СЦЯЖЫНКАМІ МАЛАДОСЦІ: ІНТЭРВ’Ю З ЭКАНАМІСТАМ ПА ПРАЦЫ ЎНІТАРНАГА ПРАДПРЫЕМСТВА «ГЛЫБОЦКІ МЯСАКАМБІНАТ» ЮЛІЯЙ БАХІР

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

фотоНа гадавым свяце аграрыяў  ці не ўпершыню  ўзнагароджаны былі і спартсмены аграпрамысловага комплексу, якія дастойна абаранялі гонар раёна на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Сярод узнагароджаных – эканаміст па працы ўнітарнага прадпрыемства “Глыбоцкі мясакамбінат” Юлія Бахір: яна прымала актыўны ўдзел у абласной спартакіядзе сярод сельскіх жыхароў “Сельскія гульні-2018”.


Паколькі ведаю Юлію як аматарку інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?” – выступае за каманду мясакамбіната “ Всадники А” – і дапускаю, што гэта яшчэ не ўсе захапленні маладой жанчыны, вырашыў бліжэй пазнаёміцца з Юліяй і пацікавіцца : “А чым жыве сёння наша моладзь?”.

І вось наша сустрэча адбылася. Кораценька пра сваю гераіню. Нарадзілася ў Глыбокім. Пасля заканчэння СШ №1 паступіла ў дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт на факультэт менеджменту. Паспяхова закончыла яго. Завочна атрымала прафесію юрыста. Затым год адвучылася ў магістратуры.

–Накапіла дыпломаў, і цяпер яны ляжаць у доме бацькоў на кніжнай паліцы, – з усмешкай падвяла вынікі сваёй  шматгадовай вучобы Юлія. І гэтай вясёлай рэплікі хапіла для таго, каб у нас завязалася шчырая і адкрытая размова.

–Юлія, а чаму вы выбралі прафесію эканаміста?

–У мяне матэматычны склад розуму, я не гуманітарый. Вывучыцца на эканаміста мне параіла мая мама, яна ў мяне бухгалтар. Пасля вучобы  нейкі час працавала па спецыяльнасці ў Мінску. Але захацелася дамоў,   і мы, я і мой малады чалавек Аляксей Бахір, вырашылі вярнуцца ў Глыбокае. Было гэта ў кастрычніку 2014 года. На мясакамбінаце свабоднай аказалася вакансія эканаміста, і па субяседванні мяне ўзялі на працу.

–І як напачатку  адчувала сябе ў вялікім калектыве малады спецыяліст Юлія Бахір?

– Ведаеце, мне пашанцавала. У мяне, як, мабыць, і ў кожнага маладога спецыяліста было нястрымнае жаданне з першых дзён як мага лепш заявіць пра сябе. І  Анатоль Андрэевіч Дук, спецыялісты прадпрыемства падтрымалі мой парыў. На першым часе мне памагала начальнік аддзела Алена Аляксееўна Лушчонак, граматная, спакойная, ураўнаважаная жанчына. І сёння па любым пытанні я магу звярнуцца да яе і атрымаць падтрымку і карысныя парады. Праца па душы, таварыскі калектыў, таму мне сапраўды пашанцавала.

–Давайце пагаворым пра свет вашых захапленняў.

–Давайце. Люблю спорт. З шостага класа, калі трэнер Вольга Іванаўна Семяндзяк запрасіла мяне ў спартыўную секцыю,  не расстаюся з валейболам. І ва ўніверсітэце гуляла, і сёння хаджу на трэніроўкі ў спартыўную залу нашага прадпрыемства. Выступаю і ў іншых відах спорту, і пастраляць магу.  І муж у мяне такі ж актыўны.

–Калі не памыляюся, гэта Аляксей Бахір?

–Не памыляецеся.  Так атрымалася, што з Лёшам мы сябравалі аж адзінаццаць гадоў, а пажаніліся год таму. Лёша – добры спартсмен, ён і ў футбол гуляе, ён – усюды, хіба што баскетболам не займаецца. І я цягнуся за ім. Ды і напамінае  ён мне: “Займайся, бегай!”. Любім актыўны адпачынак. На турзлётах з мужам удзельнічаем ва ўсіх дысцыплінах. І ў мінулым годзе ў раёне мне прысвоілі званне “Лепшы турыст”. Нарэшце я яго заслужыла. Турызм! Гэта ж здорава! Збіраем рукзакі і на пару дзён – куды-небудзь з палаткай. У Карэлію ездзілі ўдваіх: на машыне, на цягніку, а там – пешшу, на байдарках… На веласіпедах ганяем.

–А ці бывае такое: на веласіпеды – і кіламетраў на 50-100?

–На 100 – не. Але ваколіцы Плісы, кіламетраў жа 25 будзе, на горніках аб’язджалі. Мы пастаянна ў руху. І не ведаем нават, што такое сум.

–Вось сёння мы гутарым, а заўтра ў вас чарговая інтэлектуальная гульня. Мне сказаў пра гэта капітан вашай каманды “Всадники А” Сяргей Грыневіч і папрасіў, каб  не вельмі загружаў вас сваімі пытаннямі.  З кім гуляеце?

–Гэта камерцыйная гульня, яна звычайна праходзіць раз у два тыдні  ў кафэ “Неон”. Прыязджаюць каманды з іншых гарадоў, і ўсё адбываецца  вельмі цікава і займальна. І – адказна. Канечне ж, нам вельмі хочацца перамагчы.

–І перамагаеце?

–Чатыры гульні дакладна выйгралі. Калі толькі пачыналі, у камандзе было не шмат людзей, цяпер жа – дзесяць. Канкурэнцыя вырасла, і трапіць у каманду не проста. Гуляюць толькі мацнейшыя. Таму прыходзіцца над сабой працаваць і працаваць.

–І які прыз за перамогу?

–Вялікая бутэлька шампанскага.

–І чаму аддаяце перавагу: спорту, турызму ці інтэлектуальнай гульні?

–У нас усё збалансавана, а ў дзень гульні трэніроўку ў спартыўнай зале  пераносім на наступны дзень.

–Кніга ў вашым жыцці?

–Ой, дзякуй, што напомнілі: трэба ў бібліятэку кнігі здаць. Чытаю, але не меладраматычныя кнігі, над якімі звычайна плачуць жанчыны, а што-небудзь сур’ёзнае. Скажам, фантастыку.

–Чым яшчэ захапляецеся,  што любіце яшчэ?

–(Усміхаецца). На канапе таксама люблю паляжаць.

– На вашу думку, што такое шчасце?

–Гэта калі прыходзіш дамоў, і цябе з усмешкай сустракае любімы муж. І ты ведаеш, ты проста ўпэўнена, што ён ва ўсім  заўсёды цябе падтрымае.

–І якой сябе бачыць Юлія Бахір, скажам,  гадоў праз дзесяць?

–Шчаслівай у сямейным жыцці і запатрабаванай на працы. А яшчэ хачу, каб к гэтаму часу, а лепш, каб раней,  у нас  быў свой уласны дом, а ў доме – сабака.

–Што ж, хай збываюцца вашы мары.

–Дзякуй.

Вам может понравиться



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: