Ад “салодкай” ідэі – да экалагічнай асветы

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

У канцы верасня ў вёсцы Ластавічы быў адкрыты першы ў Віцебскай вобласці рэгіянальны цэнтр экалагічнай асветы.

DSC_7456

Ён створаны на базе аграэкатурыстычнага аб’екта ТДА ПКФ “Аржаніца”. Праект удалося рэалізаваць, дзякуючы ініцыятыўнасці і дальнабачнасці заснавальніка  прадпрыемства па вытворчасці салодкіх  журавін у цукры  Анатоля Брылёнка і цяперашняга дырэктара гэтай камерцыйнай фірмы, старшыні грамадскага аб’яднання “Клюквачы” Васіля Брылёнка. У жыцці яны —  бацька і сын, а ў рабоце дзелавыя партнёры,  якія паказалі выдатны прыклад дабрачыннасці. Заробленыя грошы разам з фінасавымі сродкамі выдзеленага гранта інвесціравалі ў будучыню; скіравалі на павышэнне ўзроўню экалагічнай гараматнасці жыхароў Глыбоччыны.

DSC_7415

На ўрачыстасці прысутнічалі нацыянальны каардынатар Праграм малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду ў Беларусі Юрый Салаўёў і яго праграмны асістэнт Алена Бандарэнка, намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Таццяна Тарасевіч, супрацоўнікі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Казак і Артур Гапанёнак, галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Таццяна Лазаронак, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і СМІ.

DSC_7438

—Глыбоцкая “Аржаніца” – гэта брэндавае прадпрыемства, прадукцыя якога карыстаецца попытамі ў Беларусі, і за яе межамі. Прыемна, што адміністрацыя займаецца не толькі вытворчымі справамі, тэхналагічнымі працэсамі, пытаннямі пашырэння асартыменту выпускаемай прадукцыі і яе рэалізацыі, а  бачыць маштабныя праблемы, такія напрыклад, як глабальнае пацяпленне  з усімі яго негатыўнымі вынікамі для чалавецтва, і стараецца унесці свой пасільны ўклад  у іх вырашэнне. Заявак на атрыманне грантаў мы разглядаем дзясяткі, але сродкі выдзяляем  толькі пад сапраўды актуальныя праекты, якія будуць мець высокі каэфіцыент карыснага дзеяння і свой  працяг, — гаварыў, звяртаючыся да прысутных, Юрый Салаўёў.

DSC_7393

— Цэнтр экалагічнай асветы  размешчаны ў маляўнічым месцы, на беразе Ластавіцкага возера, і разлічаны на  круглагадзічныя заняткі для розных  мэтавых груп — школьнікаў і дарослых, прадстаўнікоў органаў мясцовай улады, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый нашага і суседніх раёнаў паўночна-заходняга рэгіёна Віцебшчыны. Для правядзення заняткаў, інфармацыйных сустрэч,  семінараў і іншых мерапрыемстваў мы абсталявалі дэманстрацыйна-адукацыйную канферэнц-залу, набылі мультымедыйны комплекс, маем шмат цікавай і карыснай інфармацыі экалагічнай накіраванасці, якую будзем падаваць дзецям у форме лекцый, віктарын і гульнёвых праграм. На тэрыторыі цэнтра  абсталявалі  валейбольную пляцоўку для актыўнага адпачынку. Пры неабходнасці можна арганізаваць  лёгкае харчаванне для навучэнцаў, бо ў памяшканні ёсць абсталяваная кухня. Вырашаем пытанні з  падвозам сюды сельскіх школьнікаў, — гаварыў у сваім выступленні Васіль Брылёнак. – У цэнтры ўстаноўлена геліясістэма (сонечны калектар), з дапамогай якой мы атрымліваем энергію для ўласных патрэб і які выкарыстоўваем ў якасці  дэманстрацыйнага аб’екта пры рэалізацыі праграм экалагічнай адукацыі. Калі гаварыць пра тэматычную накіраванасць, то мы будзем збіраць і камплектаваць матэрыялы па праблемах змянення клімату, захавання біялагічнай разнастайнасці, аховы водных  рэсурсаў і іншых аспектах аховы навакольнага асяроддзя, відэаролікі  — размяшчаць на сайтах усіх раёнаў. Плануем рыхтаваць рэкламна-асветніцкія публікацыі, плакаты і рэкламу  дзейнасці  ў сацыяльных сетках, праводзіць семінары мясцовага і абласнога  маштаба, а таксама канферэнцыі ва ўстановах адукацыі. У працэсе работы мяркуем супрацоўнічаць з усімі зацікаўленымі профільнымі службамі і ведамствамі, а таксама прыватнымі асобамі.

DSC_7446

— Будаўніцтва цэнтра пачалося  восенню мінулага года. Мы ўклалі ў яго каля 50 тысяч долараў  уласных сродкаў,  а агульны кошт праекта, з улікам выдзеленага Глабальным экалагічным фондам у Беларусі, — 100 тысяч долараў. І гэта не выкінутыя на вецер грошы, як лічаць некаторыя. Я ўпэўнены, што атрыманыя падрастаючым пакаленнем веды прынясуць у будучым карысць не толькі ім, але і ўсяму грамадству. Веды змяняюць свядомасць чалавека, прывучаюць думаць глабальна і маштабна, бачыць на перспектыву і актываізавацца для таго, каб не дапусціць экалагічнага крызісу, — сказаў Анатоль Брылёнак.

DSC_7477

Таццяна Тарасевіч адзначыла важнасць супрацоўніцтва Глыбоччыны з міжнароднымі структурамі і неабходнасць  прапаганды экалагічных ведаў сярод школьнікаў. Яна падзякавала Анатолю Апалінар’евічу і Васілю Анатольевічу за іх працаздольнасць і наватарскі падыход у рабоце.

DSC_7495

Асанансам гучалі выступленні начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Аляксандра Казака і Таццяны Лазаронак.

DSC_7368

У той дзень першыя заняткі  для вучняў раённай гімназіі правялі трэнінгавыя кансультанты праекта Праграмы малых грантаў ГЭФ “Павышэнне ўзроўню інфармаванасці грамадскасці па пытаннях змякчэння і адаптацыі да вынікаў змянення клімату” Вольга Волкава і Аляксандра Баева. Пасля кожнага блока лекцый школьнікам  была прадстаўлена магчымасць праверыць свае веды і адказаць на пытанні. Першы прыз за правільныя адказы атрымала вучаніца 9 “А” класа Ліза Дайлідзёнак. Глыбіня ведаў і актыўнасць гімназістаў прыемна здзівіла прысутных на занятках прадстаўнікоў фонда.  

DSC_7386

Добры пачын пакладзены. Гледзячы на энтузіязм, з якім вядуць справы бацька і сын Брылёнкі, можна сказаць, што  на паўдарозе яны не спяняцца і ўсё, што яны плануюць і робяць на карысць Глыбоччыны, будзе мець  паспяховы і выніковы працяг.

DSC_7485

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: