ДЭПУТАТ ЗА РАБОТАЙ: НА ПРЫНЦЫПАХ ПАВАГІ І ЎЗАЕМАДАВЕРУ

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Падсвілле, Падсвільшчына – найпрыгажэйшы куточак нашага раёна. І прыгожы ён не толькі сваімі шумнымі барамі ды люстранымі азёрамі, а  найперш людзьмі, людзьмі шчырымі, адкрытымі, таленавітымі, гаспадарлівымі, стараннымі, адданымі сваёй малой радзіме. Боль-
шасць з іх, ці то сельскі працаўнік, будаўнік, урач, педагог альбо работнік лясной гаспадаркі, імкнецца высока трымаць марку свайго калектыву, свайго гарпасёлка, свайго сельсавета. І трэба сказаць, што гэткі патрыятычны настрой перадаецца ўсім ад мясцовага актыву, ад старэйшынаў вёсак, кіруючых работнікаў, дэпутатаў.

_0008375


Па-дзелавому, вельмі жыва і зацікаўлена абмяркоўваюцца ўсе надзённыя жыццёвыя праблемы на рабочых сходах у працоўных калектывах, на пасяджэннях і сесіях сельскага Савета дэпутатаў. “Асаблівую ініцыятыву падчас абмеркавання і прыняцця адказных рашэнняў праяўляюць нашы дэпутаты, — зазначае старшыня Падсвільскага Савета дэпутатаў Анатоль Ерашэвіч. – І бадай што самыя слушныя прапановы, самыя мудрыя парады зыходзяць ад дырэктара Дзвінскай эксперыментальнай лясной базы Інстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, члена сельвыканкама, дэпутата раённага Савета дэпутатаў Эдуарда Длужнеўскага. Заўсёды спакойны, удумлівы, памяркоўны, Эдуард Казіміравіч умее даходліва і аргументавана данесці сваю думку, сваю ацэнку праблемы і сваё бачанне шляхоў яе вырашэння”. Сённяшні наш расказ пра гэтага здольнага кіраўніка, арганізатара вытворчасці, грамадскага актывіста.

Галоўнае, што характарызуе любога чалавека, на мой погляд, гэта тое, наколькі цесная яго сувязь з зямлёй, з мясцінамі, дзе вырас, адкуль адправіўся на шырокі жыццёвы прасцяг. Эдуард Казіміравіч Длужнеўскі з тых, хто вельмі даражыць усім і ўсімі, што звязвае яго з малой радзімай. Ён першым з кіруючых работнікаў азваўся на заклік старшыні райвыканкама Алега Морхата не забываць родныя вёскі, даглядаць бацькоўскія сядзібы. І паступае менавіта так, па прыкладзе кіраўніка раёна. Дарога да роднага парога не доўгая. Пастаянна наведваецца ў Малыя Давыдкі. Пастаянна жыве клопатамі і турботамі былых сваіх аднавяскоўцаў.

– Казіміравіч – зямляк наш. Ён часта бывае ў вёсцы, — гаворыць жыхар Малых Давыдак Ігнацій Бялянка. – Тут жа матуля яго жыве… Не горды, просты чалавек, уважыцельны… Заўсёды, як едзе, паздароўкаецца. Прыпыніцца, як часу мае, пагаворыць, распросіць пра справы нашы вясковыя. Свята сёлета неяк па вясне ў нас было. Многа чаго зроблена было. Дзякуй рукаводству раёна нашага, дзякуй Казіміравічу.

Сапраўды ў маі гэтага года вёска Малыя Давыдкі трапіла ў цэнтр увагі грамадскасці нашага раёна. Свята вёскі, якое адбылося пры непасрэднай арганізацыйнай падтрымцы райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, Падсвільскага сельскага Савета дэпутатаў, падарыла мясцовым жыхарам шмат незабыўных, дарагіх сэрцу момантаў.

– Большасць у нас тут пенсіянеры, — прадаўжае размову старэйшына вёскі Аляксандр Казачок. – Надта мы ўсе ўдзячныя кіраўніцтву раёна, сельсавета, непасрэдна Эдуарду Казіміравічу Длужнеўскаму. Падчас падрыхтоўкі да свята займаліся добраўпарадкаваннем. У асноўным работнікі Дзвінскай лясной эксперыментальнай базы прыбіралі лішнюю расліннасць і хмыз, абкос рабілі, павільёнчык такі, як альтанка, устанавілі на месцы, дзе аўталаўка спыняецца…

Для кіраўніка і дэпутата раённага Савета дэпутатаў Эдуарда Длужнеўскага дачыніцца да падрыхтоўкі, правесці свята роднай вёскі было справай гонару. Тут бацькоўскі дом, дзе жыве любімая матуля. Тут сцежкі дзяцінства, па якіх калісьці бегаў. Тут ён спазнаў цану працоўнага мазаля. Адсюль пачаўся яго самастойны жыццёвы шлях.

– З Эдуардам Длужнеўскім я вучыўся ў адной школе – у Перадольскай васьмігодцы, — расказвае ляснічы Падсвільскага лясніцтва Васіль Рудак. – Пасля школы разам паступілі ў Полацкі лясны тэхнікум. Разам вучыліся, жылі ў адным інтэрнацкім пакоі… Што хачу сказаць: сябар ён выдатны, надзейны. І цяпер пры любых абставінах, у любы момант гатоў сяброўскае плячо падставіць. Гэта дабрэйшай душы чалавек, інтэлігентны, тактоўны…
У працяг сказанаму Васілём Сямёнавічам, хацелася б дадаць, што вельмі многія сябры і знаёмыя гавораць пра Эдуарда Казіміравіча як пра выдатнага сем’яніна, мужа і бацьку. Ён поўнасцю, па іх меркаванні, апраўдвае прызначэнне сапраўднага мужчыны: пабудаваў дом, пасадзіў не адно дрэва, а цэлы лес (інакш і быць не можа – ён жа лесавод), выгадаваў двух сыноў, такіх жа вельмі старанных і працавітых.

Эдуард Длужнеўскі з 2009 года ўзначальвае калектыў Дзвінскай эксперыментальнай лясной базы Інстытута лесу НАН Беларусі. Кіраўнік ён вельмі дзейсны, настойлівы ў дасягненні пастаўленай мэты. І калектыў нацэльвае на сур’ёзную, адказную работу. А галоўнае, чалавек ён нераўнадушны. Гатоў удзельнічаць у любым дзелавым праекце, калі гэта толькі на карысць людзям, нашаму раёну. Таму і заканамерна тое, што Эдуард Казіміравіч з’яўляецца дэпутатам Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў дваццаць сёмага склікання па Пасялковай выбарчай акрузе №30.

– На працягу апошніх чатырох гадоў непасрэдна супрацоўнічаем з Эдуардам Казіміравічам, – прадаўжае размову старшыня Падсвільскага сельскага Савета дэпутатаў Анатоль Ерашэвіч. – Ён завадатар усіх добрых спраў і ў сельсавеце, і ў гарпасёлку. Здорава выручае, калі тэрмінова патрабуецца прагрэйдзіраваць вуліцы пасёлка з гравійным пакрыццём альбо дарогі ў сельскай мясцовасці. Тое ж самае і зімой – накіроўвае тэхніку на расчыстку дарог ад снегу. Калектыў лесагаспадарчай установы ніколі не застаецца ў баку ад спраў па добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў. Лесаводы дапамаглі навесці парадак ля помніка землякам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Кішы, абнавілі агароджу могілак у вёсцы Ляпляне.

– Мне часцей даводзіцца звяртацца да Эдуарда Казіміравіча вясной і восенню, каб дапамог з набыццём саджанцаў дрэў і дэкаратыўных кустоў, — далучаецца да слоў старшыні сельскага Савета дэпутатаў майстар Падсвільскага ўчастка ЖКГ Зоя Шумская. – Заўсёды ідзе насустрач.

– А я ад імя маладых мам хачу падзякаваць за дапамогу ў абсталяванні дзіцячай пляцоўкі і зоны адпачынку на беразе возера Алаізберг, — кажа настаўніца Падсвільскай СШ Таццяна Карашкова. – Дзеткам ёсць дзе пазабаўляцца і нам цяпер спакайней.

– Эдуарда Казіміравіча ведаю з таго часу, як ён узначаліў калектыў Дзвінскай эксперыментальнай лясной базы, — уключаецца ў размову, дырэктар Падсвільскага гарпасялковага Дома культуры, дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Падсвільскай выбарчай акрузе №29 Тамара Спяцанава. – Калі заходзіш на тэрыторыю лесагаспадарчай установы, адразу кідаецца ў вочы ідэальны парадак і прыгажосць. І становіцца зразумела, што тут працуюць прыгожыя творчыя людзі. Дарэчы, многія з іх з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці. Эдуард Казіміравіч пастаянна цікавіцца справамі творчых калектываў Дома культуры, удзельнічае ў многіх святочных мерапрыемствах і не скупіцца на пахвалу, пры неабходнасці дапамагае нам.

Шмат зроблена калектывам Дзвінскай эксперыментальнай лясной базы пад кіраўніцтвам Эдуарда Длужнеўскага. Дырэктар вызначае мэты і ўмела каардынуе дзейнасць спецыялістаў і рабочых. Важнейшая ўвага ўдзяляецца мадэрнізацыі вытворчасці, выкарыстанню новых тэхналогій па лесанарыхтоўцы, па доглядзе маладых лясоў, па стварэнні новых навукова-доследных аб’ектаў, набыццю сучаснага абсталявання і тэхнікі. За апошнія гады поўнасцю абнавіўся аўтатрактарны парк, няспынна вядзецца добраўпарадкаванне тэрыторыі ўстановы. Пастаянна ў полі зроку кіраўніка пытанні паляпшэння ўмоў працы і стварэнне больш камфортных умоў для адпачынку.

Важнай састаўляючай гаспадарча-эканамічнай дзейнасці з’яўляюцца экспартныя пастаўкі піламатэрыялаў у Венгрыю, Галандыю, Германію, Чэхію. Рынкі збыту пашыраюцца. З мінулага года ў Швецыю прададзена партыя насення елкі. Плануецца прадоўжыць гэтыя пастаўкі.

– Мяне здзіўляе, дзе знаходзіць наш дырэктар часу, каб усюды паспець за дзень: пабываць на лесасеках і ў цэху дрэваапрацоўкі, пагутарыць ці не з кожным рабочым, пацікавіцца станам тэхнікі, — гаворыць галоўны інжынер Дзвінскай эксперыментальнай лясной базы Андрэй Гудзень. – Эдуард Казіміравіч ва ўсім любіць парадак і чысціню і таго ж патрабуе ад кожнага ў калектыве. Ён умее згуртаваць калектыў і скіраваць яго на дасягненне пастаўленай мэты. Поспех заўсёды ставіць у заслугу калектыву, камандзе спецыялістаў.

– Ва ўсім наш дырэктар паступае па справядлівасці, — кажа адзін са старэйшых работнікаў лесагаспадарчай установы, слесар Антон Усовіч. – Калі бачыць, што чалавек стараецца, абавязкова яго заахвоціць, пахваліць, падтрымае.

– Дзесяць гадоў я працую тут, — дадае рамшчык цэха дрэваапрацоўкі Мікіта Стэльмах. – На новым абсталяванні працаваць намнога лягчэй стала. Створаны выдатныя ўмовы для адпачынку. У бытавых памяшканнях утульна, цёпла, усё, што трэба ёсць – халадзільнік, мікрахвалевая печ…

– Наш дырэктар чалавек вельмі спагадлівы, — адзначае рабочы Антон Чарны. – Любую праблему дапаможа вырашыць і радасць раздзеліць таксама. Шмат добрых перамен адбываецца ў нас. Вось я цяпер займаюся рамонтам у памяшканні прахадной вытворчай тэрыторыі.

– Эдуарда Казіміравіча вельмі паважаюць у калектыве, — заключае інжынер па падрыхтоўцы кадраў Алена Гудзень. – І перш за ўсё паважаюць за яго гаспадарчы падыход у рабоце, за ўважлівыя адносіны да кожнага чалавека.

Такім атрымаўся аповед пра дырэктара Дзвінскай эксперыментальнай лясной базы Інстытута лесу НАН Беларусі Эдуарда Длужнеўскага, аповед складзены з дапамогай людзей, якія ведаюць яго, якія працуюць разам з ім. І яшчэ хочацца паведаміць прыемную навіну: Эдуард Казіміравіч 12-13 снежня гэтага года ў складзе дэлегацыі ад Віцебскай вобласці прыме ўдзел у рабоце ІІ з’езда вучоных Рэспублікі Беларусь, які пройдзе
ў Мінску. Пажадаем нашаму земляку поспехаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

3 × 1 =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: