Як глыбачанка Таццяна Багданава вучыць цымбалістаў

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Як глыбачанка Таццяна Багданава вучыць цымбалістаў.

цымбалисты

У выпускнікоў Глыбоцкай дзіцячай школы мастацтваў Вікторыі Чарапкоўскай, Веранікі Букей і Мацвея Ляшонка настаўнік па класе цымбалаў Таццяна Мікалаеўна Багданава ўрокаў правяла нямала. Значна больш, чым патрабуе праграма навучання. Усё ў тым, што Вікторыя, Вераніка і Мацвей – гэта ансамбль цымбалістаў “Забава”, які неаднаразова выступаў на раённых мерапрыемствах, абласных і рэспубліканскіх конкурсах.

…паказальныя

– Такой нялёгкай справай, як конкурсы, на якія затрачваюцца і час, і грашовыя сродкі, нас прымушаюць займацца дзеці: іх хочацца паказаць. Каб і творчы вопыт займелі, і было што ўспомніць ім пасля заканчэння школы мастацтваў. Такіх талентаў, на жаль, мала, таму і трэба іх развіваць, займацца з імі, – лічыць Таццяна Багданава.

VI адкрыты гарадскі конкурс вакалістаў і інструменталістаў “Семицветик», які праходзіў у Віцебскай дзіцячай школе мастацтваў імя А.В. Багатырова, і пацвердзіў: глыбоцкіх цымбалістаў трэба паказваць. 35 ансамбляў прадстаўлялі амаль усе дзіцячыя школы мастацтваў Віцебскай вобласці, а таксама навучальныя ўстановы Мінска і суседняга расійскага  Смаленска. У такой прадстаўнічай кампаніі музыкантаў глыбачане сталі ўладальнікамі кубка і Дыплома лаўрэата ІІІ ступені. Прычым прайшоўшы пэўныя выпрабаванні: прыехалі на конкурс к 10.00, а выступалі ў 18.00.

– Прачнуліся ў 5 гадзін, і толькі праз 13 гадзін пасля доўгай дарогі і чакання выйшлі на сцэну, і данеслі да журы ўсё, што вывучылі. Уражвалі выкананнем “Галопа” з оперы “Калючая ружа” Юрыя Семянякі і “Белавежскай пушчы” Аляксандры Пахмутавай. Малайцы! – Таццяна Багданава захапляецца сваімі вучнямі і тут жа дадае: – Нам прыемна, што ўсе цяжкасці паездак вытрымлівае і на конкурсах падтрымлівае наш канцэртмайстар Ала Сямёнаўна Куніцкая. Яе прафесіяналізм, і чалавечыя якасці, і спагадлівасць дарагога каштуюць.

цымбалы

– Ансамбль – гэта такая вялікая праца. Удзельнікаў – трое. Трэба сабраць у адзін час. Дзяўчаткі вучацца ў 8-х класах школы, Мацвей – у 9-м гімназіі. У іх і школьная праграма складаная. А яшчэ і мне трэба знайсці час, бо маю свой расклад заняткаў. Магу прыйсці толькі напрыканцы працоўнага дня, а гэта пасля 18.00, таму і ансамбль збіраецца так, – тлумачыць Ала Сямёнаўна.

…патрыятычныя

Цымбалы – голас роднай Беларусі. Таму і выбірае Таццяна Мікалаеўна для сваіх вучняў шмат твораў беларускіх аўтараў,  сучасных і класічных, ці беларускія тэмы.

– Нацыянальнае ў нашым рэпертуары заўсёды прысутнічае: і слухачоў з беларускай культурай знаёмім, і дзяцей на ёй выхоўваем, – расказвае  педагог. –  Заўсёды шукаю дадатковыя звесткі пра творы, слухаем музыку, разглядаем крытычныя матэрыялы, каб дзіця ведала, пра што іграе. Вывучаючы старажытную музыку, класічную і сучасную, мае цымбалісты культурна развіваюцца. Гэта з імі застанецца на ўсё жыццё.

Сваім юным музыкантам  Таццяна Багданава стараецца падбіраць твор для вывучэння такі, каб ён ім падыходзіў па характары, каб мелодыя адлюстроўвала яго ўнутраны свет.

– Я ўпэўнена: ёсць энергетыка паміж музыкай і чалавекам. І паколькі дзеці ў мяне займаюцца розныя, то і творы іграюць розныя, – тлумачыць Таццяна Багданава.

диплом

…індывідуальныя

Наша размова з Таццянай Мікалаеўнай і Алай Сямёнаўнай ішла ў час урока: за цымбаламі – Мацвей Ляшонак, адзін з удзельнікаў “Забавы”.

– Мацвей вельмі сур’ёзны, скрупулёзны, з матэматычным складам розуму, – характарызуе вучня педагог. – Мне заўсёды паўтаралі, калі я стварала ансамбль “Забава”: “ Што б ні рабілі дзяўчынкі, будуць глядзець на хлопчыка”. Цымбалы ж па сутнасці мужчынскі інструмент. Школу ігры на цымбалах у Беларусі адкрыў мужчына – Іосіф Жыновіч. І па лініі гісторыі ў гэтага музычнага інструмента шмат рук мужчын. І гук у хлопчыкаў атрымліваецца іншы, бо яны фізічна мацнейшыя. Дарэчы, з цымбалістаў атрымліваюцца цудоўныя музыканты-ўдарнікі.

цымбалы

– Ці часта на конкурсах бачыце хлопчыкаў-цымбалістаў? – цікаўлюся.

– Сустракаюцца, але мала. У асноўным салісты, – прыгадвае Таццяна Багданава.

Мацвей жа упершыню на сцэну выйшаў ў 1-м класе – напрыканцы навучальнага года выступаў на справаздачным канцэрце Глыбоцкай дзіцячай школы мастацтваў.

– У складзе трыа (дарэчы, дэбют быў таксама і ў Веранікі Букей) іграў “Антошку”. І вось праз тры гады зноў сабраліся ў ансамбль. Напэўна, гэта лёс! Творчы. Ну і вядома ж , да іх далучылася Віка Чарапкоўская, – кажа настаўніца.

Мацвей да сённяшняга памятае, як хваляваўся у час дэбютнага выступлення:

– Першы раз. Сцэна. Вялікая колькасць гледачоў. Але з  цягам часу прывык і больш так не хвалююся, ведаю, што ўсё будзе добра. Галоўнае, памятаць, якія давала парады Таццяна Мікалаеўна: “Тут сыграць ціха, тут гучна, тут пастарацца…”

– Мацвей, а чаму ты выбраў цымбалы?

– Шчыра кажучы, рашэнне было спантанным. Хаця на самым пачатку, калі размова ў сям’і зайшла пра музычную школу, то выбар спыніўся на флейце. На жаль ці на шчасце, такога класа і спецыяліста-музыканта ў Глыбокім не было. Мне мама параіла: “Ты можаш пайсці на баян ці на цымбалы, але лепш на акардэон”. Маме вельмі гэты інструмент падабаецца, у дзяцінстве хацела навучыцца на ім іграць. Але на той момант я пра цымбалы мала што ведаў, таму выбраў іх.

цымбалы

Адзначым той факт, што Мацвей – з сельскай мясцовасці. Яго сям’я жыве ў вёсцы Пятроўшчына. А  юнак вучыцца ў 9 “Б” раённай гімназіі.

– І пражывае ў інтэрнаце. Яму трэба і ўрокі зрабіць, і ў школу мастацтваў паспець… – захапляецца самастойнасцю і адказнасцю юнага музыканта Ала Сямёнаўна Куніцкая. – І Мацвей ўсё паспявае! А яшчэ ж і канцэрты, і конкурсы, да якіх музычны матэрыял трэба на памяць вывучыць…

Як высветлілася з размовы, у Мацвея ёсць цымбалы і ў інтэрнаце. Арандуе, каб рыхтавацца да заняткаў, іграць на выхадных.

– Яшчэ чым-небудзь займаешся? – запытваю ў юнака.

– Вучоба ў гімназіі і школе мастацтваў – гэта для мяне самае галоўнае, – сур’ёзна кажа ён.

– За сем гадоў навучання Мацвей стаў больш музыкальным, больш эмацыянальным, нягледзячы на яго стрыманасць, – хваліць вучня настаўніца.

І ўсё дзякуючы такім незабыўным урокам!

 

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

 

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: