Працалюбівы чалавек заўсёды ў пашане

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Працалюбівы чалавек  заўсёды ў пашане.

работники АПК
МТФ «Шэпелева» – узнагароды ўручаны

На мінулым тыдні старшыня райвыканкама Аляксандр Шубскі, а разам з ім старшыня Беларускага прафсаюза  работнікаў АПК Мікалай Лабушаў і намеснік старшыні Віцебскага абкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Ліцяга пабывалі ў некаторых калектывах Глыбоцкага раёна і сустрэліся з працаўнікамі, якія заслугоўваюць самых цёплых слоў, самых высокіх узнагарод.

Сельскагаспадарчае прадпрыемства “За Радзіму” ва ўсе часы было ў ліку перадавых. І ў савецкі час тут атрымлівалі высокія надоі і збіралі вялікія ўраджаі, і сёння УП “За Радзіму” – адно з лепшых  на Глыбоччыне. Які ўжо год калектыў УП “За Радзіму” ўзначальвае Тадэвуш Зяновіч, умелы кіраўнік, вопытны арганізатар. Вестку аб тым, што за добрасумленную працу, высокія вытворчыя паказчыкі, актыўную працу па абароне правоў і інтарэсаў членаў прафсаюза Тадэвушу Тадэвушавічу будзе ўручаны юбілейны нагрудны знак “Прафсаюзу аграпрамысловага комплексу Беларусі – 100 гадоў”, у калектыве ўспрынялі з радасцю. А спецыялісты прадпрыемства прысутнічалі на ўрачыстым сходзе з нагоды ўручэння яму ўзнагароды.

председатель
Старшыня райвыканкама Аляксандр Шубскі : «У нас усё атрымаецца»

Перад уручэннем узнагароды Мікалай Лабушаў цёплыя словы сказаў пра калектыў унітарнага прадпрыемства, выказаў сваё разуменне, якім павінен быць сёння кіраўнік:

– Узровень кіраўніка ацэньваецца па тым, як ён адносіцца к людзям. Калі ён паважае, цэніць, шануе іх,  памагае ў вырашэнні самых розных жыццёвых пытанняў, значыць, ён на сваім месцы. Тады і калектыў будзе працаваць на вынік. Упэўнены: Тадэвуш Тадэвушавіч – менавіта такі кіраўнік. І ён заслугоўвае гэтай  прафсаюзнай узнагароды.

вознаграждение
Мікалай Лабушаў і Тадэвуш Зяновіч

Шчыра павіншаваў Тадэвуша Зяновіча з высокай узнагародай і старшыня райвыканкама Аляксандр Шубскі.

Пасля УП “За Радзіму” Аляксандр Шубскі, Мікалай Лабушаў і Сяргей Ліцяга наведалі ААТ “Мосарлён”, які ўзначальвае “Чалавек года Віцебшчыны-2015” Віктар Кейзік.

На жаль, прадпрыемства, якое яшчэ нядаўна займала лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці і краіне, сёння перажывае няпростыя часы. І не таму, што тут не ўмеюць працаваць. Умеюць. Вось толькі ў мінулым годзе ў справы льнаводаў умяшалася надвор’е – засуха. З-за адсутнасці вільгаці лён атрымаўся зрэджаным. І усё ж сыравінай да новага ўраджаю работнікі прадпрыемства сябе забяспечылі. Завод працуе, выпускае прадукцыю, льнаводы вядуць актыўную падрыхтоўку да веснавых работ.

– Марым пра адно: каб надвор’е паспрыяла нам, каб не паўтарылася леташняя сітуацыя, — заўважыў у размове Віктар Кейзік.  – А людзі на прадпрыемстве шчырыя, працавітыя. На іх і трымаецца прадпрыемства.

– Мы і прыехалі, каб сказаць ім дзякуй за працу і адзначыць узнагародамі лепшым з лепшых,— падкрэсліў Мікалай Лабушаў і ўручыў Грамату  Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў АПК, прэмію майстру змены ААТ “Мосарлён” Вандзе Саковіч, падзячны ліст Рэспубліканскага камітэта прафсаюза і прэмію – наладчыку тэхналагічнага абсталявання  ААТ “Мосарлён” Анатолю Дулінцу.

Падзячны ліст абкама прафсаюза работнікаў АПК і прэмію атрымаў трактарыст-машыніст прадпрыемства Антон Паўловіч.

А кіраўнік калектыву Віктар Кейзік ушанаваны юбілейным нагрудным знакам “Прафсаюзу аграпрамысловага комплексу Беларусі – 100 гадоў”.

Па традыцыі падчас стойлавага перыяду ўтрымання статка па ініцыятыве прафсаюзаў у рэспубліцы праходзіць акцыя “Наш жывёлавод”.

На МТФ “Шэпелева” падчас уручэння  ўзнагарод работнікам жывёлагадоўчай галіны УП “Мнюта”, старшыня рэспубліканскай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Мікалай Лабушаў зазначыў:

– Мэта і акцыі, і ўсёй нашай работы такая: узняць нашых лепшых жывёлаводаў на такі ўзровень, якога яны дастойны. Па рэспубліцы 90%  заработнай платы ў сельскагаспадарчых арганізацыях  — ад продажу прадукцыі жывёлагадоўлі: малака і мяса. І мы яшчэ больш увагі павінны удзяляць менавіта работнікам галіны жывёлагадоўлі, каб нашы словы не разыходзіліся са справай. Маю на ўвазе і нармальныя ўмовы працы, і спецадзенне, і дастойная заработная плата, і вырашэнне медыцынскіх пытанняў, і многае іншае.

Звяртаючыся да кіраўніка УП “Мнюта” Сяргея Абіралы, лідар рэспубліканскай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК, прапанаваў:

– Можа пара вам падумаць і пра тое, каб наладжваць лёгкія абеды жывёлаводам. У некаторых раёнах рэспублікі, у тым ліку і ў Віцебскай вобласці, такое ўжо практыкуецца. Мая мама працавала даяркай, і я памятаю, як, прыбегшы з фермы, з-за хатніх спраў яна не паспявала добра паесці. Механізатараў мы забяспечваем двухразовым гарачым харчаваннем. Пара падумаць і пра жывёлаводаў. Сёння мы гаворым пра новыя тэхналогіі, новае абсталяванне, пра сучасныя машыны,  але галоўнае – чалавек.

З кожным годам тэмпы росту вытворчасці малака ва УП “Мнюта” павялічваюцца, расце і надой ад каровы. Так, летась ён склаў 6156 кілаграмаў малака. Работнікі ферм пастаянна становяцца пераможцамі раённага спаборніцтва. І не толькі. Узнагароды рэспубліканскага ўзроўню і прэміі Мікалай Лабушаў уручыў аператарам машыннага даення МТФ “Шэпелева” Вандзе Ліманоўскай і Тамары Шыпіле. Падзячным лістом абкама прафсаюза работнікаў АПК  і прэміяй Сяргей Ліцяга ўзнагародзіў загадчыцу малочнатаварнай фермы “Мнюта-2” Аліну Рубашку.

Высокую прафсаюзную ўзнагароду – Падзячны ліст Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання рэспублікі і Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў АПК – атрымала і загадчыца рабатызаванай фермы “Абруб” УП “Каралі” Зоя Капшуль. Вынікі працы невялічкага калектыву ўражваюць: у мінулым годзе надой ад каровы склаў тут 8790 кілаграмаў малака, што амаль на 700 кілаграмаў больш чым было ў 2018 годзе. Да рубяжу ў 9 тысяч кілаграмаў малака – рукой падаць.

 

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

 

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2020г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru