ПЕРАДАВІКІ З УП «ЛОМАШЫ-АГРА»

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Ігар Шынелька (справа) і Сяргей Дарашкевіч уваходзяць у кагорту лепшых механізатараў  Глыбоччыны. Ігар за плённую працу занесены на раённую Дошку гонару, а Сяргей стаў пераможцам раённага спаборніцтва на нарыхтоўцы кармоў для жывёлы. Сёння абодва механізатары заняты на ўборцы кукурузы: Ігар працуе на КВК, а Сяргей на МТЗ з прычэпам адвозіць зялёную масу.

На-суботу

Дырэктар унітарнага прадпрыемства “Ломашы-Агра” Аляксандр Навіцкі – адзін з самых шчырых  кіраўнікоў раёна: ёсць поспехі – не прытойвае, смела гаворыць пра іх; ёсць праблемы – не замоўчвае ў размове і праблемы. Вось толькі поспехаў у апошні час  усё ж больш.

Мяркуйце самі: гаспадарка першая ў раёне закончыла сяўбу яравых культур, лепш за ўсіх правяла корманарыхтоўку, прадаўжае яе і сёння (на ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 23,7 цэнтнера кармавых адзінак, лепшы паказчык у раёне), першая завяршыла ўборку зерневых культур (ураджайнасць – 28,2 цэнтнера з гектара, па раёне – 26,7), уборку яравога рапсу, сабраўшы на круг 23,8 цэнтнера алейнага насення (лепшы паказчык у раёне). Нават па малаку, а гэта і ёсць галоўная праблема УП “Ломашы-Агра”, здолелі прыбавіць і выйсці ў жніўні па валавой вытворчасці на 101,8% і стаць побач з ААТ “Сельцы” і УП “Мнюта”, якія  таксама перасягнулі  рубеж у 100%.

Ехаў у гаспадарку і ўжо ведаў, што першае пытанне, якое задам Аляксандру Навіцкаму, будзе такое: “Як вам удаецца арганізаваць працу так, каб усе віды работ праводзіць у аптымальныя тэрміны і ў выніку атрымліваць высокія  паказчыкі?”

—Калі ўзяўся за гуж, то не кажы, што не дуж, — пачаў свой расказ Аляксандр Веньямінавіч. – Гэта я пра сябе. Часта езджу і бачу, як хто сее, асабліва на палях уздоўж дарог. І параўноўваю з тым, як працуюць нашы механізатары. Вядома, золатам палі не пакрыем, а што тычыцца апрацоўкі глебы, тэхналогіі, мы ўсё выконваем, як трэба. Скажу і пра арганізацыю працы: палявыя работы – пасяўная, нарыхтоўка кармоў, жніво – мы правялі так, што паміж імі мелі два тыдні перапынку. Пасеялі рана – за два тыдні давялі да ладу корманарыхтоўчую тэхніку; закончылі “зялёнае жніво” – праверылі гатоўнасць збожжаўборачнай; завяршылі жніво – мелі час, каб падрыхтавацца да іншых работ. Перад кожным этапам гаварыў сваім хлопцам: ”Зразумейце мяне правільна: усё залежыць ад вас. Калі тэхніка гатова к выхаду ў поле, то не варта два тыдні сядзець у майстэрні. Можаце дома папрацаваць, хатнія справы спарадкаваць. Выйшла тэхніка ў поле – тут ужо трэба шчыраваць ад душы”. Так і было: на працу – з 6 гадзін раніцы; паабедалі, пяць мінут перакурылі і – паехалі;  тое ж і пасля падвячорка. І вось дзякуючы такой арганізацыі працы, дысцыпліне, усе віды работ правялі ў аптымальныя тэрміны. Плюс заработная плата. Калі мы ў час нарыхтоўкі кармоў закрывалі траншэю за тры дні, кожны механізатар атрымліваў дадаткова па 50 рублёў. Гэта была іхняя надбаўка. І ўрэшце ні адна з траншэй не была закладзена за чатыры дні. Толькі за тры. Ніхто не хацеў губляць грошы. Усе было зроблена аператыўна, тэхналагічна.

—На ўмоўную галаву жывёлы ўжо нарыхтавана каля 24 цэнтнераў кармавых адзінак. Гэта ў два разы больш, чым было летась. Такога выніку ў Ломашах, мусіць, ніколі не было.

—Кожны з нас хоча за сваю працу атрымаць добры заробак, ну, не рабіць жа, як калісь, за працадзень. І тут асноўная матывацыя – рубель.  Дай зарабіць – чалавек будзе працаваць. У Ломашах я ўжо чатыры гады. Першы год, можа, частку другога не ўсё атрымлівалася. Прыслухоўваўся к спецыялістам, прыглядаўся к расцэнкам. Разважаў: ці правільна гэта, калі людзі застаюцца незадаволенымі. Скажам, механізатар месяц адпрацаваў на сяўбе, ад відна да цямна, без выхадных, і  на рукі яму выходзіла чатыры мільёны рублёў — чатырыста на сённяшні дзень. І механізатар, які з 8 раніцы да 5 вечара на трактары з бочкай адвозіў жыжу, атрымліваў столькі ж. Дзе логіка? Сяўба – гэта ж наш будучы хлеб! І заробак тут павінен быць інакшы. Як і на нарыхтоўцы кармоў, бо кармы – аснова для жывёлагадоўлі, якая дае таварную прадукцыю. Той, хто на Амкадоры працаваў і на КВК, заробак меў аднолькавы. І навошта было механізатару ісці на КВК,  ён жа добра разумее, што гэта за комплекс. А я яшчэ год таму сказаў, што з часам на КВК у чаргу будуць станавіцца.

Адметнасць характару Навіцкага і ў тым, што ён умее шчыра пагаварыць з людзьмі. Два гады таму яшчэ ніхто не ведаў пра маладога механізатара УП “Ломашы-Агра” Ігара Шынельку. І менавіта Ігара ўгаварыў кіраўнік сесці за руль КВК. Першы год не ўсё ў механізатара атрымлівалася, а ўжо сёлета пайшло, паехала: Ігар на корманарыхтоўцы ставіў рэкорды, і ў многім дзякуючы яму кармоў для жывёлы ў гаспадарцы нарыхтавана больш, чым трэба. А хто працуе плённа – таму ўвага і пашана: Ігару – у першую чаргу прыватызацыя дома, Ігару – прэмія, Ігару – больш за ўсіх зерня на зароблены рубель. Ігар – на Дошцы гонару. Дарэчы, за перыяд корманарыхтоўкі механізатар зарабіў дзве тысячы рублёў. “Калі б сёння ў гаспадарку прыйшоў яшчэ адзін КВК, была б чарга жадаючых, каб працаваць на ім”, — перакананы дырэктар.

Навіцкі любіць і ўмее працаваць з алоўкам, у тым сэнсе, што лічыць кожны рубель, кожную капейку. Паколькі кармоў нарыхтавана столькі (і нарыхтоўка прадаўжаецца), што тысячы тры тон  пасля зімоўкі статка застануцца, падумаў: “А за кармы можна ўзяць добрыя грошы”. А тут званок з Гомельшчыны і прапанова: 150 рублёў за тону. Калі ў траншэі паўтары тысячы тон, то гэта будзе два мільярды старымі грашыма і дзвесце тысяч новымі. А месячны фонд заработнай платы — дабавім сюды выплаты падаткаў, адлічэнні ў ФСАН, плату за электрычнасць — складае прыкладна 100 тысяч рублёў. Ёсць над чым задумацца дырэктару. Што тычыцца заробкаў, то выплачваюцца яны рэгулярна і своечасова.

Увогуле, Навіцкі лічыць любіць  і стараецца, дзе толькі можна,   знайсці выгаду для гаспадаркі. Паколькі вельмі дарагое насенне азімай сурэпіцы, летась у Ломашах  пасеялі яе 70 гектараў. Убралі, насенне прадалі і атрымалі вялікія грошы. Выкарысталі  іх на паліва,на запчасткі для тэхнікі, і корманарыхтоўку правялі на адным дыханні. Сёлета пад азімую сурэпіцу адвялі ўжо 100 гектараў.
А вось з малаком, — а гэта пастаянная крыніца даходаў – у “Ломашах-Агра” атрымліваецца не вельмі. Дырэктар разважае: —Прадуктыўныя каровы ў гаспадарцы ёсць, але іх мала. Яны стаяць у асобнай секцыі, і канцэнтратамі іх мы забяспечваем. Але навошта, скажыце, дарагія камбікармы карове, якая дае 5 літраў? Я тут палічыў і прыйшоў да такой высновы: калі ўзяць дарагія шроты, камбікармы, мы можам на месяц-другі падняць надой. Але ж у астатнія месяцы звалімся яшчэ ніжэй. Сёння трэба ісці к таму, каб абнавіць малочны статак. І мы ідзём к гэтаму. Але ж ёсць задачы, на вырашэнне якіх патрабуецца час, і не адзін, і нават не два гады. Думаю, што ўсё ў нас атрымаецца.

З Аляксандрам Навіцкім пабывалі мы і на палях гаспадаркі, дзе механізатары вялі ўздым глебы пад сяўбу азімых, сеялі, убіралі кукурузу. Кіраўнік пра кожнага з іх гаварыў цёплыя словы, стараўся не забыць нікога. Не ведаю, ці атрымалася ў яго гэта, але я пачуў такія прозвішчы: ужо вядомы нам Ігар Шынелька, Васіль Арлоў, Сяргей Дарашкевіч, Васіль Падсаднік, Васіль Грыбоўскі, Мікалай Маісеенка, Юрый Сарока, Аляксандр Ларыёнаў, механік Аляксей Баброўскі, які ў адказныя перыяды сельскагаспадарчага года садзіцца за руль трактара (сёння працуе на МТЗ з плугамі), вадзіцелі – Аляксандр Падбярэзка, Аляксандр Духовіч, Андрэй Свірко.

—Сяўба азімых зерневых – вельмі адказная пара. Справіцеся правесці яе ў аптымальныя тэрміны? – пацікавіўся ў Аляксандра Навіцкага.

—Калі механізатар на старым МТЗ-3022 з АПП-6 за адзін з дзён пасеяў 50 гектараў, то якія могуць быць сумненні, — пачуў у адказ.

—І хто гэта?

—Адзін з лепшых маладых механізатараў раёна Васіль Арлоў.

Дапоўнім хіба: у раённым спаборніцтве сярод маладых удзельнікаў жніва камбайнер УП “Ломашы-Агра” Васіль Арлоў заняў другое месца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

четыре × 4 =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: