ЛАСТАВІЦКІ «АБЯРЭГ»

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Можна шмат прыгожых слоў гаварыць пра любоў да малой радзімы, знаходзячыся за сотні кіламетраў ад яе і бываючы дома  добра калі раз у год. А можна жыць і працаваць там, дзе нарадзіўся, укладваць  усю сваю душу ў развіццё малой радзімы і  адчуваць сябе  шчаслівым. Глыбачаніну  Аляксею Палавінчыку бацькоўская хата дапамагла распачаць уласную справу, навучыла быць гаспадаром на сваёй зямлі. А яшчэ яна стала для маладога чалавека абярэгам ад духоўнай пустаты і талісманам, які засцерагае ад раўнадушша і ляноты. Малая радзіма  і яе адраджэнне – вось той сэнс жыцця, важнасць і важкасць якога разумеюць усе – ад малога да вялікага — члены сям’і Палавінчыкаў.

DSC_4548

“Малая радзіма – не прадаецца!”

Ніхто з нас не бачыў аб’яў “прадаю малую радзіму”, а вось аб’явы аб продажы дамоў у вёсках  ёсць у кожным нумары. Дзеці, якія аселі ў вялікіх  гарадах, прадаюць хаты, дзе некалі жылі бацькі і якія цяпер за непатрэбнасцю пазарасталі вышэй стрэх быльнёгам. Малая радзіма, непатрэбная нават пад дачы, прадаецца, часам, за сімвалічныя сумы. Вядома, што гэта кошт  струхнелых ад часу пабудоў, а жыццё, якое ў іх праходзіла і ўспаміны пра яго, на самой справе бясцэнныя. Так думаў і Аляксей Палавінчык, а таму адгаварыў бацьку прадаваць дзедаву хату ў Ластавічах, дзе даўно ніхто не жыў.

DSC_4559
— Яе будаваў мой дзед Еўграф Артамонавіч Палавінчык. Падвал сам рабіў з чэсанага камня, які сто гадоў прастаяў і яшчэ  столькі паслужыць. Мы, дзеці, у ім ад грому хаваліся. Сажалку ля хаты, якую мы з сынам  летась пашырылі і паглыбілі, ён у свой час  лапатай выкапаў. Дзед усё жыццё працаваў, не пакладаючы рук і пражыў 103 гады. Калі яму споўнілася сто, казаў: “Гэта ж нада, сотню гадоў пражыў,  паміраць нада, а не хочацца”, а праз тры гады ўжо другая была ў яго размове нота: “Сто тры гады пражыў, паміраць нада, а смерць не  ідзе”. А  бацька мой  Аксенцій Еўграфавіч быў кавалём, меў сваю кузню, — пачынае размову бацька Аляксея Васіль Аксенцьевіч. – У гэтай хаце я нарадзіўся, адсюль у армію пайшоў,  ажаніўся, тут  залатое вяселле  з жонкай адзначалі. Тут возера Ластавіцкае, дзе мы дзецьмі купаліся і рыбу вудзілі, у Дворным садзе на яго ўзбярэжжы гулялі пастаянна, у Яднева і ў Яркоўскі лес  у ягады і ў грыбы хадзілі. Усе сцяжынкі вядомыя, знаёмыя, да болю родныя. Але я пераехаў у Глыбокае, уладкаваўся на працу ў лясгас, атрымаў кватэру і стаў гараджанінам. Трыццаць гадоў галоўным  механікам адпрацаваў. За работай не было надта часу ў вёску ездзіць, таму дом памалу-паціху “асунуўся”. І час патрэбен, і грошы, каб яго паднавіць, але і таго, і гэтага пастаянна не хапае вось і даў аб’яву на продаж. Адзін пакупнік з Мінска абышоў старыцу, абгледзіў і кажа: “Калі дадуць тысячу долараў – прадавайце”. Вось тут  сын і пачаў угаворваць: “Гэтыя грошы за месяц разыдуцца – не ўбачыш, а  радавога  гнязда ў нас больш  ніколі не будзе. Што казаць: малайчына сын, правільныя словы сказаў, і я з ім згадзіўся. На сямейным савеце вырашылі распачынаць у Ластавічах свой бізнес.

DSC_4567
—Нейкі час у мяне была даволі няпростая жыццёвая сітуацыя,  грошы для сям’і зарабляў на маскоўскіх новабудоўлях. У ад’ездзе сумаваў па  Глыбоччыне,  не хапала мне ў Расіі духу роднай зямлі, — гаворыць Аляксей. – Ведаў, што будзе не лёгка і з аграсядзібай, але  мяне падтрымалі бацькі, жонка, сястра, і чатыры гады назад мы  ўзяліся за рэстаўрацыю малой радзімы.

Дзве пары рук і дзяржаўны крэдыт у дапамогу

Усё пачыналася з дзвюх пар  рабочых рук бацькі і сына.  Напачатку рабілі тое, што не патрабавала  асаблівых фінансавых затрат:   умацавалі каменем падмурак, перабралі трысцен, “надтачылі” яго з двух бакоў, перакрылі страху. Эстэтычны “малажавы” выгляд  дому надала імітацыя пад брус. Са сродкаў была зарплата Аляксея, які працуе ў лясгасе, ды бацькоўскія пенсіі. Унутранае пераабсталяванне даволі хутка “з’ядала” гэтае фінансаванне і  перад мужчынамі паўстала класічнае пытанне: “Што рабіць далей?” Адказ на яго дапамагла знайсці дзяржава, а дакладней – спецыялісты ААТ “Белаграпрамбанка”, куды Аляксей звярнуўся за крэдытам.

DSC_4579
—Да маёй просьбы ўпраўляючы банка Дзмітрый Буднік аднёсся сур’ёзна. Ён выехаў на месца, паглядзеў, што мы зрабілі, спытаў пра перспектыву. Відаць, убачыў наша жаданне зрабіць усё па-гаспадарску, таму даў заданне сваім спецыялістам выдзеліць  крэдыт.  Крэдыт на спажывецкія патрэбы ўзяў на сябе і бацька, і цяпер усе грошы мы ўкладваем  у справу.  Выгадна было тое, што першы год я не плаціў доўг, а толькі працэнты па крэдыце, а цяпер кожны месяц вяртаю па 800 рублёў. Сума даволі значная для сям’і з улікам таго, што наша аграсядзіба пакуль толькі “становіцца на ногі”. Мы ў яе  пакуль больш укладваем, чым атрымліваем, таму працуем з бацькам, з сябрамі, дзякуй ім за дапамогу, не пакладаючы рук, — расказвае Аляксей, для якога  не першы  ўжо год адпачынак – гэта змена рода дзейнасці.

“Абярэг” – вучыць цаніць роднае і дае адпачынак душы

Сёння  аграсядзіба “Абярэг” – гэта жоўценькі, колеру сонца, двухпавярховы з паднавесам дом на ўзвышшы. На першым яго паверсе — вялікая гасцёўня з  даўнейшай чыста выбеленай рускай печчу з шыкоўнай ляжанкай, з камінам на дрывах, дзвюма  канапамі. Прасторны пакой аздоблены нацыянальным каларытам — вышытымі ручнікамі і фіранкамі, даматканымі дарожкамі,  прабабчыным калаўротам, даўнейшай радыёлай… Побач – сучасная кухня, дзе ёсць усё неабходнае для таго, каб гатаваць есці і сервіраваць стол. Далей – банкетная зала  на 20 чалавек з масіўнымі самаробнымі сталамі і такімі ж лаўкамі, зробленымі  ўласнаручна, з камінам і старадаўняй шафай у куточку.

—Выкінуць яе рука не паднялася, бо гэта ж пасаг маёй мамы, — кажа Васіль Аксенцьевіч. – Адна з яе створак спісана па-польску: калі мама была не ў настроі, яна тут  свае пачуцці апісвала. У гэтых радках засталася яе душа, яе думкі, на якія раней ніхто ўвагі не звяртаў…

На другім паверсе – пакой для начлегу, абшыты вагонкай, з камінам, балконам і прыгожым відам на дарогу, якая бяжыць некуды за гарызонт. Другі такі ж пакой пакуль яшчэ ў стадыі будаўніцтва. Усе люстры “пад даўніну” рабіў сам Аляксей па ўзорах, знойдзеных у Інтэрнэце.

Побач з  галоўным будынкам аграсядзібы   альтанка на дзесяць месц, перад домам – месца для лужка і кветніка, ніжэй –  абкладзены каменем калодзеж,   воддаль – сажалка з прыгожым мастком  — рамантычнае месца для закаханых. Ля хаты — агарод, сажалка для  яго паліву,  старыя яблыні… Прасторы хопіць для любой кампаніі.

Першы запіс у кнізе водгукаў, якую зрабіла жонка Аляксея Юлія, датуецца сёмым жніўнем 2016 года. Першай адпачывала ў Ластавічах сям’я з Наваполацка, якая напісала, “што гэта  надзвычайна спакойнае і ўтульнае месца з дабразычлівымі гаспадарамі і выдатнай аўрай”. Затым другі дзень вяселля праводзілі тут маладажоны – да іх паслуг і шашлычніца, і вяндлярня.

У “Абярэгу” адзначалі карпаратывы, вяселлі, юбілеі, дні нараджэння. Падчас “Вішнёвага фестывалю” заязджалі “Міс-прыгажуні”. Спыняліся тут турысты з Германіі, якія таксама пакінулі свой водгук. Ён, праўда, напісаны па-нямецку, але слова “гут”, якое часта паўтараецца ў тэксце, гаворыць само за сябе. “Дзякую за выдатны адпачынак на маёй малой радзіме. Усё зроблена з любоўю і ў духу даўніны. Дзякую за павагу да традыцый нашых продкаў і захаванне памяці быту беларускай вёскі», — пісала ўраджэнка гэтых месц,  наведвальніца з Расіі.

—Суткі арэнды ў нас каштуюць 100 рублёў,  вечар – 50 рублёў. Гэта даволі прымальная сума, бо адпачываюць у нас кампаніямі, — кажа Аляксей.

На дасягнутым мужчына спыняцца не думае і прызнаецца, што ў іх, на дваіх з бацькам,  “напалеонаўскія” планы.

“Аграсядзіба – справа і сэнс майго жыцця”

—Дом, як малое дзіця, яго надоўга аднаго не пакінеш,  нагляд за ім патрэбны пастаянна. Летась брыгада майстроў  зруб новы паставіла. Тут будзе лазня з парылкай, на другім паверсе – більярдная. Планую зрабіць залу банкетную на сто чалавек, крыты паднавес – гэта  будучая сцэна, дзе зможа размясціцца ансамбль і іграць на вяселлях. Ля сажалкі з цягам часу будзе аўтастаянка. Планую закласці малады фруктовы сад, бычкоў галоў дваццаць узяць на гадоўлю, каб забяспечыць і сябе, і адпачываючых  свежай экалагічна чыстай прадукцыяй, — расказвае аб планах на  будучыню Аляксей. –  Работы шмат, сумаваць некалі, але цяпер я  разумею, што аграсядзіба – гэта не толькі ўласная справа; яна – сэнс майго жыцця. Я, як мужчына, павінен,  дрэва пасадзіць, дом пабудаваць, сына нарадзіць і пакінуць яму  спадчыну.

—Раней я купляў латарэі і казаў: “Калі выйграю, усе грошы аддам, каб зрабілі добрую дарогу да Ластавіч”, — кажа Васіль Аксенцьевіч. – Цяпер я ў латарэю не гуляю, бо дарога  да вёскі —  хоць каціся. Вялікая падзяка ад нас за выдзеленыя сродкі старшыні райвыканкама Алегу Морхату, дарожнікам, якія  клалі асфальт, дзяржаве, якая дае магчымасць  адкрываць бізнес на сяле, лічыце, на льготных умовах з аплатай падатку адной базавай велічыні ў год, і тым спрыяе не толькі занятасці людзей, але і  іх вяртанню да каранёў сваіх.  Адна невялікая акалічнасць псуе настрой наведвальнікаў: каб пазваніць па мабільным тэлефоне,  ім трэба хадзіць па ўсёй тэрыторыі сядзібы і шукаць месца, дзе “ловіць” сувязь. А ў  астатнім усё добра:  пачатак пакладзены, перспектыва, як і сямейная падтрымка, ёсць: будзем працаваць!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

19 − 16 =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: