Ад краўца – да заканадаўцы моды. Успаміны пра мінулае Ізольды Свечнікавай

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 3,00 из 5)
Загрузка...

 Успаміны пра мінулае Ізольды Свечнікавай.

портрет
Глыбачанка Ізольда Юльянаўна Свечнікава

Ад краўца – да заканадаўцы моды. Такі шлях прайшла Ізольда Юльянаўна Свечнікава. Яе прафесійныя заслугі ацэнены медалём “За працоўную адзнаку” і ганаровым дзяржаўным званнем “Выдатнік службы быту БССР”. Камбінат бытавога абслугоўвання (КБА), у якім адпрацавала жанчына 27 гадоў, стаў узлётнай паласой для яе арганізацыйных і творчых здольнасцяў, вытворчай лабараторыяй для рэалізацыі прагрэсіўных ідэй, а калектыў прадпрыемства – роднай згуртаванай сям’ёй, якую паважала і якой ганарыцца да цяперашняга.

Выбраць прафесію  дзяўчыне  ў свой час дапамагла майстар  вытворчага навучання СШ№1 Алена Аркадзьеўна Пазнякова, якая вяла ў старшакласнікаў урокі кройкі і шыцця. Карысць ад заняткаў была відавочная: на школьным выпускным Ізольда красавалася ў прыгожай сукенцы, якую сама сабе пашыла за ноч. Ужо тады яна зразумела, што кваліфікацыя краўца, якую атрымала ў дадатак да атэстата, не будзе лішняй у жыцці і паступіла ў Віцебскі тэхналагічны інстытут.

– Прэстыжную на той час прафесію тэхнолага швейнай вытворчасці можна было атрымаць толькі ў чатырох ВНУ Савецкага Саюза: у Маскве, Ленінградзе, Кіеве і Віцебску. Калі  я паступала, там  быў толькі другі набор. Конкурс на адно  месца вялікі. Прадметы цяжкія – здавала фізіку, хімію, матэматыку. Мне пашчасціла: іспыты вытрымала і стала студэнткай. Вучыцца было цікава, бо адчувала, што гэта мая справа. Падабалася канструяванне і мадэліраванне, якія развівалі творчыя задаткі, уменне чарціць і маляваць, прыдумваць новыя фасоны і вобразы. Карысныя навыкі набывала пад час вытворчай практыкі. На віцебскай фабрыцы “Сцяг індустрыялізацыі” працавала на канвееры, шыла верхняе мужчынскае і жаночае адзенне. Тры месяцы стажыравалася ў Кішынёве (Малдова). Была  на фабрыцы масавага пашыву ў Мінску. Дыплом абараняла  па тэхналогіі швейнай вытворчасці Дзяржынскай фабрыкі, дзе павінна была працаваць па размеркаванні. Але лёс распарадзіўся інакш: я вярнулася на малую радзіму, у Глыбокае, – успамінае Ізольда Юльянаўна. – КБА тады ўзначальваў Фядот Ісаевіч Іваноў. Прыняў мяне на работу інжынерам-тэхнолагам з акладам 85 рублёў і, як кажуць, у добры шлях.  Тэхнічанае аснашчэнне цэхаў пашыву Глыбоцкага КБА, у параўнанні з фабрыкамі, на якіх я праходзіла практыку, відавочна адставала. Я ўжо не кажу пра вясковыя майстэрні, якія размяшчаліся ў арандаваных хатах. Садзілася я на аўтобус і аб’язджала бытавую гаспадарку.  Па-сучаснаму, рабіла маніторынг заказаў, кадраў, умоў працы. Абавязкаў у мяне было шмат, трэба было на пяце круціцца, каб выканаць усе даручэнні, Але я ўдзячна Фядоту Ісаевічу за такую загружанасць – любая  работа давала мне каштоўныя навыкі і вопыт.

коллектив

У 1975 годзе Ізольда Юльянаўна  ўзначаліла Глыбоцкае КБА і два дзесяцігоддзі развівала гэтую сферу паслуг.

– Адказнасць была вялікая: за працоўны калектыў, за выкананне планавых паказчыкаў і за ўсіх  нашых заказчыкаў,  а гэта каля 80%  жыхароў Глыбоччыны,  перад якімі мы былі ў адказе за якасць абслугоўвання. Сфера паслуг з цягам часу пашыралася, дзейнасць паступова станавілася шматвектарнай. Працавалі тры швейныя  атэлье ў Глыбокім і Падсвіллі. Адкрываліся спецыялізаваныя комплексна-прыёмныя пункты ў вёсках. Быў свой участак дрэваапрацоўкі і цэх вырабу корпуснай мэблі ў Пліса. Набіраў абароты па продажы ткацкі цэх. Тканыя дываны мы прадавалі не толькі ў сваім  і суседніх раёнах, але пасылкамі рассылалі заказчыкам у гарады ўсяго Савецкага Саюза, у тым ліку і на далёкую Поўнач.  Мелі сваю хімчыстку, пральню, цырульню, фотаатэлье, цэх па рамонце абутку і аказвалі непрамысловыя віды паслуг насельніцтву. У нашай сістэме ў раёне  працавалі 700 чалавек, – расказвае Ізольда Юльянаўна. – Спатрэбіліся мне тут і навыкі мадэліравання, і даўняя мара каменціраваць модныя паказы новых калекцый споўнілася. Першы “Дзень быта”, для якога мы рыхтавалі калекцыю навінак мужчынскага, жаночага і дзіцячага адзення, рэкламавалі паслугі, расказвалі пра сваю работу, прайшоў на “ўра” і стаў традыцыйным мерапрыемствам. Модныя паказы  мы ладзілі на прадпрыемствах горада і ў сельскай глыбінцы. Выезды  рыхтавалі сумесна з работнікамі культуры: прыгожыя эстэтычныя мадэлі, задорныя песні, размова з людзьмі, сяброўскія пасядзелкі за кубкам гарбаты – усё гэта ажыўляла, узрушвала глыбінку. Навізна і прыгажосць знаходзілі прыхільнікаў і ў горадзе, і ў вёсках. У магазінах  тады  вялікага выбару шытага адзення не было,  а тут такая актыўная наша рэклама. Заказаў было столькі, што мы перавялі швейны цэх Дома быту на двухзменную работу.

коллектив

“Бытоўку” ў раёне  курыравала Эдуарда Фабіянаўна Анкуд. На абласных і раённых нарадах ёй не было сорамна, бо пра нас гаварылі толькі добрае. Без сумневу, заслуга ў гэтым усяго калектыву.

Я сёння з ўдзячнасцю ўспамінаю Галіну Сідарэнка, якая 20-гадовай дзяўчынай  прыехала ў Глыбокае пасля Магілёўскага тэхналагічнага тэхнікума і адпрацавала ў “бытоўцы” не адзін дзясятак гадоў. Спачатку на ўчастку дрэваапрацоўкі, затым галоўным інжынерам, а пошні час дырэктарам працаваў Віктар Каляда. Леаніда Маёрава, Клеапатра Лушчонак, Святлана Ясілевіч, Тамара Сіманковіч, Рэгіна Глухоўская… Жанчыны працавалі на сумленне, на іх работу ад заказчыкаў ніколі не было скаргаў. Гонарам калектыву былі сямейныя дынастыі Пятра і Раісы Азаркаў, Івана і Таісы Шарабайкаў, Антона і Ганны Макатуноў, Віктара і Ганны Шабаноў… Усіх не пералічыць, але я памятаю кожнага, цаню за працаздольнасць, майстэрства і  вернасць справе. Мы былі адным калектывам, умелі і працаваць на “выдатна”, і адпачываць з “агеньчыкам”.

Я – шчаслівы чалавек, бо мела магчымасць разам са сваімі калегамі працаваць на карысць жыхароў Глыбоччыны,  укладваць веды і вопыт у развіццё сферы бытавых паслуг. Мае ўспаміны пра мінулае толькі пазітыўныя, а радасць сустрэч  з былымі паплечнікамі заўсёды шчырая, – такімі словамі завяршыла аповяд Ізольда Юльянаўна.

 

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

 

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: