У СЕЛЬСКАГАСПАДАРЧЫХ АРГАНІЗАЦЫЯХ ГЛЫБОЧЧЫНЫ ПРАХОДЗЯЦЬ АГУЛЬНЫЯ СХОДЫ КАЛЕКТЫВАЎ, НА ЯКІХ ПАДВОДЗЯЦЦА ВЫНІКІ ВЫТВОРЧА-ФІНАНСАВАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ЗА МІНУЛЫ ГОД

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

У сельскагаспадарчых арганізацыях праходзяць агульныя сходы калектываў, на якіх падводзяцца вынікі вытворча-фінансавай дзейнасці за мінулы  год, праводзіцца работа над памылкамі і ўпушчэннямі, ставяцца задачы на 2019 год. Карэспандэнт “ВГ” пабываў на справаздачным сходзе ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве “Ломашы-Агра”, які адбыўся ў апошняй дэкадзе  лютага.

Ломашы-2

З дырэктарам прадпрыемства Аляксандрам Навіцкім сустрэўся за паўгадзіны да пачатку сходу:  з цікавасцю ён разглядаў раённыя зводкі па надоі малака, па вывазцы і ўнясенні арганічных угнаенняў, па ачыстцы насення і іншыя. Па твары было бачна, што кіраўнік задаволены: валавы надой малака ў гаспадарцы ад пачатку месяца складаў на той дзень 109%, па продажы –103%, вырас крыху і дзённы надой ад каровы. Уся прадукцыя рэалізавана сортам “экстра”.

Ломашы

—Арганічных угнаенняў вывезена 85%, гэта адзін з лепшых паказчыкаў, — развіў тэму Аляксандр Веньямінавіч. – Заданне па ачыстцы насення яравых зерневых, шматгадовых траў выканана, вядзём рамонт тэхнікі, рыхтуемся да тэхагляду. Словам, працэс ідзе. І вынікі мінулага года ў многім парадавалі. Хочацца сказаць словы ўдзячнасці Алегу Віктаравічу Морхату за падтрымку і разуменне. Алег Віктаравіч неяк сказаў, што калі ў гаспадарцы ёсць перспектывы развіцця, то   калектыву перашкаджаць не трэба, хай працуе. І я вельмі ўдзячны кіраўніку раёна за гэтыя словы.

Ломашы-1

Агульны сход калектыву праходзіў у прыгожай зале Ломашаўскага цэнтра культуры, дзе было светла, утульна.   Ужо адно гэта стварала ва ўсіх удзельнікаў мерапрыемства адпаведны настрой.

На парадку дня — самыя розныя пытанні, але мы засяродзім увагу на адным, на самым галоўным: на выніках дзейнасці работнікаў гаспадаркі ў 2018 годзе. Акрэслім, зразумела, і планы на год сёлетні.

Пачаўся сход відэафільмам “Нашы будні і святы”, і прысутныя ў зале  яшчэ раз акунуліся ў гарачыя будні мінулага сельскагаспадарчага года, а таксама ўспомнілі пра святы, якія праходзілі ў Ломашах. Ад юбілею вёскі – да сустрэчы Новага года. Глядзеў фільм і разважаў: “Дырэктару ў сваім дакладзе пра лепшых працаўнікоў і гаварыць не трэба. І па той простай прычыне, што ці не ўсе яны сталі героямі экрана: Ігар Шынелька, Васіль Арлоў, Васіль Грыбоўскі, Ганна Крыўко, Надзея Падсаднік, Таццяна Сарока,   Святлана Булах і многія іншыя.

Што тычыцца справаздачы кіраўніка, то па некаторых пазіцыях калектыў гаспадаркі спрацаваў значна лепш, чым у мінулым годзе. Так, “Ломашы-Агра” – адна з дзвюх гаспадарак раёна, дзе тэмп росту вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі склаў больш за 100%. Калі ў жывёлагадоўлі спрацавалі горш, то  ў галіне раслінаводства дасягнулі добрых вынікаў.  Хоць з-за мінулагодняй засухі не ўдалося выйсці на намечаныя рубяжы і з пасяўной плошчы 329 гектараў  зерневых (28,8%) і 114 гектараў рапсу (38%) прыйшлося ўбраць на кармавыя мэты,  намалочана 2288 тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 28,2 цэнтнера ( у 2017 годзе – 26,8), што дазволіла поўнасцю выканаць план дзяржзаказу па рэалізацыі зерня харчовага, рапсу — першым класам. Рэнтабельнасць рэалізацыі зерня склала 51,3%, алейнага насення рапсу – 52,7. Для забеспячэння пагалоўя буйной рагатай жывёлы травяністымі кармамі ўсяго нарыхтавалі 5849 тон кармавых адзінак травяных кармоў, або 31,2 цэнтнера кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы, што на 6,89 цэнтнера больш, чым пазалетась.

Не будзем залішне загружаць артыкул лічбамі, адзначым, што і ў раслінаводстве ёсць яшчэ нямала вузкіх месцаў, пачынаючы ад падбору плошчаў, размяшчэння сельскагаспадарчых культур па  лепшых папярэдніках, — да выканання патрабаванняў тэхналагічнага рэгламенту пры іх вырошчванні. (Пра гэта скажа ў сваім выступленні і галоўны аграном гаспадаркі Марына Свірко — аўт).

 Выйсці на ўраджайнасць 30 і больш цэнтнераў зерня з гектара з такімі кадрамі  механізатараў, як у “Ломашах-Агра”,  зусім рэальна.  Дарэчы, сёлета тут планку па ўраджайнасці паднялі даволі высока: трэба атрымаць на круг аж 35 цэнтнераў зерня, пад 300 цэнтнераў кукурузы. А вось алейнага насення рапсу – толькі 11,4 цэнтнера з гектара. На ўмоўную галаву жывёлы запланавана нарыхтаваць 31,3 цэнтнера кармавых адзінак травяных кармоў.

Калі ў раслінаводстве поспехі ёсць, то пра жывёлагадоўлю гэтага не скажаш. Тут яшчэ трэба працаваць і працаваць. Тэмп росту вытворчасці малака, асноўнай таварнай прадукцыі, у лютым  у параўнанні з мінулым годам вырас, і набраны тэмп трэба не толькі захаваць, але і павялічыць, паколькі ў структуры выручкі ад рэалізацыі прадукцыя жывёлагадоўлі займае аж 77,5% (прадукцыя раслінаводства – 16,4% — аўт.). І пакрысе па такім паказчыку, як сярэдні надой на карову, паспрабаваць выйсці на рубеж у 4 тысячы кілаграмаў малака.  Менавіта дзве пазіцыі – ураджайнасць зерневых і надой на карову – у многім характарызуюць, наколькі моцная ці слабая гаспадарка. У калектыве добра разумеюць, што на працягу аднаго года здзейсніць такі рывок (з 3275 – да 4000 кілаграмаў) вельмі складана, таму на 2019 год паставілі больш сціплую задачу: 3500 кілаграмаў малака ад каровы.

У сваім дакладзе А. Навіцкі сказаў і пра страты ў галіне жывёлагадоўлі за мінулы год: з-за непрадуктыўнага выбыцця жывёлы, нізкай таварнасці і якасці малака, з-за рэалізацыі жывёлы нізкімі вагавымі кандыцыямі, з-за ялавасці кароў. Скажам, 178 кароў, а гэта 24%, засталіся ялавымі. У выніку ў гаспадарцы недаатрымалі 543 тоны малака.

—Нават пры такой вытворчасці малака, як летась, але пры павелічэнні таварнасці да 90% і стапрацэнтнай рэалізацыі малака сортам “экстра” дадаткова мы атрымалі б выручкі ў мінулым годзе 89 тысяч рублёў, — падкрэсліў дакладчык і дапоўніў: — Наша найважнейшая задача на сённяшні дзень такая: як мага лепш за люты-сакавік завяршыць нашу “пасяўную” ў жывёлагадоўлі – асемяніць жывёлу пад расцёл 2019 года, забяспечыць базу для расцёлу наступнага года,  а значыць – для вытворчасці малака.

Больш падрабязна пра справы ў галіне жывёлагадоўлі расказала галоўны заатэхнік гаспадаркі Вольга Серада, але нават па тым, што ў голасе выступаючай аптымізму не адчувалася, можна было зрабіць выснову: вынікі нездавальняючыя і  працы ў гэтым накірунку  вельмі многа.

Хоць і абяцалі, што лічбамі злоўжываць не будзем, але яшчэ адну ўсё ж назавём: сярэдняя заработная плата ў “Ломашах-Агра” ў мінулым годзе склала 502 рублі (122% к узроўню мінулага года).

На агульным сходзе, акрамя дырэктара і галоўных спецыялістаў, выступілі таксама старшыня Ломашаўскага сельскага выканаўчага камітэта Франц Цярэшка, участковы інспектар Алег Гігола і старшыня прафсаюзнага камітэта  Наталля Спасібёнак. У рабоце сходу прынялі ўдзел начальнік аддзела землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Людміла Бабкевіч і галоўны ветэрынарны ўрач раёна Леанід Стоцік.

І які ж выніковы сход  без падарункаў?! Аляксандр Навіцкі падрыхтаваў сваім работнікам і падарунак – незвычайны, песенны, музычны: перад калектывам сельскагаспадарчага прадпрыемства выступіў народны ансамбль беларускай песні “Нявіда” з Полацкага раёна. Гэта было вельмі добрае выступленне, і з першай песні паміж ансамблем і залай адразу ўзнікла ўзаемаразуменне. Артысты спявалі, танцавалі. Гледачы на працягу ўсёй канцэртнай праграмы апладзіравалі ім і напрыканцы выступлення,  стоячы, звонкімі апладысментамі развіталіся з гасцямі, шчыра дзякуючы за святочны настрой, які яны падарылі.

 

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: