ГЕРОЙ ЖНІВА З ГЛЫБОЧЧЫНЫ – СЯРГЕЙ ЗЕЛЯНКЕВІЧ

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

На фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2019”, які сёння праходзіць у Браславе, на галоўнай святочнай сцэне ўзнагароду атрымае старшы камбайнер ААТ “Глыбоцкі камбікормавы завод” Сяргей Зелянкевіч, адзін з лепшых на сёлетнім жніве ў вобласці і ў рэспубліцы.

Зелянкевіч
Фота са старонкі С. ЗЕЛЯНКЕВІЧА сацыяльнай сеткі «ВКонтакте».


На мінулагоднім абласным фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2018”, які праходзіў у Верхнядзвінску, камбайнер Глыбоцкай інтэграцыйнай структуры Сяргей Зелянкевіч заняў трэцяе месца ў спаборніцтве сярод маладых удзельнікаў жніва. Гэта была яго першая перамога на такім высокім форуме.

На свяце мне так і не ўдалося разгаварыць Сяргея: сціплы вясковы хлопец на фестываль трапіў упершыню, быў вельмі ўсхваляваны і сярод пераможцаў трымаў сябе не па гадах сур’ёзна. Сустрэліся мы з ім  пазней, калі рыхтаваў матэрыялы ў “ВГ” да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі.

 Калі ў недалёкім мінулым мне прыходзілася пісаць пра трох братоў Зелянкевічаў – Леаніда, Анатоля і Віктара, механізатараў з “Канстанцінавага Двара”, – то цяпер прыйшлося весці размову з яшчэ адным Зелянкевічам, Сяргеем, сынам Леаніда Іосіфавіча. Яшчэ школьнікам ён пачаў працаваць памочнікам камбайнера ў бацькі і дзядзькі Віктара і ўжо тады вырашыў вывучыцца на механізатара і працаваць у роднай гаспадарцы. Так  бы мовіць, стаць
прадаўжальнікам працоўнай дынастыі Зелянкевічаў. Урэшце так і сталася. Папрацаваў нейкі час у гаспадарцы, і ўжо шосты год (новы час – новыя выклікі) Сяргей Зелянкевіч – механізатар ААТ “Глыбоцкі камбікормавы завод”, на базе якога і была створана Глыбоцкая інтэграцыйная структура.

З той мінулагодняй размовы, а была яна вельмі шчырай, я зразумеў, што будуць у Сяргея Зелянкевіча новыя працоўныя перамогі. Вось што ён  сказаў: “Працаваў на жніве па 12 гадзін у суткі. У адзін з дзён убраў 55 гектараў. І можна толькі ўявіць, якім мог быць дзённы намалот зерня пры ўраджайнасці на полі 50-60 цэнтнераў з гектара. Там, дзе я працаваў, на круг выходзіла нашмат менш, і пры ўсім маім жаданні і старанні выйсці ў абласныя лідары на жніве я не змог. Люблю сваю працу, гатоў быць за рулём камбайна ад відна да цямна. Гатоў пайсці на рэкорд. Але ўсё залежыць не толькі ад мяне, але і ад таго, які ўраджай на палях”.

Артыкул “Зелянкевіч – вядомае прозвішча на Глыбоччыне” быў  надрукаваны ў № 92 за 17 лістапада 2018 года. І заканчваўся ён такімі словамі: “Па тым, з якім запалам Сяргей вёў размову, можна было зрабіць выснову: у маладога Зелянкевіча яшчэ ўсё наперадзе. І будзем верыць, што ўжо ў наступным годзе сваё трэцяе месца ў абласным спаборніцтве ён памяняе на першае”.

З пачаткам сёлетняй уборкі зерневых і зернебабовых культур з асаблівай увагай мы сачылі за працай камбайнераў сельскагаспадарчых арганізацый і Глыбоцкай інтэграцыйнай структуры. Сяргей Зелянкевіч на камбайне New Holland пачынаў убіраць збажыну на палях Браслаўскага раёна. І стартаваў ён паспяхова. Першым у раёне і ў вобласці намалаціў тысячу тон зерня, першым у Беларусі – дзве тысячы і на нейкі час  стаў лідарам рэспубліканскага спаборніцтва. З выдатнай працоўнай перамогай маладога механізатара  прама ў полі павіншаваў старшыня Віцебскага аблвыканкама М. М. Шарснёў. Мікалай Мікалаевіч адзначыў пры гэтым: –Сёння, можна сказаць, гістарычны момант: упершыню двухтысячны рубеж пераадолеў камбайнер Віцебшчыны, а не з паўднёвых рэгіёнаў.

З працоўнымі перамогамі Сяргея Зелянкевіча павіншавалі таксама начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Генадзь Ягораў, першы сакратар абкама грамадскай арганізацыі “БРСМ” Вячаслаў Хрол, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Працук, першы сакратар Глыбоцкага райкама грамадскага аб’яднання “БРСМ” Вольга Хімянкова. І, канечне ж, свайго лепшага камбайнера падтрымлівала і заахвочвала  кіраўніцтва і прафсаюзная арганізацыя ААТ “Глыбоцкі камбікормавы завод”.

На шчасце, ад слоў пахвалы, ад шматлікіх падарункаў не закружылася галава ў маладога механізатара. Ён прадаўжаў упарта працаваць. Урэшце быў узяты рубеж у тры тысячы тон зерня, і з кожным днём Сяргей набліжаўся да рэкорднага намалоту ў чатыры тысячы тон.

 Так атрымалася, што пасля заканчэння ўборкі зерневых на браслаўскіх землях Сяргей Зелянкевіч працаваў на палях Глыбоцкага і Лепельскага раёнаў. Праўда, у пазнейшых тэлефонных размовах (мы перазвоньваліся на працягу ўсяго жніва) ужо з сумам паведамляў,  што раней на палях з добрай ураджайнасцю набіраў  за дзень па 170-180 тон, а  цяпер толькі 20-30.  І ўсё ж па-ранейшаму наш камбайнер быў адным з лідарам рэспубліканскага спаборніцтва. На жаль, якое месца Сяргей Зелянкевіч заняў у рэспубліцы па выніках жніва, сёння мне невядома: на гэтую тэму нічога не знайшоў ні ў электронных, ні ў друкаваных СМІ. У № 90 “Сельскай газеты” за 6 жніўня 2019 года была змешчана апошняя падборка пад рубрыкай “П’едэстал гонару”. І на гэты дзень Сяргей Зелянкевіч уступаў толькі камбайнеру ПК імя В. І. Крэмко Гродзенскага раёна Андрэю Росеніку, які на камбайне “Лексіён-770” убраў 431 гектар і намалаціў 3420 тон зерня. У Сяргея на гэтую дату было 2950 тон, але ж і ўбраў ён аж 807 гектараў! Параўнайце: 807 – і намалот 2950 тон зерня  і 431 – і намалот 3420.  Атрымліваецца, што гродзенскі камбайнер працаваў на палях, дзе ўраджайнасць вышэйшая больш чым у два разы.

Усяго ж  па апошніх дадзеных, якія маю, Сяргей Зялянкевіч убраў зерневыя на плошчы 1408 гектараў  і намалаціў 3962 тоны зерня. Толькі 38 тон не хапіла яму да рэкорднага чатырохтысячнага намалоту. І ўсё ж рэкорд ёсць: наўрад хто ў рэспубліцы  за адзін сезон убіраў калі-небудзь такія плошчы зерневых.

На працягу жніва з перадавым камбайнерам мы сустракаліся двойчы – на палях сельскагаспадарчага прадпрыемства “Бярозавы край” Браслаўскага раёна. Трэцяя сустрэча адбылася на гэтым тыдні ў Глыбокім. Раніцай Сяргей збіраўся ад’язджаць  на працу, і пару мінут мы пагаварылі.

–Крыўдна, што да намалоту ў 4 тысячы тон крышку недабраў?

–Ёсць такое. Калі шчыра, то з самага пачатку жніва  настройваўся на такі вынік. На жаль, не атрымалася.  Можа, і па той прычыне, што жніво  заканчваў на полі Лепельскага раёна, дзе ўраджайнасць была вельмі нізкая. І там за адзін дзень я намалаціў толькі 13 тон. А вось на Браслаўшчыне, дзе зерневыя сеяла наша інтэграцыйная структура, аднойчы дзённы намалот склаў больш за 200 тон зерня.

–Імпартны камбайн не падводзіў?

–Канечне ж, без паломак не абышлося. Але вялікага рамонту не было, спраўляўся сам.

– Жніво закончылася, можна крыху адпачыць.

–Няма калі. Наперадзе – уборка кукурузы на зерне. Летась убіраў, буду

ўбіраць і сёлета. Адпачнём хіба што зімой.

Размова з Сяргеем Зелянкевічам не здоўжылася:  працы на палях механізатарам яшчэ многа.

Не магу не сказаць яшчэ вось пра што. У тым, што мой герой выйшаў сёлета на жніве на рэкордны вынік, вялікая заслуга і яго жонкі Юліі. Яна не толькі перажывала за яго, натхняла на плённую працу, але  штораз па ягоным прыездзе дадому пакавала сумкі (Зелянкевічы жывуць у вёсцы Дзеркаўшчына і трымаюць гаспадарку), напаўняючы іх любімымі прысмакамі мужа. Так, падчас жніва мужа забяспечвалі гарачым харчаваннем, але ж усё, што прыгатавала любімая жонка, вядома, смачнейшае.

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: