Хутар Гаране – малая радзіма Міхаіла Савіцкага

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Сённяшні аповяд  пра ўдзельніка вайны, жыхара вёскі Вераб’і Міхаіла Канстанцінавіча Савіцкага.

Михаил Савицкий

Для вяскоўцаў, якія жылі на зямлі і з зямлі, было шчасцем, калі нараджаліся хлопчыкі. Яны ад бацькі сялянскую навуку пераймалі, прыводзілі ў дом нявестак – лішняя пара рук, асабліва ў сезон, не шко-
дзіла – род працягвалі. У сям’і Савіцкіх падрасталі тры сыны: Пётр, Павел і Міхаіл – бацькава змена,  і дзве дачкі – Марыя і Зоя – матуліны памочніцы.

– Жылі мы на хутары Гаране. У бацькоў была зямля, немалая па тым часе гаспадарка. Ад нашай працы залежыў дабрабыт сям’і, мы ўсе гэта разумелі, таму не ленаваліся, з першымі пеўнямі ўставалі, прыцемкам клаліся спаць, стараліся. Мы, хлопцы, змалку вучыліся рамяству, якое ў дарослым жыцці дапамагло б на хлеб капейку зарабіць, – успамінае Міхаіл Канстанцінавіч. – Вайна раптоўна перакрэсліла нашы планы. Убачыўшы немцаў,  якія прыехалі ў Вераб’і, спужаўся, бо  быў я на той час рослы, дужы хлопец, таму баяўся, каб не вывезлі  ў Германію, ці, што яшчэ горш, каб не забралі ў сваё фашысцкае войска ды не прымусілі супраць нашых ваяваць. Але тады быць расстралянымі, спаленымі, вывезенымі на чужыну  баяліся ўсе. Тым не менш гэты страх, затоены глыбока ў душы, гледзячы па ўсім, справакаваў хваробу, якая ў гады вайны, магчыма, выратавала мяне ад смерці, а  пазней стала прычынай  пажыццёвай інваліднасці.

“У салдаты мяне прызвалі ў 1944-м”

Пасля вызвалення Глыбоччыны ў 1944 годзе Міхаіла Савіцкага прызвалі ў армію – ён трапіў на Паўночны фронт. Баявыя дзеянні на Кольскай Поўначы пачаліся яшчэ ў чэрвені 1941 года і працягваліся да
7 кастрычніка 1944-га.

Шчасце, што іх, маладых і “зялёных” прызыўнікоў, якія не ўмелі са зброяй абыходзіцца і пораху не нюхалі, не кінулі адразу ў бой, а адправілі ў вучэбную часць. Умовы навучання там былі максімальна прыбліжаныя да баявых, бо непадалёк праходзіла лінія фронту. Яны вучыліся страляць, хадзіць  у атаку, капалі  не вучэбныя, а сапраўдныя,  акопы і траншэі, ставілі агароджанні, будавалі бункеры… У ліку мабілізаваных на ваенна-будаўнічыя работы, а гэта каля 30 тысяч чалавек, былі нядаўна прызваныя салдаты і  грамадзянскія, якія ўзвялі на подступах да Мурманска і Кандалакшы  некалькі “паясоў” абарончых збудаванняў. Перажыў нямецкія бамбардзіроўкі.  І  яму так хацелася, каб гэтае пекла хутчэй скончылася, каб вярнуўся дамоў, стаў за плуг і праклаў першую баразну… Аднойчы падчас ваенных трэніровак яго збіў з ног  балючы прыступ. Прыйшоў у сябе ў шпіталі.

–Жыць хацелася ўсім, тым больш, што было адчуванне – вайна хутка закончыцца. Не сакрэт, былі выпадкі самастрэлаў: каб не трапіць
на перадавую некаторыя  стралялі сабе ў руку ці ў нагу і клаліся ў шпіталь. Дактары напачатку не верылі ў маю хваробу, думалі, што я сімулянт. Каб праверыць рэфлексы арганізма, мне пад пазногці іголкі тыркалі, пакуль не пераканаліся, што хвароба не надуманая. Прызналі нягодным да службы і камісавалі, – кажа Міхаіл Канстанцінавіч.

– Аналізуючы жыццё, прыходжу да высновы, што бярог мяне Бог, хоць не аднойчы здараліся выпадкі, калі мог загінуць. Хвароба  не дапусціла мяне на перадавую, дзе мог бы загінуць ад  варожай кулі. Пасля вайны на лесапавале ў Архангельскай вобласці двое рабочых узарваліся на міне, а  я ж мог быць на іх месцы. Колькі разоў ужо дома, ідучы ці едучы, валіўся ад прыступу – мог жа і забіцца, і ўтапіцца, але дажыў да 97 гадоў…Напачатку, калі мне далі I групу інваліднасці, не пакідала пачуццё непаўнавартасці. Не думаў я  тады, што  мяне такога будуць кахаць дзяўчаты, што ажанюся, стану бацькам, унукаў і праўнукаў дачакаюся.

Михаил Савицкий с сыном
Міхаіл Савіцкі з сынам

Пасляваеннае жыццё

Жонкай Міхаіла стала Раіса з суседняй вёскі Загор’е. Разам  маладыя будавалі ў Вераб’ях хату, абзаводзіліся ўласнай гаспадаркай, сына на ногі падымалі.

–Мой свёкар Міхаіл Канстанцінавіч – майстар – залатыя рукі, які ўсё ўмеў і ўсё рабіў сам. Ён і хату будаваў, і калодзеж капаў, і пячнік быў добры. Па просьбе жонкі амаль кожны год у хаце печкі перарабляў па новых узорах. Ён у нас і танцор, і спявак – голас мае моцны, прыгожы. Веруючы. Шмат гадоў прыслужваў у царкве ў Бушыках. Як захварэла яго жонка, то ён і ў хаце прыбіраў, і адзенне мыў, і есці гатаваў і сам сябе, нягледзячы на ўзрост і няпростыя жыццёвыя абставіны, у рамках трымаў. З усімі дабразычлівы, прыветлівы быў, акуратны. Ад нараджэння інтэлігентны, тактоўны, выхаваны. Ніколі нікога  словам абразлівым не пакрыўдзіў. Калі трэба было, і парадай, і справай дапамагаў. У яго ўнутры, я сказал б, не  стальны, а тытанавы стрыжань, таму так любіць жыццё, паважае людзей, не схіляе галаву перад цяжкасцямі. Таму Божанька і адмерыў яму доўгі лёс, – шчыра гаворыць нявестка Тамара. – Я сама з Валожынскага раёна,  жывём з мужам у Мінску, але ў мяне на рабоце ўсе думаюць, што я родам з Глыбоччыны, таму што я пра гэты край і мясцовых людзей гавару пастаянна і  з захапленнем. Мае бацькі рана памерлі і для мяне, сіраты, бацькі мужа сталі роднымі людзьмі. Яны прынялі мяне ў сваю сям’ю, лічылі за дачку, за што я ім вельмі ўдзячна. Кожны год у маі мы з мужам прыязджаем у Вераб’і да нашага любімага дзядулі Мішы, бо ў яго жыцці тры самыя важныя святы: Каляды, Вялікдзень і Дзень Перамогі. Чулі б вы, як  прыгожа  ён спявае сваю любімую “Кацюшу” і “Чорнага ворана”! Апошнія гады Міхаіл Канстанцінавіч з восені да вясны жыве ў нас, а на лета  вяртаецца дамоў. І яшчэ вам скажу, што наш дзядуля – патрыёт Глыбоччыны! Каб жывучы ў сталіцы  быць у курсе спраў, якія  там адбываюцца  без яго,  папрасіў нас  выпісаць яму “Веснік Глыбоччыны” і прачытвае вашу   газету “ад коркі да коркі”. А яшчэ хачу праз вашу газету  падзякаваць старшыні Залескага сельвыканкама Барысу Зайцу, які  наведвае  нашага дзядулю ў Вераб’ях летам, дапамагае, калі трэба, дроў прывезці, абкасіць тэрыторыю, цікавіцца яго здароўем. 

Міхаіл Савіцкі з праўнукам Іванам
Михаіл Савіцкі з праўнукам Іванам

Міхаіл Савіцкі – багаты чалавек: у яго двое дарослых унукаў, двое праўнукаў. Для старэйшага  Вані дзядуля Міша – лепшы сябар, з якім ён малюе, гуляе і з вуснаў якога чуе балючыя аповеды пра вайну.

– Мой галоўны наказ маладым: захоўвайце памяць пра ваенныя гады, беражыце мір,  паважайце, дапамагайце і цаніце адзін аднаго. Кожнаму пакаленню даюцца свае выпрабаванні, якія не толькі аб’ядноўваюць і загартоўваюць людзей. Яны прымушаюць  задумацца над тым, як мы жывём, што робім, што трэба змяніць, каб людзі сталі цаніць дараванае Богам жыццё і магчымасці, – сказаў Міхаіл
Канстанцінавіч.

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2020г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru