Сям’я Пашковічаў : 140 гадоў – на развіццё Глыбоччыны

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 3,00 из 5)
Загрузка...

140 гадоў  – на развіццё Глыбоччыны!

Пашковічы
Сям’я Пашковічаў: Вера Антонаўна (ў цэнтры), сын Мікалай і нявестка Ніна

15 студзеня Глыбоцкі раён адзначыў сваё 80-годдзе. Найлепшымі падарункамі да такой юбілейнай даты, якія красамоўна, лепш за ўсякія словы, пацвярджаюць любоў  яе жыхароў  да роднага краю, былі і застаюцца  іх  канкрэтныя   справы  дзеля росквіту Глыбоччыны. Менавіта такі,  важкі і значны,  падарунак вагой у 130 сумесна адпрацаваных гадоў, падарылі з гэтай нагоды прадстаўнікі дынастыі Пашковічаў з сельгаспрадпрыемства “Каралі”.

Маці

Як і многія вяскоўцы ў адказ на просьбу аб сустрэчы, яны казалі: “А што пра нас пісаць? Адрабілі ўсё жыццё, састарэлі і ўсё”. Працавітыя і старанныя, яны не прывыклі жыць напаказ і модна, а жывуць годна – па-сялянску сціпла і па-чалавечы прыстойна. Такімі аказаліся і мае чарговыя суразмоўцы з Шыпоў.

Вера  Антонаўна Пашковіч у  лютым гэтага года адзначыць 92 гады.   Паважаны ўзрост і статус доўгажыхаркі не перашкаджаюць ёй кухарыць ля пліты, падбірацца па дому, а вясной і ўлетку  ваяваць з пустазеллем на градках.  І хоць яна ўжо не адзін год пенсіянерка, вольная распараджацца сваім часам,  песціцца  ў ложку да абеда сабе не дазваляе. Па-ранейшаму устае ў сем раніцы і шукае справы, якія займаюць яе рукі і напаўняюць жыццё  сэнсам.

А жыццё  жанчыны было не лёгкае і, як сажай мазанае: хапала ў ім чарнаты, болю і слёз.

– Нас у бацькоў было восем дзяцей – чатыры сыны і чатыры дачкі. Жылі мы на  хутары каля Шыпоў. У хаце едакоў цэлая арава, а зямлі ўсяго 30 сотак мелі. Садзілі, сеялі, але вырашчанага не хапала. Галадавалі. За хлебам у суседнюю Крулеўшчыну  пяшком хадзілі. Зранку да вечара ў чарзе стаялі, каб яго купіць. Надзець надта не было чаго. Адну сукенку мы, сёстры, адна за  адной  даношвалі. Ні пра якія ўборы і размовы не было. Пра выгоды, якія цяпер у людзей ёсць, і не  чулі.  Без свету жылі, без газу, за вадой у вёску хадзілі, — расказвае Вера Антонаўна. – Мы змалку бачылі, як бацькі працуюць, на іх гледзячы, вучыліся сялянскую работу рабіць і думалі, як бы хутчэй падрасці  і ім дапамагчы. Ні пра вучобу, ні пра горад размовы не ішло.

портрет
Вера Пашковіч з сынам Мікалаем

У Шыпах тады школа пачатковая была. Скончыла я 5 класаў і ў працу ўпраглася.

Як сезон, да ўсходу сонца  на сваіх сотках жыта жала, траву па іржышчы касіла, а ранкам ішла на работу ў калгас. Лён уручную  рвала, а тады ўначную хадзіла, абівала яго  і малаціла. Сена касіла і сушыла. Дзялкі палола, гной развозіла. Што загадвалі, тое і рабіла. Дні беглі, я іх лічыць не паспявала. Але  маладосць сваё брала. Прыйду, бывала,  з работы, у двары  сцюдзёнай вадой з калодзежа абліюся, апрануся і бягу на вечарыну.  Яна па чарзе  то ў адной хаце была, то ў другой, а мой брат Сяргей – музыкант-самавучка,  полькі і вальсы на ёй іграў. Замуж выйшла за хлопца з суседняга хутара. Фадзей – адзін сын у бацькоў, але багацця ён там не бачыў. Перайшла я да мужа ў  хату і там гаспадарыла. Тады сынок  Коля у нас з мужам знайшоўся. Вось толькі шчасце маё аказалася кароткае, як зімовы дзень. Аднойчы прыцемкам муж ішоў з работы і трапіў пад цягнік. Я засталася ўдавой, з малым дзіцём на руках і з  яго састарэлымі бацькамі.

А тады загад далі ўсім з хутароў у вёскі перабірацца і  мне, жанчыне, прыйшлося,  перавазіць хату з хутара ў пасёлак. Дзякуй, браты памагалі па будаўніцтве, калгас чым мог, падсабляў. У ёй  да цяперашняга і жыву з сынам, нявесткай і ўнукам. Вырабіла  я  45 гадоў стажу, пенсію маю. Ці ж параўнаеш цяперашняе жыццё з ранейшым?  У Шыпах працуе магазін. Аўталаўка прыязджае, каля хаты становіцца. Прывозіць усё, што душа пажае і ў Глыбокае не нада ехаць. Пенсію дзень у дзень прыносяць і я з яе яшчэ ўнукам магу дапамагчы. Чаго не хапае  – дык гэта здароўя, якога не купіш і ў крэдыт не возьмеш. Удзячна Богу за міласць, за тое, што яшчэ трохі  кратаюся, – завяршыла аповяд ветаран працы Вера Пашковіч.

семья
З бабуляй Аўдоццяй

Сын

Мікалай Пашковіч,  які   бацьку свайго  бачыў  толькі на  старым партрэтным фотаздымку,  да ролі гаспадара прывучаўся змалку.  Ведаў, што прафесія яму  патрэбна такая, каб  сям’ю забяспечваць і быць  апорай маці. Адслужыўшы ў аўтамабільных войсках ва Украіне,  паступіў у СПТВ-31 на механізатара, бо надта любіў тэхніку. Самастойнае жыццё пачаў за баранкай аўтамабіля ў калгасе “Кірава”. З грузамі аб’ездзіў ўсю Беларусь і гарады Савецкага Саюза. З 1992 года  і да цяперашняга, нягледзячы, што ўжо сем гадоў на пенсіі, працуе трактарыстам.

– Ён чалавек на сваім месцы, добрасумленны, старанны, безадказны. Тэхніку   любіць. Кожную запчастку, кожны вінцік ведае куды прыстроіць. Трактар рамантуе і перабірае сам.  Хоць у мазуце толькі вочы блішчаць, а, бачна, што шчаслівы, — гаворыць пра Мікалая старшыня Абрубскага сельвыканкама Анатоль Славецкі. – Ён сям’ю фінансава забяспечвае, соткі садзіць, дровы на зіму рыхтуе. І гаспадар  спраўны і чалавек прыстойны. 

За сваё жыццё Мікалай Фадзеевіч правёў 48 пасяўных і ўборачных. Ад цямна да цямна  з нівы не сыходзіў.І ўафёрам, і трактарыстам, і памочнікам камбайнёра працаваў. Колькі людзей елі хлеб, здабыты яго працавітымі рукамі!

– У сезон у калгасе заробкі добрыя, у дадатак пенсія ідзе. Сабе на жыццё хапае і  дзецям-унукам дапагаю. Ужо, здаецца, і сеў бы дома, але папросяць у гаспадарцы: “Папрацуй” і згаджаюся. Ну а як не замагу, трактар  перадам сыну Міхаілу, які таксама працуе трактарыстам у “Каралях”, – гаворыць Мікалай Фадзеевіч.

портрет
Фадзей Пашковіч – муж Веры Антонаўны

Нявестка

Ніна  Пашковіч мясцовая, шыпоўская. Як і яе свякроў Вера Антонаўна, са шматдзетнай сям’і, у якой было пяць дачок. Ніна хадзіла ў чацвёрты клас, калі памёр бацька. Сям’я, застаўшыся без мужчыны і гаспадара, і бедавала, і гаравала, і галадала. Ніне не прыйшлося нідзе вучыцца, бо трэба было здабываць працадні і змалку думаць пра кавалак хлеба.

– Як выйшла замуж за Мікалая, перайшла да іх у хату. Усё жыццё пражыла пад адным дахам  са свякроўю, але “войнаў”  за месца на кухні ў  нас ніколі не было. Па дому кожны з нас рабіў тое, што мог і ўмеў. Работы хапала ўсім, спрэчкі разводзіць  было некалі, – расказвае Ніна Міхайлаўна. – Я  дваццаць гадоў адпрацавала  даяркай. Спачатку ўручную  даіла 25 кароў, а  даільнымі апаратамі і пяцьдзесят, і сотню. У пяць дойку пачыналі,  пад дзесяць вечара заканчвалі.

Як нарадзіліся дзеці, Вера Антонаўна, дзякуй ёй, іх  даглядала,  есці гатавала, у хаце і на агародах спраўлялася. Проста не ўяўляю як бы мы жылі без яе  дапамогі. Цяпер дзеці выраслі, раз’ехаліся. Дзіма і Таня жывуць у Глыбокім,   Міша – з намі. Маем двух унукаў і будзем рады маладому папаўненню, –  кажа Ніна Міхайлаўна. – Коля ў нас галоўны ў доме, а калі вырашаем фінансавыя пытанні, то збіраемся на сямейны савет. Вера Антонаўна ніколі не застаецца ў баку ад нашых праблем і заўсёды дапамагае з пенсіі сваім унукам і праўнукам.

Агульны працоўны стаж прадстаўнікоў трох пакаленняў Пашковічаў, якія звязалі сваё жыццё з сельскай гаспадаркай, складае 140 гадоў. І людзі, пра якіх пішу, і іх працоўныя здабыткі – гэта  неацэнны скарб Глыбоччыны, малой радзімы для сапраўды вялікіх людзей.

удостоверение

 

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

 

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: