Сакрэты паспяховай службы: інтэрв’ю з начальнікам Глыбоцкага аддзела Дэпартамента аховы Сяргеем Кандзерскім

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

У чэрвені раённы аддзел аховы адзначыў 60-годдзе з дня ўтварэння. Да значнай для ўсяго калектыву даты дадаліся і падзеі асабістыя. Сяргей Кандзерскі занесены ў гэтым годзе на раённую Дошку гонару, а днямі споўнілася дзесяць гадоў з таго моманту, як ён узначаліў раённы аддзел Дэпартамента аховы – дарэчы, адно з лепшых падраздзяленняў вобласці.

новости-глубокого

Усё гэта, а таксама прафесійнае свята, якое супрацоўнікі аховы адзначылі ўчора, 29 кастрычніка, і стала нагодай, каб сустрэцца з Сяргеем Кандзерскім. Падчас размовы ён расказаў пра сябе і падзяліўся сакрэтамі поспеху свайго калектыву.

– Сяргей Міхайлавіч, у пачатку 90-х, калі вы заканчвалі школу, прафесія міліцыянера была не самай прэстыжнай. Чаму выбралі міліцэйскую ВНУ?

–Я ўсур’ёз задумаўся пра будучую прафесію дзесьці ў класе дзясятым, калі  старэйшыя сябры сталі студэнтамі. Многія з іх паступілі ў Акадэмію міліцыі.  Бацькі, ветэрынарныя ўрачы па адукацыі, хацелі, каб я працягваў іх справу (на той час мой старэйшы брат ужо вучыўся ў медыцынскім універсітэце) альбо выбраў сельскагаспадарчы профіль. Але ў школе мне лягчэй даваліся гуманітарныя прадметы. Я, шчыра кажучы, не бачыў сябе ні ўрачом, ні аграномам і меркаваў, што служба ў органах унутраных спраў – дастойная для мужчыны прафесія.

СМ– І бацькі пагадзіліся?

–Не адразу. Але з цягам часу яны ўхвалілі мой выбар. Я добра здаў экзамены і стаў курсантам факультэта аператыўна-вышуковай дзейнасці. Вучыцца ў Акадэміі было цікава. Нас трымалі ў дысцыпліне і прывучалі да самадысцыпліны, давалі трывалыя веды, вучылі разважаць і прадумваць свае дзеянні на некалькі крокаў наперад. Пасля заканчэння Акадэміі па размеркаванні трапіў у Чыгуначны аддзел РАУС горада Віцебска, дзе год працаваў следчым. Была магчымасць застацца ў абласным цэнтры, але я заўсёды хацеў жыць і працаваць у родным горадзе, таму праз год перавёўся ў Глыбокае. Працаваў дазнавацелем у аддзеле папярэдняга расследвання, потым начальнікам гэтага аддзела. У 2009 годзе мне прапанавалі  ўзначаліць раённы аддзел Дэпартамента аховы. Згадзіўся, але гэта было вельмі хвалююча. Службу ў міліцыі я ўжо добра ведаў, а тут зусім іншая спецыфіка, вельмі разнапланавая работа: і фінансава-гаспадарчыя пытанні трэба вырашаць, і працаваць з арганізацыямі, якім аказваем паслугі, і кіраваць вялікім калектывам, у якім, акрамя міліцыянераў, вартаўнікі, электраманцёры, бухгалтары.

–Але ж вы справіліся. Глыбоцкі аддзел Дэпартамента аховы заўсёды быў на добрым рахунку ў вобласці і рэспубліцы. Па выніках аператыўна-службовай і прафесіянальнай дзейнасці за мінулыя гады  глыбачане лепшыя ў вобласці. У чым сакрэт поспеху?

–У калектыве. Кіраўнік любой арганізацыі нічога не варты без свайго калектыву. І высокія паказчыкі ў службовай і прафесійнай дзейнасці дасягнутыя дзякуючы нашым супрацоўнікам. Усе яны прафесіяналы і адказна падыходзяць да выканання сваіх абавязкаў. Сваю задачу я бачу ў тым, каб правільна размяркоўваць пастаўленыя вышэйшым кіраўніцтвам задачы і ствараць для людзей максімальна камфортныя ўмовы працы. Тады, упэўнены, і вынікі будуць высокія. Так, у першы год маёй працы ў аддзеле мы зрабілі сучасны рамонт ва ўсіх кабінетах і памяшканнях. Па меры магчымасцей абнаўляем аўтапарк, бо група затрымання павінна быць мабільнай і першай прыбываць на месца здарэння. Мы адрамантавалі спартыўную залу, купілі новыя сучасныя трэнажоры. Яна ў нас ніколі не пустуе, займацца спортам сюды прыходзяць нашы супрацоўнікі і члены іх сямей.

–Вы дэмакратычны кіраўнік? Падчас прыняцця важных рашэнняў з кім-небудзь раіцеся?

– Гэта пытанне трэба задаць маім падначаленым. Напэўна, розны. А прымаючы рашэнні, выслухоўваю і стараюся ўлічваць меркаванне калег, бо  ў кагосьці  з іх больш вопыту, у кагосьці веды вузкаспецыяльныя. Лічу, што чалавек не можа ўсё ведаць, ва ўсім разбірацца, нават калі ён кіраўнік.  Але канчатковае рашэнне ўсё ж такі прымаю сам.

–Якія якасці цэніце ў людзях?

–Чэснасць, дабрыню, працавітасць. У калектыве не цярплю гультайства, падману, абыякавасці. Канечне, на працы, як і ў жыцці, здараецца ўсялякае. Часам трэба разабрацца ў сітуацыі, дапамагчы чалавеку, падставіць плячо. Але калі чалавек паводзіць сябе непрыстойна, парушае ўстаў, як кіраўнік, павінен рэагаваць.

–Вядома, каб дасягнуць вышыняў у прафесіі, трэба прыкласці шмат сіл і намаганняў. Што для вас крыніца энергіі?

–Мая апора і падтрымка – гэта сям’я, родныя і блізкія людзі. Ёсць у мяне і любімае хобі. Разам з сябрамі ўдзельнічаем у спаборніцтвах па арыентаванні на «внедорожниках». Гэта выдатны адпачынак. Праўда, жонка і старэйшая дачка не падзяляюць маё захапленне, а вось малодшая дачушка ўжо марыць пракаціцца са мной  па крутых дарогах.

–Што пажадаеце сваім супрацоўнікам у прафесійнае свята?

–Моцнага здароўя ім і іх сем’ям, дабрабыту, упэўненасці ў заўтрашнім дні, поспехаў у працы, ва ўсіх справах і пачынаннях.



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: