Уладзімір Захараў: хачу быць гаспадаром!

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (3 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Уладзімір Захараў  і Алена Яроменак – удзельнікі “круглага стала”, які  прайшоў у рамках тыдня прадпрымальніцтва. Яны расказалі пра  першыя крокі ў бізнесе і разам выпрацавалі  алгарытм  дзейнасці, які можа стаць падказкай  тым, хто хоча працаваць на сябе. Не ўсе пакупнікі  асабіста  знаёмыя з Уладзімірам Леанідавічам,  але ўсе, глыбачане і жыхары сельскай  глыбінкі, ведаюць, дзе ў Глыбокім  знаходзіцца  магазін “Атлант”,  у якім больш за дваццаць гадоў яны купляюць такую  патрэбную для дома бытавую тэхніку.

портрет
Уладзімір Захараў

Уладзімір Леанідавіч – прадпрымальнік з дваццацітрохгадовым працоўным стажам і вопытам, якога хопіць для ўсіх ІП-пачаткоўцаў. А пачынаў ён у савецкі час, як і большасць яго равеснікаў. Адвучыўся ў Полацкім гандлёвым тэхнікуме. Атрымаўшы спецыяльнасць электрамеханіка па рамонце халадзільнага і гандлёва-тэхналагічнага абсталявання, вярнуўся ў Глыбокае. Пяць гадоў працаваў па сваёй прафесіі  на Глыбоцкім участку  рамонтна-мантажнага прадпрыемства Віцебскага аблспажыўтаварыства.

У “ліхія” гады развала Савецкага Саюза многія глыбачане па-рознаму прыстасоўваліся да няпростых эканамічных абставін. Адны былі незадаволены сітуацыяй, заробкамі, адсутнасцю перспектывы, але, як прывязаныя”,  трымаліся  за дзяржаўную работу. Другія кідалі яе і  шукалі іншае прымяненне сваім сілам  і здольнасцям.

Уладзімір Леанідавіч  не баяўся самастойнасці, таму і  замахнуўся на  ўласную справу.  У 1997 годзе, калі на  прыватніка  ў раёне глядзелі, як на дыназаўра, ён зарэгістраваўся індывідуальным прадпрымальнікам. Яго былы аднакурснік Мікалай Бабіч зрабіў тое самае і стаў напарнікам Уладзіміра. Праз два гады Уладзімір Леанідавіч заключыў дагавор на абслугоўванне бытавой тэхнікі з мінскім звадам “Атлант”. Гэта  стала пачаткам  плённага дзелавога супрацоўніцтва ў  сервіснай і гандлёвых сферах, якое працягваецца да цяперашняга. Адкрыты ў 2007 годзе магазін “Атлант” у хуткім часе стаў лідарам продажу бытавой тэхнікі  ў рэгіёне.

Сёння прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “Глыбокае Атлант-Сервіс”, нягледзячы на жорсткую канкурэнцыю з боку інтэрнет-магазінаў і профільных прыватных гандлёвых брэндаў,  –  прыбытковая камерцыйная фірма, якая спраўна выплачвае падаткі ў бюджэт нашага раёна, прадстаўляе гарантаваны  сацыяльны пакет дванаццаці работнікам,  а пакупнікам –   шырокі асартымент тавараў з гарантыяй іх  якаснага абслугоўвання і мае планы далейшага развіцця.

атлант

– Гэта цяпер дзяржава падтрымлівае прадпрымальнікаў, прадстаўляе цэлы комплекс ільгот па падатках, арэндзе, а раней разлічваць трэба было толькі на сябе. Пачынаў  з “голай” ініцыятывы і ўласных рук,  пашыраў партнёрскія кантакты,  гадамі падбіраў калектыў – шукаў зацікаўленых і адказных людзей, тэхнічна граматных спецыялістаў, якім  можна даверыць любую работу, напрацоўваў кліентскую базу, – расказвае Уладзімір Леанідавіч. – Цяпер  наш калектыў –  гэта сям’я, аб’яднаная адной мэтай: не проста трымацца на плаву, а працаваць з прыбыткам, мець годныя  і стабільныя заробкі. Перад дзяржавай  даўгоў не маем:  летась выплацілі  амаль 50 тысяч рублёў падаткаў у бюджэт раёна.

Уладзімір Леанідавіч прагрэсіўны кіраўнік: сваім работнікам давярае, іх работу не кантралюе, “на кавёр” нікога не выклікае, ініцыятыву заахвочвае, добрую работу адзначае рублём, а калі трэба, закасвае рукавы і дапамагае разгружаць  тавар – фізічная сіла лішняй не бывае.

Падчас размовы з біснесменам спытала: “Што трэба для таго, каб  бізнес быў  прыбытковым?”

– Усё, што залежыць ад мяне і ад калектыву, мы робім, але прыбытак у многім залежыць а даходаў пакупнікоў, а імі пахваліцца могуць  не многія. Таму распрацавалі сістэму  растэрміновак і скідак – мы свайго пакупніка цэнім і ім даражым, – сказаў Уладзімір Леанідавіч.

Ну а што датычыць “набора прадпрымальніка”, які  дапаможа адкрыць уласную справу, то ў ім, на думку майго суразмоўцы,  павінны быць асабістая ініцыятыва, душа, што ляжыць да абранай справы,  жаданне стаць гаспадаром, неабходныя базавыя навыкі ў абранай сферы дзейнасці, працаздольнасць, псіхалагічная і фізічная загартоўка і разуменне таго, што працаваць трэба  пры любых умовах і сітуацыях.

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

 

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru