“Дзядуля быў паранены пад Ржэвам”

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Праект “Героі Перамогі”: “Дзядуля быў паранены пад Ржэвам”.

Сквозь шторм свинца, сквозь ураган огня,
Сквозь смерть саму прошли, не зная брода.
Весь мир не может до сих пор понять –
Как их хватило на четыре года?!

Аляксандр Мікалаевіч
Аляксандр Мікалаевіч

Гэтыя словы з песні Міхаіла Ножкіна таксама і пра майго дзядулю, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, ардэнаносца Аляксандра Мікалаевіча Бабіча. Нарадзіўся ён 2 лютага 1911 года ў вёсцы Мярэцкія Глыбоцкага раёна (у той час Полацкая вобласць Літоўшчынскі сельсавет). Да вайны дзядуля закончыў тры класы пачатковай школы, працаваў у калгасе, ажаніўся, і ў 1940 годзе на свет з’явілася мая мама, Вера Аляксандраўна Кобзік.

Дзядуля не любіў успамінаць пра вайну, не любіў глядзець ваенныя фільмы. Калі я іншым разам прасіла ў яго расказаць пра тыя падзеі, звычайна адказаў: “Мне, унучачка, галава баліць”. Да таго ж, раней не было столькі тэхнічных магчымасцей, як цяпер, каб захаваць успаміны ветэранаў. Але мы, дзеці, унукі, праўнукі, павінны ў імя будучых пакаленняў ўзнавіць усё, чым жылі салдаты Вялікай Айчыннай, не даць некаму перавярнуць гісторыю. Па нешматлікіх дакументах, а гэта “Чырвонаармейская кніжка”, “Ваенны білет”,  узнагародах, якія старанна захоўвае другая дачка майго дзядулі Ала Аляксандраўна Будзіч, па успамінах маіх бабулі, мамы, цёці – усе разам мы пастараліся узнавіць гераічны шлях Аляксандра Мікалаевіча Бабіча.

Дзядуля пайшоў на фронт 22 чэрвеня 1941 года. Бабуля ўспамінала: “Як толькі пачалася вайна, усіх мужчын павезлі ў Літоўшчынскі сельсавет. Як едзеш на Удзела, на перакрыжаванні дарог, справа, стаяць высокія дрэвы. Вось на гэтым месцы быў панскі маёнтак, у ім размяшчалася пачатковая школа, а ўжо пасля – сельсавет. З сельсавета мабілізаваных павезлі ў Удзела, у касцёл на богаслужэнне, дзе ксёндз маліўся за ўсіх і кожнаму даў іконку, не памятаю, ці то Маці Божай, ці то Езуса Хрыстуса. Не пайшоў на імшу толькі  Алёшаў (так у вёсцы называлі дзядулю) стрыечны брат, хадзіў вакол храма, але так і не зайшоў… Не буду нічога сцвярджаць, але ведаю, што ён ў першым жа баі і загінуў… Нікога не ранілі, не забілі, толькі яго…”.

Ваенную прысягу дзядуля прымаў 5 ліпеня 1941 года. З 22 чэрвеня 1941 года па верасень 1943 года Аляксандр Бабіч ваяваў на другім Беларускім фронце ў 220-м стралковым палку пры артбатарэі, спачатку – шафёрам, а потым матацыклістам знішчальна-супрацьтанкавай артылерыйскай батарэі.

У 1942 годзе дзядуля быў цяжка паранены. Дзе гэта здарылася канкрэтна, на жаль, мы не ведаем усё па той жа прычыне, што дзядуля не любіў распавядаць пра вайну. Ад бабулі мама чула, што дзядуля часта ўспамінаў горад Ржэў, дзе праходзілі жорсткія баі, там і ў шпіталі ляжаў. Пасля гэтага ранення дзядуля да канца свайго жыцця насіў каля сэрца асколак снарада.

награды

З верасня 1943 года па снежань 1944 года дзядуля быў поварам ў 143-й асобнай танкавай Невельскай Чырванасцяжнай брыгадзе шостай гвардзейскай Арміі першага Прыбалтыйскага фронта. Бабуля ўспамінала, як дзядуля са сваімі саслужыўцамі, кіруючыся ў Прыбалтыку,  заязджаў дамоў у Мярэцкія… на танку. За хатай рос (ды і цяпер расце) вялікі клён, пад ім салдаты і спынілі свой танк. Збегліся аднасяльчане. Прыбеглі і мае бабуля з прабабуляй, якія працавалі ў полі. Не перадаць, колькі было радасці… Накармілі салдат, тыя потым працягвалі свой баявы шлях далей.

Са снежня 1944 года па лістапад 1945 года быў поварам у 119-м гвардзейскім танкавым палку. 18 сакавіка 1945 года дзядуля стаў гвардзейцам (такі запіс мы прачыталі ў ваенным білеце), яму быў уручаны гвардзейскі знак.

Дзесяць гадоў таму да 65-годдзя Вялікай Перамогі расійскі сайт “Мемарыял” змясціў архіўныя дакументы, якія да таго часу значыліся пад грыфам “Сакрэтна”. Сярод гэтых дакументаў мы знайшлі два загады на ўзнагароджанне камандзіраў і салдат, дзе было прозвішча нашага дзядулі, а таксама два яго ўзнагародныя лісты. У загадзе ад 21 чэрвеня 1944 года па 143-й асобнай танкавай Невельскай Чырванасцяжнай брыгадзе 6-й гвардзейскай Арміі Прыбалтыйскага фронту чытаем: “От имени Президиума Верховного Совета Союза ССР за образцовое выполнение боевых заданий командования на фронте борьбы с немецкими захватчиками и проявленные при этом доблесть и мужество награждаю (ідзе пералік шматлікіх прозвішчаў) красноармейца Бабич Александра Николаевича медалью “ЗА ОТВАГУ”. І другі загад па гэтай жа брыгадзе, датаваны 18 студзеня 1944 года, на узнагароджанне дзядулі медалём “ЗА БОЕВЫЕ ЗАСЛУГИ”. А ў узнагародным лісце чытаем: “В боях с немецкими оккупантами в районе д. Синяки с 6.1. по 8.1.44. из-за неимения мотоцикла он работал поваром, с работой повара справлялся хорошо, пища приготовлялась вкусной и вовремя. Сам лично носил обеды под обстрелом противника личному составу огневых взводов. Достоен правительственной награды медали За боевые заслуги.

наградной лист

У другім узнагародным лісце чытаем: “Краткое, конкретное изложение личного боевого подвига или заслуг: тов. Бабич в боях с немецкими захватчиками показал себя храбрым и отважным красноармейцем. За время наступательных боёв с 22.6.44 г. по 4.7.44 г. он готовил пищу для батареи и несмотря на артиллерийский и пулемётный огонь он три раза в сутки доставлял на огневые позиции батареи горячую пищу. Тов. Бабич достоин правительственной награды ордена Красной Звезды”. Гэтыя загады былі падпісаны камандзірам ЗСТАБ капітанам Цялегіным. Ордэн Чырвонай Зоркі па нейкіх прычынах дзядулю не быў уручаны, а ўжо ў мірны час быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны. 20 сакавіка 1945 года Бабічу А. М. была аб’яўлена Падзяка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага за удзел у аперацыі па авалоданні горадам Гданьскам.

награждение

медальДзядуля быў дэмабілізаваны ў лістападзе 1945 года. Пасля вайны, 9 лютага 1946 года, дзядуля быў удастоены яшчэ адной узнагароды – медаля “За Победу над Германией”, а пасля ўзнагароджваўся юбілейнымі медалямі да 20-годдзя (1966 г.), 30-годдзя (1976 г.), 40-годдзя  Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне (1985 г. – апошняя ўзнагарода дзядулі), медалямі “50 лет Вооружённых Сил СССР” (1969 г.) і “60 лет Вооружённых Сил СССР” (1979 г.). 26 сакавіка 1970 года ад імя Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Бабічу А. М.  быў уручаны юбілейны медаль “За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения В.И.Ленина».

Не стала майго дзядулі 28 жніўня 1991 года. Яны з бабуляй пражылі цяжкае, але гераічнае жыццё. Праўда, гэта ўжо тэма для іншай размовы.

Нізкі паклон і ўдзячнасць табе, наш дзядуля, нізкі паклон Вам, салдаты Вялікай Айчыннай, за  магчымасць жыць, вучыцца і працаваць сёння пад мірным небам.

А. САСІМОВІЧ,
 г. Глыбокае

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2020г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru