У чацвер, 17 кастрычніка, у гарадскім Доме культуры прайшло свята, прысвечанае Дню работнікаў культуры. Галоўнымі героямі свята сталі яркія прадстаўнікі культурнай сферы Глыбоччыны, а самым лепшым работнікам клубных устаноў, бібліятэк, музея, творчых калектываў уручаны ўзнагароды і кветкі.
Удзельнікаў свята цёпла прывітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Шубскі, падкрэсліўшы, што ў галіне культуры могуць працаваць толькі таленавітыя людзі.
—Вы дорыце людзям радасць, ствараеце ім настрой, і ад райвыканкама і ад усіх нас віншую вас з гэтым цудоўным святам, — сказаў Аляксандр Мікалаевіч. – Будзьце шчаслівымі, няхай у вашай душы і над вамі заўжды будзе толькі сонечная пагода. Нясіце ў жыццё славянскія звычаі, развівайце народныя традыцыі, песняй і музыкай натхняйце людзей на стваральную працу.
Аляксандр Шубскі ўзнагародзіў лепшых прадстаўнікоў культуры раёна дыпломамі, граматамі і падзякамі старшыні райвыканкама.
Узнагароды раённага Савета дэпутатаў уручыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч.
Многія ўдзельнікі свята атрымалі граматы і падзякі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама – узнагароды ўручыла начальнік аддзела Людміла Карніловіч.
Музычныя падарункі дарылі прысутным у зале ўзорны ансамбль барабаншчыц “Віват” гарадскога Дома культуры, артысты Глыбоцкай дзіцячай школы мастацтваў і народнай эстраднай студыі “Архіў”.
Прыемным сюрпрызам для ўдзельнікаў свята стала выступленне вакальнай групы ансамбля танца, музыкі і песні “Талака” Віцебскай абласной філармоніі.
Падрабязней – у адным з бліжэйшых нумароў “ВГ”.