ЮНЫЯ ГЛЫБАЧАНЕ – УДЗЕЛЬНІКІ МІЖНАРОДНАГА ПРАЕКТА

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

“Erasmus+” – гэта новая  праграма Еўрапейскага Саюза па павышэнні кваліфікацыі і працаўладкаванні моладзі праз адукацыю. За перыяд яе рэалізацыі з 2014 па 2020 год яна прадставіць больш чым чатыром мільёнам маладых людзей унікальную магчымасць атрымаць вопыт работы за мяжой. У рамках гэтай праграмы  ў горадзе Віляны ў Латвіі стартаваў міжнародны праект “Будучыя масты праз культурную спадчыну”, які завяршыцца 31 кастрычніка бягучага года.

IMG_2195_1


 Яго ўдзельнікамі сталі пяцьдзясят маладых людзей ва ўзросце 15-30 гадоў, якія прадстаўляюць мясцовы муніцыпалітэт Віляны, грузінскую асацыяцыю  грамадзянскага развіцця,  Асацыяцыю “Поні”  з Польшчы  і  аддзел адукацыі Глыбоцкага райвыканкама (BY).  У Маладзёжнай міжнароднай біржы, якая праходзіла ў рамках праекта ў Вілянах з 12 па 19 жніўня прымала ўдзел і дэлегацыя Глыбоччыны. У яе складзе – актыўныя, творчыя, крэатыўныя  школьнікі, якія маюць значныя перамогі  і дасягненні – Яна Малей, Уладзіслаў Ахвердзіеў і Аляксандр Рачынскі з СШ №1, Захар Шабан і Данііл Тарасевіч з СШ №2, Лізавета Буката з СШ №3, Віктар Якубёнак з раённай гімназіі і Ганна Сівіцкая з Падсвільскай СШ, а таксама  педагогі-арганізатары першай і другой гарадскіх школ Святлана Місевіч і Ігар Рамбальскі.

IMG_1514
—Праект дае магчымасць адораным  маладым людзям  у нефармальных абставінах сустракацца з равеснікамі з іншых краін, абменьвацца вопытам, набываць новыя веды, паляпшаць моўныя навыкі і пераадольваць моўныя бар’еры, абмяркоўваць хвалюючыя праблемы. На працягу сямі дзён у ходзе розных мерапрыемстваў дзеці знаёміліся з гістарычнай,  культурнай, гастранамічнай спадчынай краін-партнёраў, удзельнічалі ў майстар-класах і квестах, ездзілі на экскурсіі,  вучыліся крытычна думаць, аналізаваць працэс свайго асобаснага росту і, вядома ж, прадстаўлялі сябе. Усё гэта спрыяла наладжванню сяброўскіх сувязяў,  пашырала магчымасці  міжнароднай мабільнасці маладых людзей, закладвала моцны фундамент доўгатэрміновага супрацоўніцтва ў розных сферах жыцця, — расказвае Ігар Вячаслававіч.

DSC_0624
Каб лепш захаваць у памяці падзеі таго тыдня, глыбачане вялі дзённік знаходжання ў Латвіі.

IMG_1570
—Праграма  пачалася з   квесту. У той жа дзень мы знаёміліся з гісторыяй Латгальскай сядзібы, раздзяліўшыся на каманды, удзельнічалі ў гульнях. Былі сведкамі таго, як нараджаецца свежы духмяны бохан хлеба і самі па народных прыкметах маглі праверыць, ці  гатовы ён да ўжывання. Пабывалі ў даўнейшым  латышскім паселішчы — своеасаблівым  музеі пад адкрытым небам, дзе ў архітэктуры і ў  вясковым побыце быў узноўлены мінулы час. Слухалі гусляроў, развучвалі танцы.  Другі дзень быў экскурсійны. У Юрмале мы раздзяліліся на восем каманд і ўдзельнічалі ў Zib-акцыі, у ходзе якой трэба было вызначыць 5-топ  рамёстваў найбольш распаўсюджаных у Латвіі. Аказалася, што гэтыя пазіцыі надзейна ўтрымліваюць ганчарства, дрэваапрацоўка, ткацтва, вязанне і апрацоўка метала, — гартае дзённік успамінаў Ігар Рамбальскі. – Дзецям вельмі спадабалася экскурсія ў Рыгу, танцы на вуліцах старога горада і, вядома ж, спатканне з … Балтыйскім морам. Надвор’е было цудоўнае, вакол сябры і аднадумцы – уражанняў было таксама цэлае мора!

IMG_1907
—Наведалі мы прыватную керамічную майстэрню  непадалёк ад Вілян.  Гаспадыня Хрысціна  раней жыла ў Рызе, але змяніла сталічнае жыццё на латышскую глыбінку і не шкадуе, бо займаецца справай, якая ляжыць да душы. Дзеці з яе дапамогай выраблялі з гліны тое, што падказвала ім фантазія. Сувеніры, зробленыя сваімі рукамі, — гэта  проста класна! – уключаецца ў размову педагог-арганізатар СШ№1  Святлана Місевіч. – Былі ў нас урокі  нацыянальных латышскіх танцаў і моўная практыка. На Латгальскім  малочным заводзе паназіралі за вытворчым працэсам і паўдзельнічалі ў дэгустацыі прадукцыі. На “Востраве Салаўя” — на мясцовай канцэртнай пляцоўцы з такой рамантычнай назвай  — кожны дзень  праходзілі  прэзентацыі і этнадыскатэкі.  Мы атрымалі асалоду ад знаёмства з латышскай, грузінскай, польскай нацыянальнымі культурамі. За два дні да ад’езду прысутнічалі на адкрыцці навукова-даследчага цэнтра сяброў прыроды “Dadsis” у Вілянах, выступалі  перад мясцовымі жыхарамі ў Саколцы. З’ездзілі на экскурсію ў сёмы па велічыні ў Латвіі горад Рэзэкне. Самым яркім было мерапрыемства, прысвечанае 90-годдзю горада Віляны. Мы ўдзельнічалі ў святочным шэсці, у канцэртных праграмах. Наша знаходжанне ў міжнародным лагеры  завяршылася ўручэннем сертыфікатаў, галоўнай прэзентацыяй і фотаздымкам на памяць.

IMG_1606
Па словах  настаўнікаў, у іх ёсць яшчэ шмат цікавых задумак, якія яны будуць рэалізоўваць у сваіх школах. Удзельнікі паездкі шчыра дзякуюць арганізатарам такога цікавага і карыснага для моладзі праекта, аддзелу адукацыі Глыбоцкага райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

двадцать − 18 =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: