Хлебная эпапея: пакупнікі – за якасць прадукцыі

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Тэму пра якасць прадукцыі Ушацкага хлебазавода, узнятую жыхаром вёскі Майсюціна ў №28 за 4 красавіка, працягнуў жыхар вёскі Лаўцы.

качественный хлеб
Фото использовано в качестве иллюстрации

У №30 ад 11 красавіка мы надрукавалі падрабязнае  тлумачэнне начальніка Глыбоцкага ўчастка Докшыцкага філіяла Віцебскага аблспажыўбаварыства Ларысы Вярцінскай па агучаным нашымі чытачамі пытанні. Чарговы званок на “гарачую лінію” рэдакцыі даў зразумець, што праблема пакуль не вырашана.

–З адказа  ў  раённай газеце мы зразумелі, што глыбоцкага хлеба мы ў аўталаўцы не купім, – сказала жыхарка вёскі Кульгаі Ломашаўскага сельсавета Ірына Яфрэменка. – Не скажу, што мы, вяскоўцы, блакітнай крыві і патрабуем ад гандлю невядома чаго. Цяжка было, па-ўсякаму жылі, усялякую ежу елі, але  цяпер, калі ўсяго хапае, хочацца, каб за  нашы грошы нам прадавалі хлеб, які можна есці, а не свінням ці сабаку  яго выкідаць. У Ломашах магазін працуе, там глыбоцкі хлеб ёсць, але  з Кульгаёў туды 6 кіламетраў, а мы ж пенсіянеры, не кожны дойдзе за тым хлебам ці батонам. Аўталаўка для нас – выгода, таму і хочам, каб прывозіла яна нам свой, глыбоцкі, смачны хлеб, бо ушацкі есці неяк. І ў гэтым мяне падтрымліваюць усе  “кульгаёўцы” і жыхары суседніх вёсак Руднікі, Ламці, Карасі, Загацце, Булахі. Калі нас ніхто не пачуе, будзем звяртацца ў камісію па абароне правоў спажыўцоў, што працуе пры райвыканкаме, і патрабаваць  правядзення незалежнай экспертызы  прадукцыі Ушацкага хлебазавода.

Каб высветліць сітуацыю, мы звярнуліся да старшыні Ушацкага райспажыўтаварыства Ліліі Долгай і загадчыцы хлебапякарнага цэха Ушацкага хлебазавода Ірыны Казлоўскай.

–На хлебазаводзе сёлета ўстанавілі печ новага пакалення нямецкай вытворчасці “VIWE”, больш эканамічную за ранейшую на 30-40%. Хлебабулачную прадукцыю завода мы пастаўляем у продаж і ў магазіны Ушацкага раёна, і ў гандлёвыя кропкі Глыбоцкага і Полацкага раёнаў, якія ўваходзяць ў нашу зону абслугоўвання. Ніякіх нараканняў дагэтуль не было, хлеб свежы, смачны, без усялякай “хіміі”. У абавязковым парадку будзем разбірацца з такімі скаргамі і выпраўляць сітуацыю, бо для нас важна ўмацоўваць  імідж прадпрыемства, – сказала Лілія Альбінаўна.

–Новая печ прызначана для выпечкі фармавога хлеба “Гатаўскі” і “Ураджайны”, а таксама новага “Лучайскага” з кменам. Новая печ выдатная, з  кругавой цыркуляцыяй  гарачага паветра для раўнамернага выпякання прадукцыі, з падачай пара, які падрумяньвае  скарыначкі. Усе працэсы камп’ютарызаваныя, што дазваляе ўпраўляць работай печы на адлегласці. Спецыялісты завода прайшлі навучанне па яе карыстанні, праблем няма. Што датычыць асартыментнага пераліку, то прайс-лісты мы адправілі ва ўсе раёны, у тым ліку і ў ваш, Глыбоцкі. Для Ушаччыны і Полаччыны па заказах  мы выпякаем 800-грамовы хлеб і 400-грамовыя батоны, а для Глыбокага – хлеб вагой па 900 грамаў і батоны “Каласок” па 500 грамаў. Па рэцэптуры хлеб аднолькавы, толькі разважванне рознае. Кожны дзень бяром прадукцыю на лабараторнае даследаванне (аналіз), ніякіх тэхналагічных парушэнняў не выяўляем. Напрыклад, у магазін вёскі Псуя – гэта ж ваш раён – мы хлеб пастаўляем не адзін год, ніякіх прэтэнзій  ні разу не мелі. Калі пайшлі скаргі  ад пакупнікоў аўталавак з вашага раёна, мы пачалі выпякаць  і адгружаць вам хлеб па 0,8 кг., таму што ён таннейшы. Па кошце, напрыклад,  хлеб  “Славянскі асобы” 800-грамовы каштуе 1 руб.32 капейкі, а такога ж гатунку 900-грамовы  – 1 руб.68. Батон “Каласок”  400-грамовы каштуе 1 руб. 24 капейкі, а 500-грамовы – 1 руб. 49 капеек.  Хачу сказаць, што батоны нашы пышныя, прыгожыя, таму што мы дадаём у цеста разрыхляльнік, які, дарэчы, працягвае тэрмін захоўвання прадукцыі да 6 сутак, – тлумачыла Ірына Аляксандраўна.

Ці можа гэты разрыхляльнік  быць прычынай таго, што хлеб і батоны не рэжуцца, а крышацца, я не ведаю, бо не тэхнолаг, але вырашаць  злабадзённае пытанне  трэба неадкладна. З гэтай мэтай Ірына Казлоўская 17 красавіка, у дзень прыходу аўталаўкі ў вёску Кульгаі, пабывала там і сустрэлася з жыхарамі, якія напрамую расказалі спецыялісту аб сваіх прэтэнзіях. Ірына Аляксандраўна  пакінула вяскоўцам нумар свайго тэлефона і папрасіла званіць па ўсіх пытаннях асабіста ёй.

–Мы разумеем загадчыцу цэха: яна абараняе інтарэсы прадпрыемства і  свайго  калектыву, але калі у іх там нейкія  збоі адбываюцца ў рабоце печы, ці яшчэ ў чым, то іх павінны выпраўляць рамонтнікі. Нас гэта датычыць не павінна, бо  мы плоцім грошы за тавар і просім, каб ён быў якасным. Скажу, што падкантрольная партыя хлебабулачных вырабаў, якая 17 красавіка дайшла да нас,  была лепшай якасці. Такі хлеб і батоны есці можна, – канстатавала ў размове  пасля сустрэчы са спецыялістам Ірына Яфрэменка.

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2020г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru