ТЭХНАЛОГІЯ – ГЭТА ЗАКОН. А ЗАКОНЫ ТРЭБА ВЫКОНВАЦЬ

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Аляксандр-Ляйчонак-009

2018 год Аляксандр Ляйчонак сустрэў  як выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара ААТ “Глыбоцкі камбікормавы завод”. Да гэтага пару месяцаў працаваў намеснікам генеральнага дырэктара па сельскай гаспадарцы і зарэкамендаваў сябе добрым арганізатарам, граматным спецыялістам. Мы вырашылі бліжэй пазнаёміць нашых чытачоў з Аляксандрам Аркадзьевічам.


Аляксандр Аркадзьевіч аказаўся цікавым субяседнікам, простым і шчырым чалавекам. Родам ён з Чашніцкага раёна, але так сталася, што пасля заканчэння Віцебскага ветэрынарнага інстытута лёс на доўгія гады разлучыў яго з Віцебшчынай: працаваў у Гродзенскай, Гомельскай  абласцях па спецыяльнасці, быў кіраўніком прадпрыемстваў аграпрамысловага  комплексу. Словам, усё жыццё прысвяціў сельскай гаспадарцы. І ўжо напрыканцы мінулага года вярнуўся на родную Віцебшчыну і быў прызначаны на пасаду намесніка генеральнага дырэктара ААТ “Глыбоцкі камбікормавы завод” па сельскай гаспадарцы.  А неўзабаве атрымаў павышэнне па працы.

Вось такія сціслыя звесткі: пра сваё асабістае  Аляксандр Аркадзьевіч сказаў вельмі мала, адзначыў, што вельмі ўдзячны кіраўніцтву раёна  за прадастаўленае жыллё, а гэта дало яму магчымасць пераехаць у Глыбокае з сям’ёй.

 Гаварылі мы на розныя  тэмы:  ад тэхналогіі вытворчасці – да развіцця фізкультуры і спорту ў холдынгу. І ў размове мой субяседнік нечакана адкрыўся, што ён майстар спорту па боксе. Адразу ўзнікла думка: “Значыць, Аляксандр Аркадзьевіч умее трымаць удар. І  ўсё ў яго  атрымаецца”.

—Пра холдынгі, у прыватнасці пра вытворчыя поспехі “Агракамбіната Дзяржынскі” неаднойчы чытаў у рэспубліканскіх СМІ. Спадзяюся, што ўжо ў бліжэйшы час прачытаю  там жа пра добрыя вынікі глыбоцкай інтэграцыйнай структуры, створанай на базе камбікормавага завода.

—Наша інтэграцыйная структура – зусім іншае аб’яднанне і ад агракамбіната адрозніваецца і сістэмай вытворчасці, і сістэмай кіравання. Камбікормавы завод  — галаўное прадпрыемства, усе астатнія — унітарныя прадпрыемствы  са сваімі разліковымі рахункамі. Але стратэгія аб’яднання адна – і яе павінны зразумець усе: атрымаць як мага больш малака, мяса, перапрацаваць на прадпрыемствах і выгадна рэалізаваць. Але атрымаць якасную прадукцыю раслінаводства і жывёлагадоўлі можна толькі пры строгім захаванні тэхналагічных патрабаванняў. Інтэграцыйная структура і створана для таго, каб узняць вёску да такога ўзроўню, каб яна па максімуме змагла забяспечыць мясакамбінат мясам, малочнакансервавы камбінат – малаком, камбікормавы завод – зернем і рапсам. Больш  прадукцыі паступіць на перапрацоўчыя прадпрыемствы – больш будзе перапрацавана яе і рэалізавана. Больш атрымаем грошай.  Калі ж мы не папрацуем як сапраўдныя гаспадары на зямлі, не атрымаем высокі ўраджай сельскагаспадарчых культур, нічога не будзе. І тут вельмі важна адно: узаемаразуменне на ўсіх узроўнях — у сельскагаспадарчых арганізацыях, на комплексах,  на перапрацоўчых прадпрыемствах. І галаўное прадпрыемства інтэграцыйнай структуры, і ўнітарныя прадпрыемствы павінны працаваць як адно цэлае, ісці ў правільным накірунку, к адной мэце. Мы па сутнасці ідзём па новай дарозе, першапраходцы, таму кожны павінен усвядоміць, што інтэграцыйная структура – гэта вялікі дружны калектыў. І ў тым,  што за адзін год структура заявіла пра сябе ва ўвесь голас, вялікая заслуга былога генеральнага дырэктара Мечыслава Віктаравіча Морхата.

—На калегіях, семінарах заўсёды бачу вас з нататнікам у руках, вы пастаянна штосьці запісваеце.

— Якія б ні былі добрыя веды, памяць, запісваць усё новае, што можна пачуць на семінарах, калегіях, трэба. У тым ліку і задачы, якія ставяцца. Па сутнасці ўсе такія мерапрыемствы, якія праходзяць па ініцыятыве старшыні райвыканкама Алега Віктаравіча Морхата, прысвечаны пытанням тэхналогіі. І вынікі такой работы ў раёне адчуваюцца на кожным кроку.  Праўда,  выпадкі, калі патрабаванні тэхналагічнага рэгламенту парушаюцца, яшчэ ёсць. Днямі я сустракаўся з работнікамі малочнатаварнай фермы “Галубічы” ўнітарнага прадпрыемства “Галубічы”. І ў даярак узнікла такое пытанне: пасля таго, як будуць здоены першыя струмені малака, што далей рабіць: праводзіць дэзынфекцыю ці выціраць саскі насуха аднаразовым ручніком? Маўляў, мы спачатку саскі выціраем, а пасля дэзынфекцыю праводзім. Але ж усё павінна быць па тэхналогіі. Калі прапісана, што даярка павінна надзець пальчаткі, то яна павінна зрабіць гэта. І не таму, што так хтось захацеў, а  таму, каб па-першае, яна зберагла свае рукі, па-другое, каб захавала здароўе каровы. Як рукі не памыеш, усё роўна мікрафлора на іх застаецца.

—І як закончылася сустрэча?

—На пазітыўнай ноце. Падчас падрыхтоўкі каровы для даення ўсе этапы яны будуць праводзіць у такой паслядоўнасці: здойваць першыя струменьчыкі малака, дэзынфіцыраваць, выціраць саскі, падключаць апарат. Гэта трэба рабіць заўсёды. Колькі таго часу трэба затраціць? Мінуту, не  больш. Як часта падкрэслівае Алег Віктаравіч Морхат, дробязей у тэхналогіі няма. Калі карова падрыхтавана к аддачы малака так, як трэба, то і аддаваць малако яна будзе правільна. На карову трэба глядзець як на фабрыку па вытворчасці малака, а на цялушку – як на высокапрадуктыўную карову ў будучым. А стане яна такой у залежнасці ад таго, як будзем карміць яе, як паіць.  Калі я задам вам такое пытанне: “З якога па які месяц у цялушкі развіваецца сістэма малакааддачы?”, наўрад вы мне адкажаце на яго. А ўсе спецыялісты галіны жывёлагадоўлі павінны ведаць гэта, як і тое, што калі мы ў кармах недадаём карове 2% пратэіну, то за год недаатрымаем ад яе да тоны малака. Спецыяліст, прыехаўшы на ферму, павінен сустрэцца і пагаварыць з даяркамі. Памагчы, навучыць чамусьці.  І ўсё павінна быць так, як у лепшых гаспадарках раёна: надаілі малако, рэалізавалі, за атрыманыя грошы купілі больш угнаенняў, сродкаў аховы раслін, паліва і далі зямлі тое, што ёй трэба. Па-гаспадарску апрацавалі яе. Канечны вынік – зерне, кармы.

—Калі ў канцэнтратах не хапае 2% пратэіну, то дзе гэтыя працэнты можна знайсці?

—  Ёсць сянаж з бабовых культур.  У раёне ў апошнія гады зроблена стаўка на паляпшэнне структуры шматгадовых траў: больш увагі ўдзяляецца бабовым – люцэрне, канюшыне. Менавіта кармавая база – аснова жывёлагадоўлі.  Пры складанні рацыёну спецыялісты павінны ўлічваць і абменную энергію корму. І тут важна: на якой стадыі мы ўбіраем бабовыя культуры —  у перыяд бутанізацыі ці ў перыяд цвіцення? Калі ў перыяд бутанізацыі, то ў кармах абменная энергія складае 12 мегаджоўляў і 16% пратэіну, калі ў перыяд заканчэння цвіцення, то мегаджоўляў ужо будзе 9, пратэіну 9%. На жаль, уборка траў у нас можа зацягнуцца. Кіраўнікі тлумачаць: няма паліва, няма тэхнікі. Ёсць тэхніка. І такая, якая  дазваляе ўсе работы праводзіць тэхналагічна і ў аптымальныя тэрміны. Калі мы зааралі, закультывавалі, прыкаталі глебу, выраўнялі яе, то і заглыбленне насення, і норма высеву будуць такія, якія і патрэбны. Сёння нашы сеялкі і насенне ўносяць, і ўгнаенні. І ўраджай будзе, калі ўсё рабіць  па тэхналогіі. Тэхналогія – гэта закон.

—Аляксандр Аркадзьевіч, а вашы спецыялісты, а за імі і ўсе работнікі здольныя асвоіць тэхналогію? Алег Віктаравіч Морхат на кожнай калегіі райсельгасхарча, на кожным раённым семінары асноўную ўвагу ўдзяляе менавіта тэхналагічным пытанням.

— Большасць спецыялістаў у раёне асвоілі ўжо, пры жаданні, а яшчэ калі  ўзмацніць патрабаванні, асвоіць зможа кожны. Вось я прыязджаю ў гаспадарку і пытаюся ў механізатара: “Чаму ў цябе глыбіня ворыва менавіта такая?” Маўчыць, значыць не ведае. І яго трэба навучыць. Вось у калектыў прыходзіць выпускнік вышэйшай навучальнай установы.  Якія ў яго веды пасля вучобы?  Што ён можа зрабіць?  Пытанні рытарычныя. Толькі тады ён стане аграномам, калі цеплыню і моц зямлі адчуе сваімі ўласнымі рукамі, калі папрацуе, калі тэорыю дапоўніць практыкай. Мы і самі думаем пра тых, хто прыйдзе заўтра ў калектыў.  У гэтым плане маем дамоўленасць з кіраўніцтвам прафліцэя аб стварэнні вучэбнага класа на машынным двары  вёскі Зарубіна. Тэхнікі многа, а механізатараў няма. І мы самі павінны навучыць выпускнікоў прафліцэя, каб яны не баяліся сесці за руль новага “Кіраўца”, імпартных камбайнаў. Будзем запрашаць іх, каб паездзілі з нашымі механізатарамі на новых машынах, каб папрысутнічалі пры рамонтных работах. Калі з пяці-шасці навучэнцаў хаця б адзін стане працаваць на энерганасычанай тэхніцы, гэта будзе добра. Што тычыцца сённяшніх кадраў, то не магу сказаць,  што яны кепскія.   Добрыя кадры. У многіх, як гаворыць Алег Віктаравіч Морхат, “іскрынка ёсць, вочы гараць”. Калі так, то і праца спорыцца. Згадаю маладога кіраўніка ўнітарнага прадпрыемства “Канстанцінаў Двор” Аляксея  Часлававіча Ермаковіч,  галоўнага агранома гэтай жа гаспадаркі Таццяну Пятроўну Лукшу. З Таццянай Пятроўнай сустракаўся на полі, калі ўбіралі кукурузу на зерне, бачыў: перажывае, каб усё ўбраць да апошняга зярнятка. А дырэктар унітарнага прадпрыемства “Мнюта” Яраслаў Іванавіч Сінкавец!  За ўсё ў адказе. Такая ж і Жанна Пятроўна Шынкевіч, ягоны намеснік. Добрыя словы скажу і пра спецыялістаў жывёлагадоўчай галіны Наталлю Анатольеўну Адамковіч і Юрыя Вячаслававіча Наровіча з унітарнага прадпрыемства “Мярэцкія”. І дырэктар там баявы, энергічны. Аляксандр Міхайлавіч Логінаў пашуміць, паўпарціцца, але зробіць усё, што трэба. З Алегам Віктаравічам Морхатам  пабывалі ў выхадныя ў гаспадарцы: на фермах – парадак, у майстэрні тэхніка рамантуецца. А Антаніна Дзмітрыеўна Вазнякова, дырэктар філіяла “Капыльшчына”! Аграном па прафесіі, а ў жывёлагадоўлі разбіраецца не горш, а то і лепш за спецыялістаў некаторых гаспадарак. І магу называць многіх-многіх.  Чаму такую ўвагу ўдзяляю жывёлагадоўлі? Таму што прадукцыя галіны – асноўная таварная прадукцыя.

—Аляксандр Аркадзьевіч, а можаце самі, калі ўзнікне такая неабходнасць, пабыць у ролі аператара машыннага даення?

—Магу, на ферме “Галубічы” я прадэманстраваў гэта.

—А цяля прыняць, калі карова целіцца?

—І цяля магу прыняць. І жывёлу вылечыць: я ж шмат гадоў працаваў ветэрынарным урачом.

—А з абавязкамі тэхніка-асемянатара справіцца?

—Тэарэтычна ўсё ведаю, але практыкі ў мяне не было.

—Ваш стыль кіравання?

— З людзьмі трэба размаўляць і паводзіць сябе, як кажуць, па-чалавечы. Няма ў мяне залішняй суровасці. Але калі стаўлю задачу, яе трэба выканаць. Калі ж у нечым не маю рацыю, то кажу так: “Дакажыце, што не так”. Дакажуць – прызнаю сваю памылку.

—Як былы спартсмен падтрымліваеце ў калектыве развіццё фізкультуры і спорту?

— Канечне. Фізкультура і спорт не толькі даюць нам энергію і сілу, але прымушаюць мысліць  па-другому. Сам я кожную раніцу раблю зарадку. На заводзе спартыўная зала ёсць, басейн будзем аднаўляць. Пра людзей трэба дбаць не толькі тады, калі яны працуюць. Трэба зрабіць ім усе ўмовы і для адпачынку. І па магчымасці жыллём забяспечыць.  У раёне шмат закінутых дамоў, будынкаў. Сёння мы аднаўляем для жылля памяшканне былой школы ў Шуневічах, там можа размясціцца некалькі сем’яў. Пасёлак прыгарадны, аўтобус ходзіць, да работы дабрацца проста. Будзем думаць пра людзей – усё ў нас  атрымаецца.

—Дзякуй за інтэрв’ю, Аляксандр Аркадзьевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

1 + восемнадцать =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: