Гісторыя аднаго прадпрыемства

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Кожны, хто хоць аднойчы ехаў па шашы Полацк-Глыбокае, бачыў незвычайную карціну: побач з вёскай Пліса проста сярод поля стаіць высокая цагляная труба.

Гэты аб’ект ужо колькі дзесяцігоддзяў прыцягвае ўвагу людзей. У адной з гумарыстычных газет нашай краіны ў 1990-х гадах нават з’явіўся фотаздымак з подпісам “Іншапланецяне пабудавалі трубу сярод чыстага поля!”.

Канечне, гэты аб’ект не іншапланетнага паходжання. Кожны жыхар вёскі Пліса ведае, што калісьці на гэтым месца стаяў цагельны завод. Але чаму ён спыніў сваё існаванне, не адпрацаваўшы і 20 год, – для многіх застаецца загадкай.

У Плісе нават існуе легенда. Нібыта адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны ўлады СССР задумалі пабудаваць на тых тэрыторыях, што найбольш пацярпелі за гады ваеннага ліхалецця, шэраг цагельных заводаў, каб як мага хутчэй аднавіць гарады і вёскі. А будаваць вырашылі там, дзе будуць мясцовыя запасы гліны. Каля Плісы якраз гэтага карыснага выкапня хапала, таму сюды прыехаў спецыяліст з Масквы, які павінен быў узяць гліну на аналіз і  высветліць яе якасці. Узяць то ён яе ўзяў, але да Масквы не давёз – у цягніку ў яго скралі сумку, дзе і была пліская гліна. Спалохаўшыся, што атрымае ад начальства “на арэхі” (камандзіроўка ж прайшла дарэмна), спецыяліст на бліжэйшым чыгуначным прыпынку адшукаў гліну і прывёз яе ў Маскву пад выглядам пліскай. Аналіз паказаў – гліна проста выдатная! Таму тэрмінова ў Плісе пачалі будаваць магутны цагельны завод, які мог бы задаволіць патрэбы ў будаўнічым матэрыяле не толькі Пліскага, але і суседніх раёнаў. Будоўлю паспяхова завяршылі, і тут высветлілася – пліская гліна зусім няякасная і мала прыгодная для вытворчасці цэглы! Завод яшчэ спрабавалі выратаваць, прывозілі сыравіну з іншых месцаў, але гэта было эканамічна не выгадна, і таму ў хуткім часе Пліскі цагельны завод закрылі.

Зразумела, што гэта толькі легенда, але нейкая доля праўды ў ёй ёсць. Сапраўды, народная гаспадарка нашага рэгіёна моцна пацярпела за гады вайны, краіна мела патрэбу ў будаўнічых матэрыялах.

У гэты час у Пліскім раёне працавала невялікая цагельня, што вырабляла 80 тысяч цаглін за год, але яе прамысловых магутнасцяў і блізка не хапала. Таму вырашана было на заходнім ускрайку вёскі Пліса пабудаваць больш магутны цагельны завод.

Распачалі будоўлю яшчэ ў 1945 годзе, але справа прасоўвалася вельмі марудна, бо ўвесь час не хапала працоўных рук. Таму рашэннем Пліскага сельскага выканаўчага камітэта ўзвядзенне завода было аб’яўлена “народнай будоўляй”. Гэта азначала, што ўсё працаздольнае насельніцтва рэгіёна павінна было працаваць на гэтай ніве па тры дні, выкарыстоўваючы свае ўласныя падводы. Напрыклад, згодна графіка, у ліпені 1946 года ад вёскі Пліса ў будоўлі павінны былі прыняць удзел 70 чалавек і 35 падвод, ад вёскі Тушына (сёння не існуе) – 50 і 20 адпаведна.

Аднак жыхары вёсак не спяшаліся на “народную будоўлю”. Справа ў тым, што амаль усе яны з’яўляліся калгаснікамі, а лета – самая гарачая пара для сельскай гаспадаркі. Таму старшыні калгасаў усяляк імкнуліся ўхіліцца ад удзелу ў будоўлі завода.

Тады мясцовыя ўлады пайшлі іншым шляхам – аб’яўлялі “нядзельнікі”, на якія абавязвалі з’явіцца ўсіх працаздольных на чале з упаўнаважанымі вёсак.

Гэта толькі некаторыя цяжкасці, з якімі сутыкнуліся пры ўзвядзенні цагельнага завода ў Плісе. Тым не менш, нягледзячы ні на што, будоўлю ўдалося завяршыць, і ў 1947 годзе прадпрыемства распачало сваю дзейнасць. Яно ўвайшло у склад Пліскага раённага прамысловага камбіната.

Завод пастаўляў сваю прадукцыю на будоўлі Пліскага і Глыбоцкага раёнаў. Тут пастаянна працавала каля 25 чалавек. І калі ў зімовы перыяд гэтага было дастаткова, то ўлетку, у самы разгар работы, працаўнікоў катастрафічна не хапала, бо амаль уся вытворчасць тут была ручной. З такім становішчам улады спрабавалі змагацца звыклым для сябе спосабам – абавязвалі старшынь калгасаў накіроўваць сваіх работнікаў на цагельны завод у дапамогу. Але тыя, вядома ж, выконвалі даручэнне з неахвотай, бо і сваёй працы было багата.

Ды і якасць мясцовай сыравіны была далёкай ад ідэальнай (як тут не прыгадаць тую самую легенду), з яе можна было вырабляць толькі цэглу маркі М – 50, якая падыходзіла толькі для пабудоў з мінімальнай нагрузкай. Прыходзілася давозіць гліну з іншых месцаў, што негатыўна сказвалася на сабекошце прадукцыі завода.

Усе гэтыя фактары (недахоп рабочых, неякасная гліна, ручная вытворчасць) прывялі да таго, што завод ні разу нават не наблізіўся да выканнання пастаўленага плану, а яго кіраўнікі мяняліся кожныя год-два.

У 1956 годзе была здзейсненая спроба паправіць гаротнае становішча прадпрыемства. Тут прайшла мадэрнізацыя, з’явілася новае абсталяванне для сушыльных печак, канвеер і механічны прэс, які мог за дзве смены ў суткі выдаваць 16 тысяч цаглін.

Адкрываліся новыя перспектывы перад заводам. Аднак на самой справе сітацыя амаль не змянілася. Па-ранейшаму не хапала кваліфікаваных рабочых (у першую чаргу для работы з механізмамі), тэхніка аказалася не адладжанай, і новы прэс замест 16 тысяч цаглін за суткі выдаваў у лепшым выпадку толькі 6 тысяч. Наступныя гады таксама сітуацыю не палепшылі.

У 1962 годзе Пліскі раён быў ліквідаваны, яго тэрыторыя далучана да Глыбоцкага раёна. Тады ж пачаўся і працэс ліквідацыі прадпрыемства. У 1964 годзе рашэннем Глыбоцкага райвыканкама зямельны ўчастак Пліскага цагельнага завода быў перададзены калгасу “Кастрычнік”, з цягам часу на матэрыялы разабралі будынкі.

Пакінулі толькі завадскую трубу ў якасці геадэзічнага і ваеннага арыенціра. Так і стаіць яна сярод поля, сумуючы па тых часах, калі з яе валіў густы дым, а жыццё навокал бурліла.

У. Мірончык,
навуковы супрацоўнік
Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2020г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru