Журавінавы бізнес Васіля Брылёнка, альбо “Пацалункі-падарункі” ад глыбоцкай сям’і

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Журавінавы бізнес Васіля Брылёнка, альбо  “Пацалункі-падарункі” ад глыбоцкай сям’і.

Василий Бриленок
Васіль Брылёнак

Для нас, глыбачан, журавіны ў цукровай пудры, як і згушчонка, – любімыя прысмакі. К таму ж ласуемся імі не толькі самі: дорым, прэзентуем знаёмым, сябрам, родным, калі едзем да іх у госці альбо яны да нас прыязджаюць. Журавіны ў цукры – пазнавальны прадукт, брэнд Глыбокага.

Дарэчы, некалькі каробачак глыбоцкіх журавін у цукровай пудры вытворчасці фірмы “Аржаніца” ўваходзіць у падарункавы набор, які Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручае высокапастаўленым асобам падчас рабочых візітаў. А гэта значыць, што якасць натуральнай прадукцыі з Глыбокага ацэнена на самым высокім узроўні. Сапраўды, “Аржаніца” заслугоўвае прызнання.  

Василий Брилёнок

Узнагарода – для ўсёй каманды

У пачатку 2020 года адзначана і работа кіраўніка прыватнага прадпрыемства. Лаўрэатам ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны-2019” у намінацыі “Прамысловасць, гандаль і паслугі, фінансавая дзейнасць, малы і сярэдні бізнес” стаў дырэктар таварыства з дадатковай адказнасцю вытворча-камерцыйнай фірмы “Аржаніца” Васіль Брылёнак.

Гэтае званне прысвоілі не мне канкрэтна, а нашай фірме і ў першую чаргу заснавальніку – майму бацьку, Анатолю Брылёнку. Маіх заслуг у гэтым нямнога, – адразу са слоў удзячнасці блізкаму чалавеку пачаў размову малады кіраўнік, з якім сустрэліся ў яго рабочым кабінеце. – Бацька вельмі шмат сіл патраціў на станаўленне фірмы, а шлях быў вельмі цярністым. У 90-х гадах мінулага стагоддзя, як з’явілася фірма “Аржаніца”, камерсантаў лічылі спекулянтамі. Мой бацька ўсім даказаў, што камерцыйная прыватная фірма можа існаваць, плаціць падаткі, ствараць рабочыя месцы  і выпускаць натуральныя кандытарскія прысмакі. Таму ганаровае званне –  гэта дасягненне ў першую чаргу таты і, канешне, усяго нашага калектыву, які працуе з 1992 года на працягу 28 гадоў. Я ж уліўся ў гэтую фірму толькі з 2014 года. Адпрацаваў пяць гадоў намеснікам дырэктара. На пасадзе кіраўніка з мая 2019-га – і гэта вельмі вялікая адказнасць. Дырэктар, як у свой час тлумачыў мне бацька, гэта капітан карабля. Куды курс трымае капітан, туды і плыве карабель.

А “карабель” пад назвай “Аржаніца” нязменна трымае курс на выпуск карысных і смачных натуральных прадуктаў.

Аржаница

“Гэта толькі пачатак”

Рабочы кабінет кіраўніка “Аржаніцы” можна назваць і невялічкім музейчыкам гісторыі станаўлення і развіцця прыватнага прадпрыемства. На сценах – сертыфікаты і ўзнагароды, на паліцах шафаў – выставачныя экзэмпляры прадукцыі: ад першых зялёна-чырвоных каробачак журавін да сучасных слоічкаў з працёртымі ягадамі.

Гаспадар кабінета, апрануты ў строгі касцюм, папраўляе гальштук і адзначае:

– Касцюм толькі для здымка, бо звычайна даводзіцца выконваць розныя функцыі. На малых камерцыйных прадпрыемствах прыватнай формы ўласнасці дырэктар звычайна не сядзіць за сталом. Вось і сёння раніцай дапамагаў разгружаць 5 тон цукру.

Заўважаю сярод здымкаў, што на сцяне, фота з нядаўняй урачыстасці:

– Як даведаліся пра такую прыемную навіну?

– Дзесьці за месяц да ўрачыстай цырымоніі патэлефанавала начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Іна Валер’еўна Голуб: “Віншую, Васіль Анатольевіч, вас намініравалі на “Чалавек года Віцебшчыны”. Шок, здзіўленне! Прыемна, канешне, што заўважылі нашу фірму і адзначылі, як менавіта камерцыйную структуру, бізнес-вытворцу. Але ж і адказнасці прыбавілася! Трэба адпавядаць узнагародзе. Падчас цырымоніі Мікалай Мікалаевіч Шарснёў запытаў у мяне: “Гэта ж толькі пачатак?” – “Канешне, будзем добра працаваць і далей”, – адказаў я. Дарэчы, Мікалай Мікалаевіч быў у нашай фірме гадоў пяць таму разам з былым Прэм’ер-міністрам Андрэем Кабяковым. Вытворчасць паказваў тады бацька.

У прадстаўленні да ганаровага звання было пазначана, што Васіль Брылёнак, адвучыўшыся ў Полацкім дзяржаўным універсітэце на тэхналагічным факультэце па спецыяльнасці “Машыны і апараты хімічных вытворчасцей і прадпрыемстваў будаўнічых матэрыялаў”, 7 гадоў адпрацаваў на наваполацкім “Паліміры”.

– Атрымаў пэўны вопыт па сваёй спецыяльнасці, папрацаваўшы з рознымі апаратамі, і ва ўзаемаадносінах у калектыве, – прыгадвае малады кіраўнік.  – Ад простага апаратчыка 4-га разрада даслужыўся да намесніка начальніка змены. Работа была цікавай, па зменах у 12 гадзін. Наогул там зразумеў: чым цяжэйшая работа (а ў нас быў пажара- і ўзрыванебяспечны цэх з вуглевадародамі, высокім ціскам і тэмпературай), тым дружнейшы калектыў. І хоць з харчовай вытворчасцю я ніяк не быў звязаны, але вопыт работы з калектывам, дакладна, набыў – цяпер спатрэбілася.

Аржаница

“Аржаніца” – справа сямейная

Вызначыць, хто ў развіццё “Аржаніцы” ўносіць найбольшы ўклад, – складана. Гэта ж справа сямейная! “Капітанам” Анатоль Апалінар’евіч Брылёнак па-ранейшаму застаецца – ва ўсіх дакументах фірмы ён значыцца як заснавальнік (“учредитель”).

– Анатоль Апалінар’евіч займае зараз пасаду загадчыка гаспадаркай, але па ўсім стратэгічным накірункам, што тычацца фінансавых укладаў, без яго ўзгаднення рашэнне не прымаем, – заўважае Васіль Анатольевіч.

На перадавой сямейнага бізнесу і Ніна Васільеўна Брылёнак. Верная спадарожніца “капітана” і маці маладога кіраўніка працуе намеснікам дырэктара. На працягу чвэрці стагоддзя займаецца збытам прадукцыі.

– Ніна Васільеўна нясе каласальны груз адказнасці па яе рэалізацыі, бо мы працуем толькі па заказах. Мой старэйшы брат працуе ў Мінску ў IT-індустрыі, а сястра працуе сямейным псіхолагам у горадзе Глыбокае і дапамагае нам у кантрольна-рэвізійным органе экалагічнага грамадскага аб’яднання “Клюквачы”, – расказаў Васіль Брылёнак, які, між іншым, з’яўляецца старшынёй савета “Клюквачоў”.

Сям’ёй Брылёнкі лічаць і ўвесь свой калектыў, 24 работнікі:

– Каманда ў нас універсальная. Кожны з работнікаў мае разнастайныя здольнасці. Электрык набыў спецыяльнасць токара і слесара. Механік – ён жа інжынер па ахове працы дапамагае і па слесарнай справе. Жанчыны таксама выконваюць, мяняючыся, шэраг самых розных аперацый у вытворчасці дражэ.

Сямейнай справай сталі і згаданыя “Клюквачы”.

– Прыдумаў назву пляменнік (якому на той момант было 6 гадоў). А чаму стварылі? Без журавін нам працаваць і сэнсу няма, – тлумачыць кіраўнік. – Заўважылі, што з кожным годам журавін усё менш. Сталі разбірацца. Як аказалася, з-за няправільнага збору выкошваюцца кустарнікі ягад. Зразумелі, што трэба пачынаць змагацца. Стварылі аб’яднанне. Разам з начальнікам Глыбоцкай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандрам Аляксандравічам Казаком перыядычна ездзім у рэйды на балота і азёры. На пачатак збора ягад аб’язджаем нарыхтоўшчыкаў, пункты прыёма. Адно з распаўсюджаных парушэнняў – збор зялёнай ягады. З асабістых назіранняў ведаю, калі ягада менш чым на 60 працэнтаў пачырванела, то яна не зможа выспець – згніе.

Аржаница

Клопаты маладога кіраўніка

На стале дырэктара на галоўным месцы аркуш паперы – план работы, у якім многія пункты ўжо выкраслены. Пакуль на кантролі пытанне па пашырэнні і добраўпарадкаванні тэрыторыі ля прамысловай вытворчасці, каб усё вакол было прыгожа і эстэтычна.

– У сваёй працы кіруюся прынцыпам: мэта павінна быць рэальнай, дасягальнай і канкрэтнай у пэўных рамках часу. План на месяц раблю загадзя, па ім і працую. Так рабіў тата, так па яго падказцы раблю я. Распланаваны і кожны дзень, як правіла ненарміраваны, які можа прадаўжацца дома да позняга вечара, бо пытанні і праблемы, якія ўзнікаюць, хочацца вырашыць адразу. Але перш чым прымаць рашэнне, трэба з розных бакоў яго абысці, падумаць. У мяне ёсць вопытныя дарадцы, у першую чаргу бацькі, якія з’елі не адзін пуд солі.

“Аржаніца” развіваецца паступальна: запоўнілі беларускі рынак, перайшлі на расійскі. Хоць там і маюцца вытворцы-канкурэнты – чацвёрты год пастаўляем у гандлёвую сетку Расіі “ВкусВилл” дражэ з карыцай і імбірам. Адправілі пробную партыю на Казахстан.

З усходу скіравалі свой погляд на захад. Паспрабавалі ездзіць на выставы натуральных прадуктаў у Польшчу, дзе для простых людзей мы сталі адкрыццём. Яны не маглі паверыць, што з журавін можна рабіць сладасці. У 2016 годзе адкрылі прадстаўніцтва ў Варшаве, каб пашырыць рынкі збыту. У Польшчы нашу фірму ведаюць як “Брыленова”, – Васіль Анатольевіч дэманструе, як выглядае глыбоцкая прадукцыя, што ідзе за мяжу.

Між іншым, польскі варыянт глыбоцкіх журавінак у цукры мае сімпатычную сімвалічную назву “Анатолькі”.

– У 2019 годзе закупілі 35 тон журавін. Захоўваць журавіны мы навучыліся нават у летні перыяд. Якасны прадукт ніколі не атрымаецца, калі няякасная сыравіна. Каб не есці адзіц цукар у дражэ, бярэм ягадку дыяметрам у 5 мм і больш. Для гэтага ёсць сартавальная ўстаноўка, але яе магутнасці не хапае на нашы нарыхтоўкі, плануем у гэтым годзе набыць другую, – дзеліцца планамі кіраўнік. – Паступова праводзім мадэрнізацыю. Прычым кожны крок абдуманы. Прыказка “Сем раз адмерай, адзін раз адрэж”  – гэта пра нас на 200 працэнтаў. Устанавілі для сушкі дражэ сушыльныя шафы замест энергаёмкіх цеплавых пушак. Для бяспечнай працы з цукровым пылам, які ўтвараецца пры здрабненні, паставілі выцяжкі і вентылятары. Замянілі ўстарэлую апаратуру па разліўцы цёртых ягад на новую сучасную невялікіх памераў. Нам нельга стаяць на месцы, спынішся, адразу адстанеш.

За цяжкасці ў збыце прадукцыі перажывае Ніна Васільеўна, з якой пагаварылі крышачку пазней:

– Сваім беларускім фабрыкам прыходзіцца выжываць у сучасных умовах вялікай канкурэнцыі: з’явілася шмат украінскіх і расійскіх вытворцаў. На жаль, у нашых гандлёвых сетках чамусьці паліцы для беларускіх тавараў трэба адваёўваць. Нам пастаянна трэба шукаць добры збыт, а ён у прыгранічных гарадах, дзе шмат турыстаў. Заўсёды ў пошуках новага цікавага прадукта для дзяцей і дарослых.

– Новенькае прыдумаць проста, але ўкараніць у вытворчасць больш складана. Шмат нюансаў у падрыхтоўчым этапе: ад распрацоўкі рэцэптур да ўпакоўкі. Апошнія з навінак пасля мармеладу – гэта дражэ з імбірам, а таксама кардамонам і карыцай. Але наша асноўная прадукцыя – пакуль класіка, – заўважае прадпрымальнік. – Зараз працуем у накірунку экалагічнасці ўпакоўкі – плануем адмовіцца ад пластыка, куды фасуем мармелад.

– Наша мэта – вынайсці хуткі і лёгкі перакус для моладзі, якая заўсёды спяшаецца і любіць перахапіць на хаду. Тым больш мы прапаноўваем здаровае харчаванне – у нашай прадукцыі адсутнічаюць кансерванты, – зазначае Ніна Васільеўна.

Аржаница

Асаблівасці журавінавага бізнесу

Пра журавіны Васіль Анатольевіч, здаецца, ведае ўсё. Ці не дзве гадзіны запар расказваў пра карысць гэтых ягад, а таксама пра асаблівасці журавінавага бізнесу.

– Журавіны – першакласны антыаксідант, дзякуючы прыроднаму складу абараняе арганізм ад віруснай інфекцыі. Далей, журавіны – самыя тэхналагічныя ягады, як і брусніцы, але брусніцы больш дробныя. А ў журавінак – выдатны цвёрды корпус для дражэ. К таму ж у наяўнасці вялікая колькасць бензойнай кіслаты, якая служыць сродкам захоўвання гэтай ягады, – дзеліцца цікавымі фактамі прадпрымальнік. – Наш прадукт “Журавіны ў цукровай пудры” спецыфічны, бо мае невялікі тэрмін захоўвання – 30 сутак. Аператыўнасць нам патрэбна і падчас нарыхтоўчага сезона ўвосень, і кожны дзень падчас продажу. Журавіны ўнутры свежыя, і праз пэўны час могуць страціць свае якасці, высахнуць. Нашы канкурэнты-расіяне ў сваёй прадукцыі выстаўляюць большы тэрмін захавання – да трох месяцаў, але гэта нерэальна для натуральнага прадукта. Дзеля цікавасці мы праводзілі эксперымент, але за 50-60 дзён журавіны высыхаюць і становяцца нясмачнымі. Для гандлю доўгі тэрмін захавання – гэта вельмі добра, але мы клапоцімся пра наш імідж і задаволенасць нашага спажыўца.

– Таму і новую, вельмі рамантычную, назву займелі журавіны у цукровай пудры? – скіроўваю погляд на каталог з навінкамі “Аржаніцы”.

– Наш гандлёвы знак называўся “Глыбінка лясная”, але ідэі па глабальным змяненні брэнда віталі ў паветры – хацелі ўсю прадукцыю зрабіць у адным стылі. І так сышліся зоркі: на нас выйшаў Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, і ў праекце з ім правялі рэбрэндынг нашых кандытарскіх вырабаў. Вядомая мінская брэдынгавая фірма “Фабула” прапанавала нам 8 гандлёвых знакаў, і мы калегіяльна выбралі “Пацалункі-падарункі”. Гучыць вельмі прыгожа. Купіўшы прысмакі ў падарунак, дорыш і пацалунак.Такая светлая, душэўная, нават больш маладзёжная назва. Гэта ўжо наша інтэлектуальная ўласнасць. Цяпер за свае сродкі распрацавалі этыкеткі ў нашым новым стылі “Пацалункаў-падарункаў” для лінейкі кансервацыі, якая будзе цалкам зацягвацца ў тэрмаўсадачную плёнку. Чаму вырашылі выкарыстоўваць беларускую мову? Па просьбе спажыўцоў. Маўляў, унікальны беларускі прадукт, а ўсё на ўпакоўцы падаецца па-руску. Мы прызналі, што гэта наша ўпушчэнне і выправіліся. Унутры ўпакоўкі – прыродаахоўная інфармацыя, якую прафінансавала ААН, дзякуючы ўдзелу нашай фірмы ў адным з праектаў з экалагічным накірункам.

Больш інфармацыі пра журавіны і іх вытворчасць змяшчаецца на сайтах “Аржаніцы”, “Брыленова” і грамадскага аб’яднання “Клюквачы”, на аднайменных старонках у сацыяльных сетках. А набыць брэндавую прадукцыю ў Глыбокім можна ў магазінах “Смак” і “Домовой”.

Бліц-апытанне на развітанне

– Любімае захапленне?

– Я вельмі люблю рыбалку, асабліва зімовую. Гэта зіма для мяне атрымалася “траурной”, ні разу не выйшаў на лёд. Упершыню за 25 гадоў майго захаплення зімовай рыбалкай такога ніколі не было.

– Рэальная мэта пастаўлена?

– Як малады дырэктар, заканчваю курсы бізнес-адміністравання. Пасля іх планую здаць экзамен на дазвол нашэння зброі – мой старэйшы брат, які захапляецца практычнай стральбой, агітуе. Ёсць фамільнае ружжо дзядулі, якое па спадчыне пераходзіць мне. Я не паляўнічы, але ружжо павінна быць.

– Любімы сняданак кіраўніка “Аржаніцы”?

– Люблю бутэрброды з нашым мармеладам ці з варэннем любым. Яно ў нас накшталт пяціхвілінкі: з маліны, галубікі, брусніц ці журавін.

– Месца сустрэчы ўсёй сям’і Брылёнкаў?

– База адпачынку ў Ластавічах, дзе ёсць валейбольная пляцоўка, лазня.

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2020г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru