НА ГЛЫБОЧЧЫНЕ ПРАХОДЗІЛІ ЗДЫМКІ ВЯСЕЛЬНАГА АБРАДУ «ВАЎЧЫЦА»

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Народны тэатр фальклору “Цярэшка” (кіраўнік – Наталля Нікіфаровіч) прадаўжае здзіўляць. Здаецца, што можна яшчэ новага знайсці і паказаць гледачам, калі падчас фальклорных экспедыцый вывучаны кожны куточак, кожная вёсачка Глыбоччыны, і народныя песні, танцы,  цікавыя абрады знайшлі годнае месца ў рэпертуары як “Цярэшкі”, так і іншых калектываў? Аказваецца, можна.

Абрад-2
—Новае – гэта крышку забытае даўняе,— гаворыць кіраўнік і рэжысёр тэатра фальклору Наталля Нікіфаровіч. – І мая задача  — сабраць фальклорны матэрыял, даведацца, як раней праводзіліся святы, абрады, падумаць, як іх трэба праводзіць сёння, і ўрэшце адрадзіць для фальклорных калектываў, каб у рэпертуары нашых калектываў было не чужое, а нешта сваё.

Абрад-1
Гутарку з Наталляй Уладзіміраўнай (дарэчы, яна прызнана лепшым клубным работнікам года Віцебшчыны) вядзём пасля таго, як творчая група тэлеканала “Беларусь-3” зрабіла здымкі адроджанага тэатрам “Цярэшка” вясельнага абраду “Ваўчыца”.  І часу ўжо крышку прайшло, але па-ранейшаму застаюся пад уражаннем гэтага яркага, адметнага выступлення артыстаў тэатра. Іхняе майстэрства, высокі выканаўчы ўзровень здзівілі нават сталічнага рэжысёра, які заўважыў, што здымкі прайшлі на адным дыханні, а гэта ў ягонай практыцы  бывае вельмі рэдка.

Абрад-Ваўчыца
—Малайцы, нават не думаў, што ўсё так добра атрымаецца, — такая была ацэнка кіраўніка творчай групы.

Абрад
Вядучая папулярнай на “Беларусь-3” праграмы “Назад у мінулае”  Аксана Вечар (хутчэй за ўсё для гэтай праграмы праводзіліся здымкі) таксама не прытойвала радаснага здзіўлення: “Вельмі цікавы абрад. Гледачы будуць у захапленні”.

Таму першае пытанне, якое задаў сваёй субяседніцы, гучала так: “Вы ўжо настолькі прызвычаіліся выступаць перад тэлевізійнымі камерамі, што не хвалюецеся зусім?”.

—Не, хваляванне ёсць. Проста вы не заўважаеце яго. Зрэшты, мы не так часта выступаем на тэлебачанні, каб прывыкнуць да тэлевізійных камер. На абласным тэлебачанні гэта здараецца часцей, а на рэспубліканскім  дагэтуль выступалі адзін раз. Аж у 1997 годзе, калі мы толькі набіралі сілы і пра нас яшчэ мала хто ведаў. А запрасіў нас на тэлеперадачу “Запрашаем на вячоркі” вядомы ў Беларусі фалькларыст Васіль Літвінка. Значыць, гэта будзе наша другое выступленне на беларускім тэлеканале – на БТ-3.

—Цікава: і дзе і як, Наталля Уладзіміраўна, вы адшукалі гэты вясельны абрад “Ваўчыца”? Усё ж за гады вашай працы метадыстам аддзела культуры  ўжо знойдзена і вывучана.

—На шчасце, не ўсё. Пра абрад “Ваўчыца”, які раней праводзіўся ў вёсках Глыбоччыны, я сапраўды нічога не ведала. Не чула нават, што быў такі абрад. Дапамог выпадак. Так атрымалася, што мне давялося пабыць на   вяселлі ў вёсачцы, што  ва Узрэцкім сельсавеце. Вяселле было шумнае, вясёлае і   вялікае — пад 100 чалавек. Вось ужо і маршы  сыгралі, і госці сталі гаварыць: “Пара ўжо і дамоў збірацца”. І тут бабуля нявесты запярэчыла: “Не, не пара. Мы ж яшчэ Ваўчыцу не задобрывалі”. Пачуўшы такое, я ўся ператварылася ў слых. А бабуля кажа: “Садзіце Ваўчыцу за стол, нясіце ёй падарункі, каб нашай Алене ў чужой сям’і добра жылося, каб свякроўка  да яе лагодна адносілася”. Раней жа сем’і былі вялікія, і маладой жонцы, якая прыходзіла ў чужую хату,  даводзілася ладзіць з усімі сямейнікамі. Таму і плакалі нявесты: “Мамачка, як я без цябе буду?”.  І вось пасля слоў бабулі пра Ваўчыцу паставілі асобны стол. І на яго, паколькі абрад тварыўся спантанна, без падрыхтоўкі, падарункі Ваўчыцы бралі з вясельнага стала: неслі гарэлку, талеркі з мясам і каўбасой, значыць, задобрывалі яе. Пасля я падсела да бабулі, спытала: “А што вы тут рабілі, што гэта за абрад такі?”. Пачала распытваць.  Аказваецца, на Ваўчыцу апраналі вывернуты кажух, давалі ёй у рукі качаргу ці вілы, размалёўвалі яе ў чорны колер – каб сур’ёзная, грозная была. Садзілі за стол, на стол ставілі дзяжу – як сімвал дабрабыту. Сутнасць абраду такая: Ваўчыцу задобрывалі, давалі ёй падарункі, і яна лагаднела, весялела. Казала: “Вы мне даяце падарункі, а я іх буду зберагаць і для сябе, і для нявесты”. Пасля падыходзіла да нявесты, абдымала яе, галубіла: “Ты ўжо стала маёй дачушкай, няхай мая хатка стане і тваёй радзімай. Будзем жыць дружна,  а вы, сваткі, не перажывайце, гарэлку ў чаркі налівайце”. Налівалі ў чаркі гарэлку і дружна выпівалі за маладых, за сватоў, каб яны добра даехалі дадому, каб колы ў брычцы не паадвальваліся”.  Абрад “Ваўчыца” праводзіўся пасля таго, як ужо музыкі сыгралі вясельныя маршы. Вось такі цікавы абрад. Як пазней мне сказалі, ён праводзіўся не толькі ў вёсках Узрэцкага сельсавета, але і ў Падсвільскай старане.

—Скажу вам камплімент, Наталля Уладзіміраўна: вы вельмі добра глядзеліся ў ролі Ваўчыцы. І вывернуты кажух на вас быў, і вілачнік у руках трымалі. І ў дзяжу вам клалі, сыпалі шмат чаго. Цікава толькі: вы з гасцямі з бутлі, што на стале стаяла, сапраўдную гарэлку пілі?

—Не сапраўдную. Пілі звычайны, крыху разбаўлены сок.

—У ролі жаніха і нявесты выступалі не артысты тэатра фальклору “Цярэшка”.

—На жаль, у нашым калектыве маладых няма, большасць з нас толькі на сватоў цягне. Таму запрасілі на ролі маладых Арцёма і Таццяну Фаміных, майстроў з Дома рамёстваў. Між іншым, мужа і жонку. Арцёма ўжо другі раз пажанілі. І самае цікавае, што пасля першага разу – “Ваўчыцу” ўпершыню мы паказалі ў кастрычніку мінулага года ва Ушачах на абласным аглядзе-конкурсе вясельных абрадаў “Вялікая вясельніца-2017” – Арцём ажаніўся на самой справе.

—Вось як бывае! Што ж, будзем чакаць выступлення народнага тэатра фальклора “Цярэшка” на тэлеканале “Беларусь-3”. Па інфармацыі, якую маю, гэта будзе ў самым пачатку снежня. Ад усіх чытачоў нашай газеты дзякуй вам, Наталля Уладзіміраўна, вашым артыстам за цікавы абрад, за яркае выступленне, за талент і майстэрства. Да новай сустрэчы.

—Да сустрэчы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

5 × 5 =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: