“Узарала катастрофа, быццам плугам, нашы жыцці…”

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

На Глыбоччыне пражываюць 36 чалавек, якія, згодга  артыкула 19 Закона Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2009 года № 9-3 “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, што пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і іншых  радыяцыйных аварый”, атрымліваюць дзяржаўныя выплаты.

Раіса Касцюкова
Раіса Касцюкова

У іх ліку – ліквідатары аварыі,  перасяленцы з забруджаных радыяцыяй зон, дзеці-інваліды, на лёсе якіх 34 гады назад  Чарнобыль  паставіў сваю чорную пячатку.

З малой радзімай былі звязаны вялікія надзеі

Малая радзіма Раісы Касцюковай – вёска Янаўка Кармянскага раёна Гомельскай вобласці. Яна – другое па ліку дзіця ў шматдзетнай сям’і, у якой падрасталі тры  хлопцы і дзве сястрычкі. Вясковае дзяцінства Раі нічым не адрознівалася ад дзяцінства яе равеснікаў: змалку дапамагала маме  па доме, на кухні і па гаспадарцы,  была нянькай для малодшай сястрычкі, збірала грыбы-ягады, бегала на возера, а пазней — на танцы і не думала, што некалі, уцякаючы ад радыяцыі,  прыйдзецца пакінуць родныя мясціны.

– Як і многія  вясковыя дзяўчаты, я выбрала прафесію бухгалтара. Скончыла Мінскі тэхнікум савецкага гандлю, вярнулася ў Карму. Выйшла замуж. Нарадзіла сына і дачку. Атрымалі кватэру.  Дванаццаць гадоў адрацавала галоўным бухгалтарам раённага аддзела адукацыі Кармянскага райвыканкама.  Усё было, як і ва ўсіх: на рабоце рупіліся,  да бацькоў у вёску  ездзілі,  агароды  садзілі, за святочным сталом збіраліся, жыццё планавалі…  І тут узарваўся Чарнобыль. Гомельская вобласць аказалася ў ліку самых забруджаных, многія вёскі  трапілі ў зону адсялення.

Мае сябры, суседзі, знаёмыя выязджалі хто куды:  у Мінскую вобласць, на Віцебшчыну, Брэстчыну. Мы нейкі час пажылі  ў Карме, але зразумелі, што рызыкаваць здароўем дзяцей не варта – рашыліся на пераезд. Выбралі Глыбокае, і, пражыўшы тут  26 гадоў, я пераканана, што мы не памыліліся, – гаворыць Раіса Юр’еўна.

Раиса Костюкова
2015 год: Раіса Касцюкова (першая злева) з калегамі па рабоце Святланай Рудак, Валянцінай Хрысталовіч, Вольгай Шалаевай, Марынай Керзяёнак і Нінай Шабалоўскай.

Чужына  стала  не мачахай, а другой  бацькаўшчынай

– У Глыбокім жыў мой старэйшы  брат Аляксандр і я тады-сяды прыязджала да яго ў госці. Мне вельмі падабаўся гэты  кампактны ўтульны  прыгожы, з неверагоднай колькасцю квітнеючых ружаў і багаты азёрамі гарадок. Прырода Глыбоччыны нечым напамінала мне Карэлію, дзе давялося крыху пажыць, таму, параіўшыся з мужам, мы выбралі Глыбокае. У рамках дзяржаўнай праграмы падтрымкі сем’яў-перасяленцаў нам  бясплатна выдзелілі  кватэру па Садовай вуліцы, бясплатна  прадставілі  транспарт, каб перавезці нажытае, і з 1994 года свой  радавы летапіс  мы ўжо пішам на Глыбоччыне. Пакуль былі жывыя бацькі – хацелася дадому, і мы ездзілі ў Янаўку, а цяпер для мяне малая радзіма – гэта толькі родныя магілы і ўспаміны, якія заўсёды са мной, – уздыхае Раіса Юр’еўна. – За чвэрць стагоддзя  Глыбокае стала для мяне і маёй сям’і другой бацькаўшчынай. Тут я была запатрабаванай, як спецыяліст. Без праблем улілася ў калектыў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дзе 18 гадоў працавала галоўным бухгалтарам. У мяне былі выдатныя калегі – Вольга Шалаева, Ніна Шабалоўская, Алена Пятроўская, Ірына Малеша, Валянціна Хрысталовіч, –  якія да цяперашняга застаюцца добрымі шчырымі сябрамі. Тут жывуць душэўныя спагадлівыя людзі, якія ніколі не адмовяць у дапамозе. Тут заканчвалі школу мае дзеці, адсюль я адпраўляла іх у дарогу, тут жаніла, сустракала ўнукаў. Тут я не адчуваю сябе адзінокай, бо мае родныя побач. З братам Сашам жывём  у адным доме, малодшы брат Раман з сям’ёй  – у вёсцы Петрунова.  Да нядаўняга часу ў суседнім Шаркаўшчынскім раёне жыў брат Мікалай, які па сямейных абставінах пераехаў у Мінскую вобласць. Лёс надзейна звязаў мяне з Глыбоччынай,  і  на гэтай зямлі я адчуваю сябе шчаслівай!

У Раісы Юр’еўны і Аляксея Ціханавіча чацвёра ўнукаў: двое жывуць  у Карме, двое – у Егіпце. Жанчына, якая вырасла ў шматдзетнай сям’і, з задавальненнем слухае дзіцячае шчабятанне, праўда, часцей па тэлефоне і  скайпе.

– Памятаю, калі мы яшчэ жылі ў Карме, летам усіх дзяцей вывозілі ў Мінскую вобласць у піянерскія лагеры на адпачынак і лячэнне. Шлейф аўтобусаў хаваўся за гарой і ў пасёлку наступала  цішыня, якая мяне надта пужала.  І сёння адчуванне  падобнае:  гляджу ў акно – вясна, сонца, птушкі спяваюць, а дзяцей у двары не бачна і не чутна, вакол пуста – ні чалавека,  і сэрца зноў  трапечацца ад страху і трывогі. На маю думку мы перажываем другі Чарнобыль, толькі раней нас знішчала нябачная радыяцыя, а цяпер – вірус. Дай  Бог нам усім сілы перамагчы  гэтую эпідэмію і зноў радавацца жыццю, – з нотакамі ўпэўненасці пажадала Раіса Юр’еўна  глыбачанам.

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2020г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru