У Глыбокім нядзельны дзень, 6 кастрычніка, дзень адметны – кірмашовы. Кажаце, кожную нядзелю кірмаш? Але ж заўтра кірмаш восеньскі, вялікі, святочны! І праводзіцца ён на Цэнтральнай плошчы горада і ў бліжэйшых яе ваколіцах.
Чаго толькі тут не будзе! Купляй не накупляйся: бульба і гародніна з садавінай, разнастайная сельскагаспадарчая прадукцыя, тавары народнага спажывання ў шырокім асртыменце.
Хопіць на ўсіх весялосці-радасці і ўражанняў прыемных. Апрача бойкага гандлю, можна будзе палюбавацца экспанатамі, маляўнічымі кампазіцыямі з кветак, фруктаў і гародніны “Асенняя рапсодыя”, паўдзельнічаць у конкурсах і “злавіць” удачу ў бяспройгрышнай латарэі “Шчаслівы выпадак”. А прызы якія выдатныя, вы толькі падзівіцеся, сябры даражэнькія: сыры, каўбасы, саджанцы, не менш як дзясятак мяшкоў з зернем, з бульбай, камбікормам, прычэп дроў і чатыры прычэпы – з арганічнымі ўганеннямі, а яшчэ жывыя куры і два цяляці.
Знаёмцеся, сябры, з праграмай кірмашу, размяркоўвайце свой час, каб усюды маглі паспець.
ПРАГРАМА
восеньскага сельскагаспадарчага кірмашу
10.00-14.00
Работа гандлёвых шэрагаў прамысловых, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна, сялянска-фермерскіх гаспадарак, індывідуальных прадпрымальнікаў.
Выстава кампазіцый з гародніны і садавіны, з жывых і сухіх кветак «Восеньская рапсодыя» і «Цуды ўраджаю-2019».
Выстава-ямарка вырабаў дэкаратыўна-прыкладнай творчасці майстроў народнага клуба народных майстроў «Крыніца» «Восеньская скарбонка».
Бяспройгрышная латарэя «Шчаслівы выпадак».
Праца тэматычнай пляцоўкі «Здароўе».
10.00-10.10
Святочнае адкрыццё «Восеньскага кірмашу».
10.10-12.00
Тэатралізаванае прадстаўленне «Кірмаш гудзе – продаж ідзе».
11.00-13.00
Работа гульнявой пляцоўкі «Кірмаш рухомых гульняў».
12.00-12.20
Узнагароджанне пераможцаў конкурсаў-выстаў «Восеньская рапсодыя» і «Цуды ўраджаю-2019».
12.30-14.00
Святочны канцэрт калектываў мастацкай самадзейнасці Глыбоцкага раёна.