1 лістапада 80-годдзе з дня стварэння раённых аддзелаў міліцыі адзначалі супрацоўнікі Пастаўшчыны, Міёршчыны, Браслаўшчыны і Глыбоччыны. Павіншаваць глыбоцкую міліцыю, адзначыць і ўзнагародзіць лепшых прыйшлі намеснік начальніка ўпраўлення унутраных спраў Віцебскага аблвыканкама, начальнік крымінальнай міліцыі палкоўнік міліцыі Дзмітрый Рэзенкоў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч, прадстаўнікі ваенных і сілавых ведамстваў Глыбоччыны, калегі з суседніх раёнаў.
Начальнік Глыбоцкага РАУС падпалкоўнік міліцыі Валерый Круклінскі зрабіў кароткі экскурс у гісторыю, нагадаў імёны і прозвішчы папярэднікаў, якія ў розныя гады ўзначальвалі райаддзел. Сказаў пра міліцыянераў, для якіх службовае заданне стала сур’ёзным экзаменам на вернасць прысязе і якія, выканаўшы свой абавязак перад законам, адышлі ў вечнасць і сталі героямі.
Памяць загінуўшых прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання.
—Адліваюць пазалотай афіцэрскія зоркі на пагонах, але толькі вам вядома колькі ў гэтым бляску бяссонных начэй, дзяжурстваў, камандзіровак, затрыманняў, экстрымальных сітуацый, — пасля гэтых слоў вядучых Наталлі Карніловіч і Арцёма Міхаля пачаўся сапраўдны зоркапад.
Палкоўнік Рэзенкоў уручыў нагрудныя знакі “За самаадданую службу I ступені” Валерыю Круклінскаму, падпалкоўніку Аляксандру Гіголу, маёру міліцыі Васілю Арлову; нагрудны знак “За выдатную службу” — маёру міліцыі Міхаілу Бахіру; нагрудны знак выдатнасці УУС Віцебскага аблвыканкама – маёру міліцыі Ігару Рыпінскаму, капітанам міліцыі Паўлу Рабікаву і Людміле Пачопка. Ганаровымі граматамі, граматамі і Падзякамі УУС Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Рэзенкоў узнагародзіў капітана міліцыі Івана Зарубу, маёраў міліцыі Андрэя Антаневіча, Ігара Яцкоўскага, Лілію Бахір, Юрыя Вайцяховіча, капітана міліцыі Алега Гіголу, загадчыка групы тылавога забеспячэння райаддзела Івана Мартуля, пашпартыстку МРЭА ДАІ Марыну Кабылінскую.
Прывітальны адрас старшыні Глыбоцкага райвыканкама Аляксандра Шубскага зачытала Галіна Унуковіч. Затым яна ўручыла Ганаровыя граматы райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, а таксама Падзякі старшыні райвыканкама лепшым супрацоўнікам райаддзела і ветэранам МУС. Сярод узнагарод былі нагрудныя знакі “Выдатнік міліцыі”, “За самаадданую службу II ступені”, “За адзнаку”, юбілейныя медалі “100 гадоў міліцыі Беларусі” і “75 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашыскіх захопнікаў”. Іх заслужаным работнікам міліцыі ўручалі Валерый Круклінскі, начальнік ПК-13, падпалкоўнік унутранай службы Вадзім Мурашка, начальнік райаддзела Дэпартамента аховы падпалкоўнік міліцыі Сяргей Кандзерскі, ваенны камісар Глыбоцкага і Шаркоўшчынскага раёнаў падпалкоўнік Сяргей Краснадубскі.
Не хавалі ў той дзень радасці і ў той жа час не маглі стрымаць прыемныя хваляванні Міхаіл і Галіна Кучыцы. Іх сын Вадзім стаў прадаўжальнікам міліцэйскай дынастыі, узначальвае інспекцыю па справах непаўналетніх. Даслужыўся да маёра. Чарговай яго ўзнагародай стаў наглудны знак “За выдатнасць”. Узнагароду і кветкі палкоўнік Рэзенкоў уручыў Наталлі Браніславаўне, жонцы міліцыянера Ігара Рыпінскага, які працуе ў праваахоўных органах больш за 20 гадоў. Наталля настаўніца. З мужам выгадавалі дзвюх дачок. Адна яшчэ школьніца, другая ўжо студэнтка ВНУ, атрымлівае юрыдычную адукацыю і, магчыма, працягне бацькаву справу.
У поўным складзе на свяце была сям’я Міхаіла і Ліліі Бахіраў. Парадавацца за тату і маму, якія атрымалі высокія ўзнагароды за службу, прыйшлі дочкі Насця і Жэня.
Для прысутных спявалі супрацоўнікі міліцыі Павел Рабікаў, Андрэй Парневіч, Віталь Цыбульскі, Марына Кабылінская, квартэт і салісты народнай эстраднай студыі “Архіў” Юлія Фенько, Сафія Спірковіч, Ірына Скрага, Юлія Голяс, вакальная група настаўнікаў дзіцячай школы мастацтваў, дзіцячая вакальная група “Голдэн смайл”, якім “прынцы” ў форме ўручылі кветкі. Пачыналі і завяршалі святочную праграму мажарэткі ўзорнага ансамбля барабаншчыц “Віват”.