НА ГЛЫБОЦКІМ КАМБІКОРМАВЫМ ЗАВОДЗЕ ЎРУЧЫЛІ ГРАМАТЫ, ПРЭМІІ І КЛЮЧЫ АД СЛУЖБОВЫХ КВАТЭР

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Святочны сход на камбікормавым заводзе (прайшоў 24 лістапада) стаў у раёне апошнім з мерапрыемстваў, прысвечаным Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. Прайшоў ён у прыгожай абноўленай актавай зале прадпрыемства і ва ўсіх яго ўдзельнікаў пакінуў вельмі яркія ўражанні. Ва ўрачыстасці прыняў удзел старшыня райвыканкама Алег Морхат.

камбікормавы-свята-115


Гэты лістападаўскі дзень аказаўся багатым на падзеі. За паўгадзіны да свята на прадпрыемстве ва ўрачыстай абстаноўцы адкрылі спартыўную залу, гісторыя рэканструкцыі якой пачалася яшчэ ў 2012 годзе: чырвоную стужку перарэзалі Алег Морхат і генеральны дырэктар ААТ “Глыбоцкі камбікормавы завод” Мечыслаў Морхат. Алег Віктаравіч сказаў цёплыя словы пра кіраўніцтва прадпрыемства, якое вялікую ўвагу ўдзяляе стварэнню належных умоў для працы і адпачынку  сваіх работнікаў, прапагандзе здаровага ладу жыцця, а Мечыслаў Віктаравіч за актыўны ўдзел у фізкультурна-аздараўленчай, спартыўна-масавай рабоце і грамадскім жыцці прадпрыемства ўручыў узнагароды лепшым спартсменам камбікормавага завода – Андрэю Пахілку, Андрэю Дзікавіцкаму, Вадзіму Трусевічу, Ігару Рагавому, Антону Бейнаровічу, Яўгену Мартыновічу і Паўлу Козелу.

камбікормавы-свята-050
У здаровым целе – здаровы дух. І Андрэй Пахілка, нязменны лідар раёна ў гіравым спорце ў абсалютнай катэгорыі, выступіў з паказальнымі выступленнямі: 24-кілаграмовая гіра ў яго руках лятала, як пушынка, і лоўкасць, сіла, майстэрства спартсмена выклікалі  захапленне ва ўсіх, хто прысутнічаў у зале.

Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Зяваліч у сваім выступленні заўважыла, што ў такой зале можна праводзіць турніры, спартыўныя мерапрыемствы раённага  ўзроўню.

На адзін спартыўны аб’ект у Глыбокім стала больш. І гэта здорава! Не толькі работнікі завода, але і бліжэйшых прадпрыемстваў свой вольны час будуць карысна і актыўна праводзіць у цудоўнай зале, у якой можна пагуляць у валейбол, баскетбол, заняцца гіравым спортам, гімнастыкай. І ўмацаваць сваё здароўе, узняць настрой і ўрэшце паверыць у сябе як у фізкультурніка і спартсмена.

Перш чым запрасіць вас у актавую залу, дзе будзе праходзіць святочнае мерапрыемства, некалькі слоў хачу сказаць пра тое, як змянілася за апошні год тэрыторыя каля адміністрацыйнага будынка камбікормавага завода – нездарма ў аглядзе-конкурсе ў намінацыі “Прадпрыемства ўзорнага парадку” ААТ “Глыбоцкі камбікормавы завод” заняў першае месца. Зрэшты, словамі зрабіць гэта наўрад атрымаецца, трэба на свае вочы ўбачыць абноўлены сквер, клумбы, новую ўкладзеную плітку, дарожкі, ліхтары і, канечне ж,  прыгожую, арыгінальную Дошку гонару, на якую  за самаадданую працу занесены партрэты лепшых работнікаў ААТ “Глыбоцкі камбікормавы завод”.

Менавіта з ушанавання і віншавання гэтых людзей пачалася цырымонія ўзнагароджвання ў светлай, абноўленай да свята зале прадпрыемства. Пасведчанні аб занясенні на Дошку гонару і прэміі генеральны дырэктар ААТ “Глыбоцкі камбікормавы завод”  Мечыслаў Морхат уручыў Людміле Пупкевіч з вытворчага ўчастка “Камайскі”, Любові Хахель, ветэрынарнаму ўрачу вытворчага ўчастка “Маліноўшчына”, Рыгору Гінько, слесару арэнднага ўчастка “Глыбоцкая птушкафабрыка”, Дзянісу Быкадораву, электрагазазваршчыку рамонтна-механізаванай службы, Святлане Галубёнак, бухгалтару, Сяргею Барылу, слесару-электрыку энергетычнай службы, Івану Сенькаўцу, сталяру рамонтна-будаўнічага ўчастка, Міхаілу Нікалаеву, вадзіцелю аўтатранспартнага ўчастка, Андрэю Счаснаму, вадзіцелю аўтатранспартнага ўчастка, Аляксандру Шавелю, трактарысту трактарнага парка “Зарубіна”, Марыне Рагоўскай, зменнаму майстру элеватараў, Дзмітрыю Кірылаву, апаратчыку камбікормавага завода, Сяргею Сярогіну, начальніку цэха па перапрацоўцы алейнага насення рапсу, Наталлі Будзько, тэхніку-лабаранту вытворчай лабараторыі, Аксане Купрыенка, прадаўцу, Яўгену Кучыцу, галоўнаму інжынеру, Ліліі Шпак, памочніку кіраўніка, Наталлі Плыгаўка, вядучаму спецыялісту па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні.

Больш за сто чалавек – спецыялісты і работнікі прадпрыемства, арганізацый, якія ўваходзяць у інтэграцыйную структуру, ветэраны працы —  атрымалі на свяце граматы, падзякі, падарункі, грашовыя прэміі. Усіх, вядома, назваць не маем магчымасці. А вось яшчэ пра адно ўзнагароджванне, якое заслугоўвае самых высокіх слоў і захаплення (добра было б, каб такі пачын стаў традыцыйным на Глыбоччыне!), не сказаць проста не можам. Генеральны дырэктар прадпрыемства Мечыслаў Морхат уручыў аграному Святлане Гаранінай, электрагазазваршчыку Валерыю Цвікевічу і вадзіцелю Віталю Шыпілу … ключы ад службовых кватэр па адрасе в. Шуневічы, вул. Савецкая, 4В. У гэтым доме колісь знаходзілася сярэдняя школа, і кіраўніцтва завода прыняло рашэнне прыстасаваць яго пад жыллё. Ажыццявіць задуму ўдалося, і радасць работнікаў, якія атрымалі ключы, падзялілі ўсе прысутныя ў зале.

Выступленне М. В. Морхата на свяце было шчырым, цёплым, і ўсё ж не мог  Мечыслаў Віктаравіч  абысці  ў сваім выступленні вытворчыя пытанні.. Галоўнае думка – такая: “Так, год быў няпростым, год станаўлення холдынгу. Мы шмат чаго зрабілі, але вынікі маглі  быць лепшымі”.

У № 90 “ВГ” за 11 лістапада ў артыкуле “Лакаматыў не павінен збаўляць абароты” мы параўналі паказчыкі гаспадарак, якія ўваходзяць у інтэграцыйную структуру, і якія не ўваходзяць. Вынікі гаспадарак холдынгу на галаву вышэйшыя і ў жывёлагадоўлі, і ў раслінаводстве. Але генеральнага дырэктара яны не задавальняюць:

— Па холдынгу ўраджайнасць зерневых – 34 цэнтнеры, валавы збор зерня – 145%,  прадукцыя жывёлагадоўлі – 112%, вытворчасць малака – 105%, — прыводзіў лічбы Мечыслаў Морхат. – Ураджайнасць у філіяле “Мнюта” 47 цэнтнераў? А чаму не 60 і больш? На асобных палях  Аляксандр Міхайлавіч Логінаў  збіраў на круг па 60 цэнтнераў, а “Глыбоцкая птушкафабрыка” – гаспадарка складаная, не філіял «Мнюта”. У “Стрынадках” віды на ўраджай рапсу былі вельмі добрыя – на 25 цэнтнераў! І мы ледзь атрымалі 15. І ўсё таму, што не навучыліся працаваць тэхналагічна.  Кіраўнікі гаспадарак прывыклі так працаваць: пасеяў і чакае ўраджаю. А ўраджай трэба вырошчваць. У нас і нармальнай пашы няма, адкуль жа быць малаку? Я паказаў, як трэба закладваць шматкампанентную пашу, і  ў гэтым накірунку трэба працаваць. Калі гаварыць пра малако, то на рабатызаваных фермах ад каровы трэба мець не менш 8 тысяч кілаграмаў малака. І мы будзем дабівацца такога выніку.  Падтрымку ў раёне маем каласальную. І трэба ўсім нам усвядоміць адно: важна не тое, хто першы, хто апошні ў рэйтынгу, важна, каб грошы былі на рахунку і рэнтабельнасць вытворчасці і продажу.

У час выступлення Мечыслаў Морхат звярнуўся да свайго намесніка па сельскай гаспадарцы Аляксандра Ляйчонка, каб той падумаў пра цэнтралізацыю вытворчасці гароху, рапсу:

—Можа, трэба вызначыць гаспадаркі, узяць, скажам, 2 тысячы гектараў пад гарох і вырасціць. Рапс – таксама. Ужо хопіць пераплачваць камерсантам за бялок, невядома за які. Нам і люцэрна патрэбна. Сояй, можа, і не трэба займацца, а вось лубін будзем вырошчваць. Не стварыўшы трывалай кармавой базы, вялікага малака мы не атрымаем.

Напрыканцы свайго выступлення Мечыслаў Морхат перайшоў, як сам сказаў, на аптымістычную ноту, шчыра павіншаваў усіх са святам, падзякаваў старшыні райвыканкама Алегу Морхату за вялікую дапамогу ў вырашэнні пытанняў развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці, за ўвагу і падтрымку дзейнасці інтэграцыйнай структуры.

 У сваім слове старшыня райвыканкама А. В. Морхат – Алегу Віктаравічу як шаноўнаму госцю ўручылі каравай —  станоўча ацаніў вынікі дзейнасці інтэграцыйнай структуры ў гэтым годзе, выказаў упэўненасць, што пры такіх магутных сучасных машынах – у аб’яднанне паступіла 169 адзінак тэхнікі, — пры свядомых адносінах да працы кожнага чалавека поспех прыйдзе.

— На першым месцы – парадак і тэхналогія. Тады будзе ў нас і 6 тысяч малака ад каровы, і сем тысяч. І ўраджайнасць  60 цэнтнераў.  Трэба толькі паверыць у сябе. Спрацуем з апярэджваннем – зробім значны крок наперад, —  падкрэсліў кіраўнік раёна і шчыра павіншаваў  са святам, пажадаў усім добрага здароўя, дабрабыту і плённай працы на прадпрыемствах, палях і фермах.

На працягу свята свае ўсмешкі, здольнасці, свой талент дарылі вядомыя на Глыбоччыне артысты: Тамара Калантай, Эла Гімбіцкая, Кацярына Глябкоўская, Павел Пеляёнак, Браніслаў Грамакоўскі,   Юрый Сычоў і інш.

Парадавалі сваім выканаўчым майстэрствам і самадзейныя артысты ААТ “Глыбоцкі камбікормавы завод”: Ірына Ганчарова, Наталля Кавалёнак, Кацярына Баран, Яўген Кучыц, Марат Хадкевіч, жаночы вакальны гурт прадпрыемства.

І цудоўна правялі святочную сустрэчу вядучыя Марыя Рабіза і Дзмітрый Крывёнак.

Вам может понравиться

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

семь − три =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: