ЯДВІГА СІМАНКОВІЧ – ВЕТЭРАН КАМСАМОЛА, АРДЭНАНОСЕЦ

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Ядвіга Аркадзьеўна Сіманковіч жыве ў Пятроўшчыне. Сялянка, працаўніца, маці  і бабуля ў кастрычніку будзе адзначаць два значныя ў сваім жыцці юбілеі: 70-годдзе з дня нараджэння і 100-годдзе Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі, у рады якога яна ўступіла ў далёкім 1967 годзе.  Ветэран працы і  камсамольскага руху, ардэнаносец, жанчына сёння з прыемнасцю ўспамінае былыя гады, у якіх было столькі цікавага!

DSC_5250

у 23 гады была ўзнагароджана ордэнам

Ядвіга Аркадзьеўна нарадзілася ў вёсцы Скрабуны, што ля Мосара, у шматдзетнай сям’і: у старэйшай Ядзі былі яшчэ два малодшыя браты і сястрычка. Калі дзяўчынцы споўнілася сем гадоў, бацькі пераехалі ў Пятроўшчыну. Ядзя скончыла Узрэцкую васьмігодку і падала дакументы  ў Віцебскі ветэрынарны інстытут, але для  ажыццяўлення мары ёй не хапіла ўсяго аднаго бала. Гэтая невялічкая непрыемнасць не адбіла ахвоты стаць спецыялістам сельскай гаспадаркі –  яна паступіла на завочнае аддзяленне Клімавіцкага сельгастэхнікума, дзе вучылася на заатэхніка.

—У мяне ніколі нават думкі не было, каб пакінуць вёску і жыць у горадзе. І  дзяды, і бацькі мае, і я – сяляне, таму  прыцяжэнне да бацькоўскай зямлі  перадаецца з пакалення ў пакаленне, — гаворыць Ядвіга Аркадзьеўна. – Пачынала я працаваць у калгасе “Перамога” лабаранткай па малаку, затым была загадчыцай свінакомплекса ў Пятроўшчыне, пазней – брыгадзірам паляводчай брыгады. Працаваць я любіла, старалася, бо бачыла, што работу нашу ў калгасе цанілі, добра аплачвалі і ўсяляк заахвочвалі.   У маі 1971 года Ядвігу Сіманковіч запрасілі на мерапрыемства ў раён, на якім ушаноўвалі перадавікоў сельскай гаспадаркі.

— Сабралі лепшых механізатараў, даярак, свінарак, паляводаў з усёй Глыбоччыны: каму ўручылі ордэн Леніна, каму – ордэн Пашаны, а мне —  ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Я тады працавала на свінакомплексе,  прыплод быў добры, прывагі важкія, вось таму і ўзнагародзілі, — кажа жанчына. — Пасля я шмат мела грамат і падзяк за работу, але той ордэн быў першым і адзіным у маім працоўным жыцці, а таму  дарагі для мяне.

Ядвізе Аркадзьеўне на той час было ўсяго 23 гады!

І быў  “Агеньчык” у яе жыцці

У Ядвігі хапала часу і на працы хадзіць у перадавіках, і ў справах грамадскіх верхаводзіць. Яна была сакратаром камсамольскай арганізацыі, актывісткай, удзельнічала ва ўсіх мерапрыемствах. 1973 год  запомніўся тым, што яе абралі дэлегатам Міжнароднага фестывалю моладзі і студэнтаў, які праходзіў  з 28 ліпеня  па 5 жніўня ў Германіі. Гэта была першая паездка  дзяўчыны  з  глыбоцкай глыбінкі за мяжу.

—Нас, прадстаўнікоў з усяго Савецкага Саюза, збіралі  напачатку ў  Маскве, а затым арганізавана спецыяльным рэйсам на цягніку везлі ў Германію. У Берліне ўрачыста сустракалі,  размяшчалі ў гасцініцы. Акрамя  асноўнага фестывальнага пасяджэння  ў рамках праграмы былі экскурсіі па сталіцы, паездка ў Патсдам і  Равенсбрук, былы канцэнтрацыйны лагер. Былі ў музеях і на выставах, у іхніх сельскагаспадарчых кааператывах, паглядзелі, які там парадак і чысціня, якія паказчыкі па ўраджайнасці і надоях. Запрашалі нас і ў лётны полк адной з савецкіх воінскіх часцей. Што і казаць – было цікава. Але галоўны сюрпрыз мяне чакаў наперадзе: я, нават таго не ведаўшы, разам з дэлегатамі фестывалю трапіла на вокладку  самага папулярнага і шматтыражнага  на той час саюзнага часопіса “Агеньчык”.  

З каханым у шчасці на Вясенняй вуліцы

Сваё каханне Ядвіга сустрэла ў Пятроўшчыне — з Алегам дзяўчына пазнаёмілася на танцах у мясцовым клубе.

7 лістапада, якраз у дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, камсамолка Ядзя выйшла за яго замуж. Калгас выдзеліў маладым дом на Вясенняй вуліцы, дзе і пачалі будаваць сямейнае шчасце маладыя. Алег Анатольевіч працаваў  трактарыстам. Старанны, працалюбівы, руплівы.

Праз нейкі час у сям’і Сіманковічаў нарадзіўся сын Сяргей.

—Сын з нявесткай Наташай жывуць у Полацку. Яны падарылі  нам траіх унучак: Саша – студэнтка Маскоўскага авіяцыйнага інстытута, Аня вучыцца ў 6 класе, а Маша пакуль ходзіць у садок. Прыязджаюць да нас часценька, ім тут падабаецца, — кажа Ядвіга Аркадзьеўна.

Сёлета ў лістападзе муж і жонка Сіманковічы адзначаць 44-годдзе сумеснага жыцця — стаж сямейны, як і іхні працоўны,  важкі і сур’ёзны. Няхай  жа ў доме №5 па Вясенняй вуліцы будзе пастаянная вясна і ніколі, нягледзячы на поры года, не знікне квецень пачуццяў і  кахання, якое звяло іх пад адным дахам, падарыўшы букеты шчаслівых успамінаў!

Сведка ідэй перабудовы і  абнаўлення грамадства

У 1978 годзе Ядвіга Сіманковіч стала членам Камуністычнай партыі, была абрана членам райкама, а затым – абкама.  Неаднойчы ездзіла то на партыйную нараду ў раён, то на пасяджэнне ў вобласць. А ў 1988 годзе яна была ў складзе дэлегацыі ад Віцебскай вобласці і прымала ўдзел у рабоце XIX Усесаюзнай канферэнцыі КПСС, якая  праходзіла ў Маскве з 28 чэрвеня да 1 ліпеня. Гэта быў час, калі Міхаіл Гарбачоў распачынаў у Саюзе перабудову.

Яшчэ адной важнай падзеяй у жыцці Ядвігі Сіманковіч стала яе тыднёвая, якраз на кастрычніцкае свята,  паездка ў Венгрыю.

— З Глыбоччыны мы трапілі ў дэлегацыю ўдваіх: я і даярка Вера з Каміншчыны. У Будапешце жылі, хадзілі на экскурсіі, знаёміліся з  гісторыяй, архітэктурай, культурай краіны. Былі ў сельскай мясцовасці, цікавіліся, як працуюць на фермах. Дзівіліся, калі даведаліся, што ў Венгрыі на ферме даяры – мужчыны, а  вясковыя жанчыны ў большасці  займаліся  домам і выхаваннем дзяцей… Уражанняў хапіла…  Калі  жыццё ўспрымаць,  як мастацтва, то тады і звычайныя  будні ператвараюцца ў сапраўдную каштоўнасць, — гаворыць жанчына.

“Веснік Глыбоччыны” –  даўні сябар нашай сям’і”

Ядвіга Аркадзьеўна адпрацавала ў сельскай гаспадарцы 38 гадоў. За гэты час пра яе неаднойчы пісалі ў газетах, былі публікацыі і ў  «раёнцы». Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, жанчына  без справы дома не сядзела. Разам з мужам апрацоўвалі соткі, трымалі карову,  да нядаўняга часу гадавалі свіней. А вечарамі садзіліся ля тэлевізара, глядзелі навіны, чыталі газеты сярод якіх і “Веснік Глыбоччыны”.

—Мяне цікавяць артыкулы пра тое, як жыве вёска, як працуе наша гаспадарка ў параўнанні з іншымі, што, дзе адбываецца ў раёне.  Люблю пачытаць замалёўкі пра людзей,  хто каго  з чым віншуе. Раённая газета – гэта невялікае акенца ў вялікі свет пад назвай Глыбоччына. Пачытаю яе і адчуваю жыццёвы рытм  і бачу панараму падзей, — кажа наша чытачка. – З нагоды юбілею камсамола, які краіна будзе адзначаць 29 кастрычніка, хачу  пажадаць былым актывістам, маім  грамадскім паплечнікам не здаваць пазіцый, ісці ў нагу з часам, быць здаровымі, бадзёрымі,  з аптымізмам сустракаць кожны новы дзень і быць шчаслівымі ад таго, што жывём мірна і спакойна на бацькоўскай  зямлі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

пять × один =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: