Глыбоцкі музей запрашае моладзь паўдзельнічаць у квіз-марафоне

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

 

Запрашаем моладзь паўдзельнічаць у квіз-марафоне “Пра тую зямлю, дзе нарадзіўся ты”!

Глубокое

Ці ведае моладзь Глыбоччыну – наш маляўнічы азёрны край з багатай гісторыяй, летапіс якога кожны дзень “пішуць” таленавітыя і працавітыя людзі? Спадзяёмся, што ведае. Але хто з юнакоў і дзяўчат найбольш дасканала вывучыў старонкі гэтага цікавага летапісу?  У Год малой радзімы і 80-гадовы юбілей Глыбоцкага раёна самы час пра гэта даведацца!  

Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і раённая газета “Веснік Глыбоччыны” прапануюць маладым знаўцам мінуўшчыны сумесны творчы праект – гістарычны квіз-марафон “Пра тую зямлю, дзе нарадзіўся ты”.

Тлумачым, квіз-марафон – гэта віктарына з 4 турамі,  якая, не сумняваемся, будзе карыснай як для ўдзельнікаў, так і для чытачоў газеты.

А зараз пра ўмовы віктарыны. Удзельнічаць у ёй могуць навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна, студэнцкая і працоўная моладзь ва ўзросце да 31-го года.

Просім адказы на пытанні віктарыны фармуляваць дакладна, пажадана пры гэтым указваць крыніцу інфармацыі. Вынікі будуць падводзіцца пасля кожнага тура, за кожны правільны адказ налічваецца 1 бал. Пераможцам асобных тураў (як і ўсёй віктарыны) стане той, хто дасць найбольшую колькасць правільных адказаў у найбольш кароткі тэрмін. Вынікі будуць падведзены ў дзвюх узроставых намінацыях: 14-18 гадоў і 19-31 год.

Уважліва сачыце за публікацыямі пытанняў і дасылайце свае адказы да ўказанай даты: на электронны адрас glubmusej@tut.by, па пошце на адрас 211800, г. Глыбокае, вул. Энгельса, 24, або прадастаўляйце асабіста. Не забудзьце ўказаць свае імя, прозвішча, адрас, кантактны тэлефон, школу, клас ці месца працы, пасаду, узрост.

Аналізаваць адказы на пытанні віктарыны і падводзіць яе вынікі будзе аўтарытэтнае журы, якое ўзначаліць дырэктар Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея А. М. Мядзелец (намеснік старшыні журы – старшы навуковы супрацоўнік А. В. Хайноўскі).

Пераможцаў віктарыны чакаюць каштоўныя ўзнагароды, а самых актыўных удзельнікаў – заахвочвальныя прызы і граматы.

А зараз дазвольце пазнаёміць вас, сябры, з I-м турам, які змяшчае 15 пытанняў, згрупаваных у пяць блокаў.

 

Пытанні І тура:
1. Ты на зямлі маленькая радзімка,
Радзімы край, адкрыты мне ў жыцці.
Хай апынуся ў вечнасці ў абдымках –
Застанешся валошкаю цвісці.

Аўтар гэтых радкоў не нарадзіўся ў Глыбоцкім раёне, але менавіта з нашым краем звязана большая частка яго жыцця і паэтычнай творчасці.
a) Назавіце імя аўтара радкоў.
b) Укажыце назву верша.
c) З якім месцам працы неразрыўна звязана імя гэтага чалавека на Глыбоччыне?
2. У сваёй аўтабіяграфіі дзеяч культуры, дзяцінства якой прайшло ў Глыбокім, так апісала сваю першую сустрэчу з гэтым чалавекам:
“…Пазнаёміліся. Пачалася гутарка. Ён жартаваў, пытаўся ў мяне, ці шмат у Вільні прыгожых дзяўчат, ці весела яны праводзяць час. Насупіўшыся, я ўвесь час маўчала, незадаволеная жартаўлівым паваротам гутаркі…”
a) Назавіце імя дзеяча культуры, урывак з аўтабіяграфіі якой прыведзены ў пытанні.
b) Назавіце імя чалавека, сустрэча з якім прыведзена вышэй.
c) Якім чынам праз некалькі гадоў пасля першай сустрэчы будзе звязаны лёс гэтых людзей?
3. У наш час Глыбокае, сярод іншага, славіцца сваімі кавалямі. Вуліцы горада ўпрыгожваюць шматлікія ўзоры мастацкай коўкі і нават сапраўдныя скульптурна-дэкаратыўныя кампазіцыі. Шмат у чым гэта стала магчымым дзякуючы нашаму земляку, былому віцэ-прэзідэнту Саюза кавалёў СССР, намаганнямі якога на Глыбоччыне была адроджана кавальская справа.
a) Назавіце імя гэтага чалавека.
b) У гонар каго было названа І Усебеларускае свята кавальскага майстэрства, якое праходзіла ў нашым горадзе ў ліпені 1990 года?
c) Укажыце скульптурную кампазіцыю, створаную глыбоцкімі кавалямі, урачыстае адкрыццё якой адбылося ў Глыбокім у чэрвені 2014 года.
4. 15 студзеня 1940 года, у хуткім часе пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР, быў утвораны Глыбоцкі раён. Яго першапачатковая тэрыторыя складала ўсяго 592 км² і была ўтрая меншая за сучасную.
a) Укажыце ў храналагічным парадку вобласці БССР, у складзе якіх знаходзіўся раён на працягу свайго існавання.
b) Назавіце былы раён Віцебскай вобласці, які быў далучаны да Глыбоцкага ў снежні 1962 года, пасля чаго тэрыторыя нашага раёна наблізілася да сучасных межаў.
c) Пералічыце сучасныя сельскія саветы Глыбоцкага раёна, якія знаходзяцца ў складзе раёна з моманту яго стварэння.
5. Гэты будынак быў адноўлены праз пэўны час пасля таго, як у 1830-х гадах згарэў яго папярэднік. Але новы будынак чакаў той жа самы лёс, і зараз пра яго ранейшае існаванне ў горадзе нагадвае толькі старажытны каменны крыж, які і сёння можна знайсці па суседстве з плошчай 17 Верасня.
a) Пра які будынак ідзе гаворка?
b) У якім годзе ён спыніў існаванне?
c) Чаму ён на гэты раз не быў адноўлены пасля пажару?

Паважаныя ўдзельнікі віктарыны, адказы на пытанні першага тура дасылайце да 22 сакавіка ўключна.
Ну, а зараз за работу. Жадаем поспехаў!

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru