Любіць зямлю і людзей – гэта талент. Размова з Феліцыяй Славецкай

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Любіць зямлю   і людзей – гэта  талент.

портрет
Феліцыя Славецкая расказвае пра жыццё

У гэтым пераканана мая суразмоўца Феліцыя Славецкая з Дзеркаўшчыны.  Яна, як кажуць, ад галавы да пят, вясковая жыхарка, якая ніколі не рвалася ў  горад, бо змалку была  душой прывязана да роднай зямлі. Хата, у якой  нарадзілася  і да цяперашняга жыве, –  яе бацькоўская вотчына і своеасаблівы музей, у якім калісьці пагаспадарыў час.

Сіла зямнога прыцягнення

– Бацькавай хаце, напэўна, гадоў сто ўжо. Тут прайшло маё  дзяцінства. Адсюль мама мяне на вучобу адпраўляла, чакала, сустракала. Сюды  я бегла з работы, каб перакусіць у абед. Тут  перад люстэркам прыбіралася, калі на танцы ішла. У гэту хату мой будучы муж сватацца прыходзіў… Тут  усё дыхае ўспамінамі.   Тут  паветра лёгкае і, здаецца,  што  вуглы на мой голас адзываюцца, – кажа жанчына. – Як была вайна, немцы ў нашых краях шмат чаго папалілі, згарэў з усімі дакументамі  і  сельсавет у Воўкаўшчыне.  Пакуль у пасляваенныя гады вёска адбудоўвалася,  спачатку сельсавет, а  тады  амбулаторыя ў нашай хаце “кватэравалі”. У адной палове жыла наша сям’я, а ў другой размяшчаліся  названыя дзяржаўныя ўстановы. Так што цяпер я, лічыце,  жыву ў доме-музеі.

8 сакавіка Феліцыя Антонаўна адзначыць 85-гадовы юбілей. Больш за 36 гадоў у гэтай саліднай  жыццёвай скарбонцы займаюць яе працоўныя будні.

Першы крок да выбару прафесіі, дзяўчына зрабіла, скончыўшы Дзеркаўшчынскую сямігодку. У школе ёй добра давалася матэматыка і мара паступіць у педагагічнае вучылішча   магла б з лёгкасцю збыцца. Але  яна не стала настаўніцай, бо  лёс прывёў яе ў навучальную ўстанову зусім іншага профілю.

– У Бегосава, што ля Верхнядзвінска, быў  сельгастэхнікум, і я  паступіла туды. Пакуль два гады вучылася, ён пераехаў у Полацк. Атэстатат  з кваліфікацыяй малодшага агранома я атрымлівала ўжо там. Разам са мной вучыліся  Валянціна Павульская, Вольга Велічковіч,  якая пазней  была старшынёй калгаса “Новы шлях” ў Запруддзі. На работу брыгадзіркай у калгас “Герой працы” мяне браў старшыня Лука Аляксандравіч Барановіч. У месяц я “зарабляла” 40 працаднёў, за якія плацілі 20 рублёў, – успамінае Феліцыя Антонаўна. – Грошы былі невялікія, а работы многа. У сельскай  гаспадарцы ў 50-ых гадах тэхнікі і коней было мала, усё рабілі ўручную, саматугам. Калгаснікі жалі, лён рвалі, касілі, а мне трэба было штодня  на кожным участку пабываць і абмерыць кожнаму зробленае за дзень. Работа адказная,  патрабавала канкрэтыкі. Не на вока прыкідвала, а мерыла, як кажуць, цюцелька ў цюцельку, бо ад правільнасці падліку залежалі заробкі. А людзей жа тады было столькі, што поля не бачна.  Запрагала  я ў павозку свой “Мэрсэдэс” – каня Мальчыка, якога мне выдзелілі ў дапамогу — і ездзіла па ўчастках. “Прыпаркуюся”, дзе травы больш, каб  каню быў занятак, а  сама “казу” ў рукі і бегаю па полі, абямяраю. Бывала, ужо зоркі на небе, а я толькі з брыгады еду. Дзяцей, а ў мяне два сыночкі падрасталі, калі не было з кім пакінуць, з сабой  на поле брала. Яны ў павозцы на сене качаюцца, а я працую, – успамінае Феліцыя Антонаўна. – Спаборніцтвы паміж брыгадамі часта арганізоўвалі і мы, па працоўных паказчыках, неаднойчы выходзілі пераможцамі.  Работа мне падабалася, людзям я  патрапляла, паважала іх  за старанне і працу.

коллектив
Партыйны актыў калгаса «Герой працы» (першая справа ў першым радзе Ф.Славецкая)

А дамоў прыходзіла – там свая работа:  агароды, гаспадарка. Вяскоўцы да працы апантаныя, цяглыя, але  раней  больш за 30 сотак адной сям’і,  незалежна адколькасці чалавек, не давалі. І карову можна было трымаць толькі адну. Вот і выходзіла, што працавалі многа, а жылі не багата. Калі мы з Міхаілам пажаніліся, узяліся ў Дзеркаўшчыне хату сваю будаваць. Збіралі талаку і думалі, як з людзьмі за работу разлічыцца? Плаціць не было чым, таму за стол усіх збіралі і  кармілі. Даўней  сяльчане ахвотна памагалі адзін аднаму, жылі адной сям’ёй, дружна, адкрыта, на віду.

архіў
Муж і жонка Славецкія з сынам Толем

Праца, у якую укладаем душу, узвышае чалавека

Працавітую актыўную брыгадзірку ў калгасе цанілі. У 1968 годзе “за актыўную вытворчую і грамадскую работу” Феліцыю Славецкую  ўзнагародзілі Граматай Прэзідыўма Вярхоўнага Савета БССР. Праз год Ганаровай граматай райкама КПБ, райкама і райсавета “за дасягнутыя поспехі ў сацыялістычным спаборніцтве па павышэнні культуры земляробства”  была адзначана праца работнікаў паляводчай брыгады №1, якую ўзначальвала ФеліцыяАнтонаўна.

Нечаканасцю для жанчыны стала яшчэ адна  высокая дзяржаўная ўзнагарода. За высокія дасягненні ў сельскай гаспадарцы  Феліцыі Славецкай у 1971 годзе ўручылі ордэн “Знак Пашаны”.

– Вядома ж, прыемна,  калі тваю працу заўважаюць і так ацэньваюць.  Ордэн заняў  ганаровае месца ў шафе, а вось тры рублі, якія я атрымлівала за яго кожны месяц аж да  часоў развала Савецкага Саюза, былі тады даволі адчувальнай матэрыяльнай падтрымкай, – кажа жанчына.

У 1974 годзе калгас “Герой працы” узначаліў Генадзь Іванавіч Лабаты. Ён вырашыў, што заслужанай брыгадзірцы  месца ў канторы і перавёў Феліцыю Славецкую эканамістам па працы. Цяжка ёй не было, бо дапамагала матэматыка, якую добра ведала, і набыты брыгадзірскі вопыт, а вось прызвычаіцца да крэсла, на якім трэба было выседзіць цэлы дзень, доўга не магла.

– Мой муж таксама працаваў у калгасе. Спачатку  шафёрам, тады ў пажарнай і газавай службах.  Я рада, што кошт сялянскага хлеба  ведаюць абодва сыны. Старэйшы Міхаіл, хоць па прафесіі настаўнік, нейкі час працаваў  інжынерам па будаўніцтве ў калгасе імя Леніна ў Шаркаўшчынскім раёне.  Я рада, што  з  сельскай гаспадаркай  звязаў жыццё  малодшы  Анатоль. Ён скончыў сельгастэхнікум, пасля – акадэмію. Быў старшынёй у “Азярцах” і ў філіяле “Каралі”, цяпер  ён  старшыня Абрубскага сельсавета. Мае дзеці, унукі  і праўнукі – мая  радасць, сіла і апора, асабліва цяпер, калі гады закругляюцца ў юбіленую дату, калі ўжо не хочуць, як раней, слухацца ногі.

Усяго было ў жыцці:  ва ўсім ашчаджалі, эканомілі , праз сілу працавалі, але дзякуй Богу, што ён не пакідаў і заўсёды дапамагаў нам, маленькім зямным людцам. Вера – гэта магутная сіла, якая ўздымае і вядзе па жыцці, – пераканана Феліцыя Антонаўна.

награда
Грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР – лепшай брыгадзірцы!

Да слова, яна – наша чытачка  са стажам   большым, чым працоўны. “Веснік Глыбоччыны” – адна з настольных газет жанчыны, якая  любіць чытаць у ёй пра свае мясціны, знаёмых людзей і пра змены, што адбываюцца на Глыбоччыне. Мы віншуем нашу паважаную падпісчыцу  з яе блізкім важкім юбілеем, жадаем здароўя і моцы на доўгія гады і  спадзяёмся на далейшае сяброўства з газетай, якое мы вельмі цэнім.

 

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

 

 

 

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2020г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru