З цягам часу тэрыторыя вакол дзіцячай пляцоўкі, што ў мікрараёне вуліцы Радужнай у Глыбокім, упрыгожыцца дэкаратыўнымі кустарнікамі накшталт кустоў бэзу. У мінулы аўторак з 50 саджанцаў пцелеі трохлістнай (так яны называюцца) тут была закладзена алея Пакаленняў.
Працоўная акцыя, прысвечаная 100-годдзю Камсамола, была арганізавана па ініцыятыве раённага камітэта ГА “БРСМ”. Яе падтрымалі кіраўніцтва і калектыў Глыбоцкага доследнага лясгаса (выдзелілі саджанцы пцелеі), а таксама ветэраны камсамольскага руху, колішнія сакратары Глыбоцкага райкама ЛКСМБ, кіраўнікі і актывісты раённых арганізацый ГА “БРСМ” і РГА “Белая Русь”, члены Маладзёжнай палаты Глыбоцкага райкама.
Дажджлівы дзень не стаў перашкодай для ўдзельнікаў акцыі. Працоўны рытм і настрой у ёй задавалі намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Таццяна Тарасевіч, ветэраны камсамола Генадзь Несцеравіч Шульга, Ларыса Дзмітрыеўна Нядбайла, Міхаіл Пятровіч Чарапкоўскі, Пётр Сямёнавіч Нікіцін, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Таццяна Гаўрылава, другі сакратар РК ГА “БРСМ” Юлія Казлова, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Працук і іншыя.
Няхай растуць пцелеі на радасць і на карысць новым пакаленням глыбачан!