“З краем, дзе нарадзіўся, паяднаны навекі”

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

 “З краем, дзе нарадзіўся, паяднаны навекі” — размова з Антонам Браніслававічам Шымко.

встреча
Антон Браніслававіч Шымко з дзевяцікласнікамі СШ№2 г.Глыбокае

У гэтыя студзеньскія дні, пазначаныя адметнай юбілейнай датай – 80-годдзем з часу ўтварэння Глыбоцкага раёна, ва ўстановах і арганізацыях праводзяцца сустрэчы моладзі і школьнікаў з ветэранамі, вядомымі людзьмі, выдатнымі працаўнікамі нашага краю.  Адна з такіх сустрэч днямі адбылася ў сярэдняй школе №2 г. Глыбокае. Ганаровым госцем у дзевяцікласнікаў гэтай установы адукацыі быў Антон Браніслававіч Шымко, больш чым саракагадовы працоўны стаж якога быў звязаны з сельскагаспадарачай вытворчасцю. І чвэрць стагоддзя Антон Браніслававіч узначальваў  адну з сельгасарганізацый Глыбоччыны – калгас “Рассвет”.

У школьнай маладзёжнай аўдыторыі і затым у размове з карэспандэнтам “ВГ” ён ахвотна дзяліўся ўспамінамі пра падзеі, сведкам і непасрэдным удзельнікам якіх яму давялося быць, з асаблівай цеплынёй расказваў пра тых людзей, з якімі працаваў.

Антон Браніслававіч Шымко – прадстаўнік пасляваеннага пакалення, якое прадоўжыла працоўную эстафету гераічнага пакалення бацькоў, умацоўвала народную гаспадарку краіны ў 60-90-ыя гады мінулага стагоддзя. І варта падкрэсліць, што ўся яго біяграфія звязана з Глыбоччынай, з краем, дзе нарадзіўся, вырас і ўзмужаў, з якім звязаў увесь свой працоўны шлях.

Хоць мінула нямала гадоў, як пакінуў парог бацькоўскага дома, Антон Шымко не перастае захапляцца сваёй малой радзімай, прыгожай вёсачкай над невялікай азярынай.

– Нарэдчас заязджаю ў роднае Сапеліна і атрымоўваю незвычаную радасць, – гаворыць Антон Браніслававіч. – Бацькоўскі дом і сёння стаіць. У яго новыя гаспадары. Сэрца радуецца, вельмі прыемна бачыць, які ён дагледжаны, якая прыгожая сядзіба, які парадак усюды. Дзякуй цяперашнім яе гаспадарам за іх працавітасць, за іх гаспадарлівасць.

Любіць Антон Шымко прайсціся сцежкамі-дарожкамі дзяцінства і юнацтва. З захапленнем успамінае, як у трынаццацігадовым узросце імчаў верхам на кані, пакідаючы стоўб пылу на прасёлачнай дарозе, як працаваў з аднагодкамі на калгасных палетках, акучваў бульбу, кукурузу, звозіў снапы з поля…

– Калі афармляўся на пенсію, – расказвае Антон Браніслававіч. – Мне ажно два гады стажу налічылі за працадні, заробленыя ў час летніх школьных канікулаў. У адзін год у мяне было 72 працадні.

Незабыўныя гады вучобы ў Удзелаўскай дзесяцігодцы. Школа дала мне надзвычай многа. Выдатным арганізатарам вучнёўскага калектыву, натхняльнікам цікавых карысных ідэй і спраў была незабыўная Ніна Аляксандраўна Хайноўская. З прадметаў вельмі любіў фізіку, якую выкладаў выдатны педагог Генадзь Фёдаравіч Андросенка. У дзясятым класе мяне выбралі сакратаром школьнай камсамольскай пярвічкі. Мы ўсе актыўнічалі і ў вучобе, і ў працы, ладзілі цікавыя вечары. І вось неяк перад заканчэннем школы мяне запрасіў у кабінет старшыня нашага калгаса “За Радзіму” Васіль Мікітавіч Гірс і прапанаваў пайсці вучыцца па накіраванні гаспадаркі на ветурача. Хаця я меў крыху іншыя планы. Праз колькі часу паведаміў, што хачу вывучыцца на інжынера-электрыка і вярнуцца ў родныя мясціны. Калгас даў мне накіраванне, і я паступіў у Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. А пасля вучобы ў 1966 годзе вярнуўся са сталіцы дадому і 8 гадоў адпрацаваў у калгасе “За Радзіму” інжынерам-энергетыкам.

Час быў незвычайны, напоўнены мноствам спраў. У гаспадарцы, якую ўжо узначальваў на тую пару выдатны арганізатар сельгасвытворчасці Анатоль Дзмітрыевіч Кот і пад кіраўніцтвам якога мне пашчасціла папрацаваць, поўным ходам ішла будоўля. Будавалі свінакомплекс у Папшычах, малочнатаварную ферму на 400 галоў у Міхальцах і шмат іншых аб’ектаў. К таму ж, мне было даверана ўзначальваць камсамольскую арганізацыю калгаса, выбіраўся членам Глыбоцкага райкама і Віцебскага абкама камсамола. Моладзь гаспадаркі ўдарна працавала на палях і фермах. Ахвотна браліся за любую справу. Праводзілі суботнікі і пабудавалі танцавальную пляцоўку. Цікава і змястоўна ладзілі адпачынак, удзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці. І сам я іграў на акардэоне, спяваў… У родных мясцінах сустрэў сваю Святлану Ягораўну (яна працавала настаўніцай у Удзелаўскай школе), праз два гады справілі камсамольскае вяселле…

Камсамол стаў для Антона Шымко выдатнай жыццёвай школай, у якой фарміраваліся і адточваліся арганізатарскія здольнасці. І яны, гэтыя здольнасці, былі заўважаны раённым кіраўніцтвам. Неўзабаве маладая сям’я пераехала на новае месца жыхарства, у вёску Зарубіна. Антон Браніслававіч быў прызначаны на пасаду намесніка старшыні калгаса “Парыжская камуна”.

– Без асаблівых роздумаў адправіліся: партыя сказала: “Трэба”, камсамол адказаў: “Ёсць!”, – жартуе Антон Браніслававіч. – Але ненадоўга мы затрымаліся ў гэтай гаспадарцы. Першы сакратар райкама КПБ Рыгор Аляксеевіч Тубалец аднойчы сказаў: “Хопіць у замах хадзіць, пара кіраўніком станавіцца!”. Так у далейшым мае працоўныя будні і святы былі звязаны з калгасам “Рассвет”.

На той час гэта была адна з адстаючых і самых закрэдытаваных гаспадарак у раёне. Скажу, ніякавата пачувалася на першую пару, бо праблем назбіралася нямала. Але я ўдзячны лёсу, што мне выпала працаваць пад кіраўніцтвам такіх людзей, як Віктар Іосіфавіч Сініцкі і Валерый Іванавіч Акуленка. Гэта сапраўды Кіраўнікі з вялікай літары, патрабавальныя і вельмі чалавечныя, здольныя выслухаць падначаленага, прыняць яго меркаванні і довады, і нават памяняць свой пункт гледжання.

Віктар Іосіфавіч тады працаваў начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама, прывёз мяне ў гаспадарку, каб пазнаёміць са станам спраў. Убачыўшы маю разгубленасць і ніякаватасць, кажа: “Не бядуй, Антон! Неяк будзе. Калі што якое, звяртайся…”. І слова сваё трымаў. Аказваў усебаковую падтрымку і дапамогу. Бывала, так настрой Віктар Іосіфавіч падніме добрым словам, што хацелася працаваць яшчэ лепш, дабівацца лепшых вынікаў.

І “Рассвет” рухаўся наперад. Вызначыўшы прыярытэтныя накірункі – навядзенне працоўнай дысцыпліны, механізацыя працаёмкіх працэсаў, стварэнне надзейнай кармавой базы, калектыў, мовячы сучасным слэнгам, паспяхова рэалізоўваў многія праекты. Вялася рэканструкцыя на жывёлагадоўчых фермах Забалоцце, Лозіна, Якубенкі, абнаўлялася сушыльная гаспадарка, будаваліся ўнутрыгаспадарчыя дарогі, праводзілася меліярацыя земляў, вырашаліся шматлікія пытанні ў сацыяльна-культурнай сферы… Паступова выйшлі на прыбытак, на дастойную аплату працы. За 25 гадоў свайго старшынства ў “Рассвете” Антон Браніслававіч па-сапраўднаму зрадніўся і з гэтым куточкам глыбоцкай зямлі і яе людзьмі. І сёння з вялікай удзячнасцю ён успамінае многіх і многіх сваіх дарагіх “рассветаўцаў”, і ў першую чаргу сваіх непасрэдных памочнікаў спецыялістаў Валянціну Цімафееўну Іваньковіч, Анастасію Цімафееўну Пяткевіч, Ілью Іванавіча Грыдзюшку, Аляксандра Мікалаевіча Аляхновіча, Пятра Васільевіча Дайлідзёнка.

– Летам мы са Святланай Ягораўнай былі запрошаны на свята вёскі Мацюкова (Сям’я Шымко пражывае ў Глыбокім – А. З.). Гэта была незабыўная падзея. Гэта была незвычайна цёплая сустрэча з людзьмі, з краем, з якімі параднёны навекі, – дзеліцца ўражаннямі Антон Браніслававіч і рассказвае, як не стрымаў парываў свайго сэрца, узяў у рукі гармонік… і палілася над вёскай Мацюкова вельмі душэўная песня “Деревенька моя”…

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

 

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru