчын і ганялі на размініраванне лясных дарог. Упрагаліся цярэшкаўцы ў бароны і цягалі іх за сабой. Бывала, што і падрываліся на мінах, гінулі, станавіліся калекамі. І маці маю на  размініраванне ганялі, але, дзякаваць Богу, жывой засталася. Наязджалі ў вёску і немцы. Памятаю, майго дзеда ставілі да сцяны, пагражалі расстрэлам, дапытваліся, дзе мой бацька. Сем’і тых, хто ваяваў на фронце, не чапалі, а калі хто быў у партызанах, родных маглі і расстраляць. І дзед мой зманіў, што бацька ў дзеючай арміі.

У  1943 годзе нечакана ў вёску ўварваліся немцы, людзей з хат, у чым былі, павыганялі, запраглі калгасных коней, пасадзілі нас на павозкі і павезлі ў Лепель, а ўсе хаты папалілі, – горкія ўспаміны рэжуць болем душу майго суразмоўцы.

Далёкая чужая Германія

Куды вывезлі малога Валерыя з маці, ён не ведае. Памятае доўгі дашчаты барак з  нарамі ў два паверхі і вялікай бочкай у цэнтры, якая была ім замест печкі. Запомніў, што на плошчы нейкага гарадка стаяла кухня, і  рабочыя з лагера прыходзілі сюды за ежай.

– А вады  там, дзе мы жылі, не было, міскі памыць недзе і немец-повар, замест супу, нам апалоўнікам па галаве даў, што з нямытым посудам прыйшлі, – расказвае Валерый Уладзіміравіч. – Нейкі час мы з мамай жылі ў цеснай каморцы на ферме ў баўэра. Мама даглядала і даіла 25  кароў, дапамагала немцу, які трымаў па 6-8 свіней, па гаспадарцы. Баўэру таму было даведзена заданне здаваць свіней на мяса і карміць армію, а ён  пакідаў аднаго сабе і загадваў нам, каб нікому пра гэта не казалі. Адносіўся ён да нас па-чалавечы, і ежа была звычайная: і суп, і каша, і малако тады-сяды, як дома ў вёсцы. Горш стала, як нас зноў адправілі ў рабочы  лагер. Мама расказвала, што пад канец вайны англічане днямі бамбілі мястэчка, а рабочых ганялі разбіраць завалы. Яны працавалі, а зверху з самалётаў стралялі. Аднойчы яна прынесла пустую гільзу, плакала, казала, што яе маглі забіць, а я адзін застаўся б на чужыне. Вызвалілі нас саюзныя войскі. Спачатку танкі пайшлі,  затым на джыпах амерыканскія  афіцэры прыехалі, за імі – грузавыя  студэбекеры з салдатамі – амерыканцамі, японцамі, шатландцамі.  Быў сярод саюзнікаў і рускі. Прыходзіў да нас, як да землякоў, гаварыў па-нашаму, частаваў галетамі і згушчоным малаком.

Праз нейкі час усіх нас пасадзілі на грузавікі, далі ў суправаджэнне фельчара і павезлі ў Польшчу. Там перасадзілі на цягнікі і адправілі  ў Беларусь. На радзіму я вярнуўся з адзіным “трафеем” – бутэлечкай марганцоўкі, якую падабраў ля разбуранай снарадам аптэкі.

Радзіма сустрэла на папялішчы

– Пасля вайны, не знайшоўшы нас у Цярэшках, бацька паехаў на радзіму дзеда –  на Глыбоччыну. А мы вярнуліся і, каб перазімаваць, знайшлі самы просты выхад: укапалі ў зямлю  зруб  – атрымалася зямлянка, у якой месціліся мы з мамай і яшчэ тры сям’і. Праз год, даведаўшыся, што мы жывыя, бацька забраў нас у Вострава. Жылі ў хаце, перавезенай з Перадолаў. Бедната была. Я як прыехаў з Германіі ў шортах, так і хадзіў у іх. Зімой, замест таго каб вучыцца ў школе, сядзеў на печы, бо штаноў не меў. Есці надта не было чаго, а тут яшчэ малярыю падхапіў. Цяжка было, – уздыхае мужчына. – Лягчэй і сытней нам стала тады, калі Мікалай Рашэтнікаў, з якім бацька партызаніў, а пасля вайны займаў нейкую пасаду,  даў майму бацьку хату ў Галубічах, а той, не доўга думаючы, абмяняў яе на карову.  Тады мы і малако, і сыр, і масла сталі есці.

Разам з саслужыўцамі палітаддзела

Пасляваенныя ўніверсітэты

Валерый скончыў 4 класы  Востраўскай школы, 7 –  Перадольскай, 10 – у Падсвільскай школе. Яму, як сыну настаўніка, пашанцавала: не трэба было плаціць за навучанне. Аб прафесіі педагога хлопец тады і не думаў. Хацеў паступаць у Ленінградскае ваеннае вучылішча, але там трэба было здаваць матэматыку, а для гуманітарыя гэта было нялёгка.  У 1957 годзе яго прызвалі ў армію. Служыў чатыры гады на Балтыйскім флоце. Скончыў вучэбны атрад па спецыяльнасці “пісар”. На працягу вучэбнага курса атрымаў 16 падзяк камандавання за выдатную  падрыхтоўку і дысцыпліну. На “выдатна” здаў ваенна-марскую падрыхтоўку, агульнавайскавую дысцыпліну,  палітпадрыхтоўку, экзамены па тэорыі і практыцы і па прадмеце “барацьба за жывучасць”. Можна было выбіраць месца службы, але ён застаўся ў Балтыйску. Валерыя Рудака залічылі ў палітаддзел эскадры двойчы Чырвонасцяжнага Балтыйскага флоту.  Пасля стажыроўкі ён быў прызначаны загадчыкам сакрэтнай часці. Служыў на флагманскім крэйсеры “Свярдлоў-228”, на якім знаходзіліся і штаб, і палітаддзел часці. Бачыў Маршала Савецкага Саюза  Канстанціна  Ракасоўскага, які  кіраваў першым пасляваенным  парадам Перамогі  24 чэрвеня 1945 года ў Маскве, і які ў якасці інспектара быў на Балтыцы.

Валерый Рудак

Памятае Валерый Уладзіміравіч і пра прыезд першага сакратара ЦК КПСС Мікіты Хрушчова.  На  турбаэлектраходзе “Балтыка”  ён, у суправаджэнні эсмінца і падводнай лодкі з Балтыкі,   разам з лідарамі замежных краін адпраўляўся  на пасяджэнне Асамблеіі ААН у Злучаныя Штаты.

– Пасля службы я мог бы заставацца ў арміі, былі нядрэнныя прапановы, у тым ліку і ў Маскве, але я сумаваў па дому і вярнуўся ў Вострава. У Востраўскай школе мяне папрасілі часова  замяніць выкладчыка працоўнага навучання і фізкультуры.   Але “часовае” расцягнулася на гады, – кажа мужчына.

Менавіта ў школе Валерый Уладзіміравіч знайшоў сваё прызванне і сваё каханне. Завочна скончыў  біялагічны факультэт Віцебскага педінстытута. Ужо дыпламаваным спецыялістам працаваў ў “бацькавай школе”, а праз нейкі час стаў яе дырэктарам. Матэматык Галіна Ігнацьеўна была не толькі яго калегай па працы, але і любімай жонкай, з якой дзяліў і радасць, і горыч жыцця многа гадоў.

Лёс, кажуць, мае крутыя віражы. Пасля школы ён  больш за 12 гадоў працаваў сакратаром парткама ў саўгасе “Яблынька”. Быў удзельнікам  узвядзення  Кургана Славы на Шошы ў гонар подзвіга партызан, якія ў час вайны абаранялі гэты край. За добрасумленную працу  быў узнагароджаны ордэнам Знак Пашаны, двойчы занесены на раённую Дошку гонару.

Але школа не хацела адпускаць настаўніка: у Завулкаўскай школе спачатку працаваў выхавальнікам, а затым  стаў дырэктарам. З гэтай пасады, маючы больш за 40 гадоў працоўнага стажу, ён і выйшаў на заслужаны адпачынак.

Валерый Уладзіміравіч з удзячнасцю і цеплынёй успамінае  калег-педагогаў з Востраўскай  і Завулкаўскай школ, сваіх вучняў, якія сталі вядомымі і паважанымі людзьмі, работнікаў саўгаса “Івесь”, з якімі і працавалі разам, і самадзейнасць ладзілі, і ў светлую шчаслівую будучыню верылі.

–Пра наша калгаснае і партыйнае жыццё я пісаў заметкі ў газету “Шлях Перамогі”, добра ведаў Антона Кур’яновіча, які там працаваў. Усё жыццё стараўся дапамагаць людзям, рабіць  ім дабро. Пасля смерці жонкі я застаўся адзін, але не адзінокі. Брат Франц – былы ваеннаслужачы, афіцэр запасу, ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС,  жыве далекавата,  у Карэліі, а вось сястра  Галіна, мясцовы фельчар, тут, у Хралах. Пра нас,  малалетніх вязняў і ветэранаў працы, не забываюць у гаспадарцы і ў раёне. Віншуюць са святамі, уручаюць падарункі. Цяпер мне  па дому дапамагае сацыяльны работнік Алена Кміта, – кажа Валерый Уладзіміравіч.

Нягледзячы на ўзрост, мужчына  займаецца пчалярствам, мае агарод,  пасадзіў сад, у якім, як біёлаг, праводзіць навуковыя вопыты з прышчэпліваннем дрэў. У яго агародчыку ля хаты буяюць кветкі, пасаджаныя клапатлівай рукой  гаспадыні… Калі становіцца сумна і балюча ад успамінаў, Валерый Уладзіміравіч бярэ ў рукі баян і іграе мелодыю, якая ліецца з душы. Ён баяніст-самавучка, сам складае вершы і піша пад іх музыку. З ёй лягчэй ісці ў заўтрашні дзень, у якім, верыць,  будзе і здароўе, і сілы, і  месца для рэальных планаў, за якія не позна брацца ў любым узросце.

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2020г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru