ЯК «ЦЯРЭШКА» ІВАНА ЖАНІЎ

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Напрыканцы кастрычніка ў суседніх Ушачах Глыбоцкі народны тэатр фальклору “Цярэшка” пад кіраўніцтвам Наталлі Уладзіміраўны Нікіфаровіч паўдзельнічаў у рэканструкцыі вясельнага абрада. Тагачаснае вяселле “сыгралі” фальклорныя калектывы трох суседніх раёнаў – Глыбоцкага, Ушацкага і Шаркаўшчынскага – аднавіўшы свае, адметныя, мясцовыя традыцыі.

000027_97076AFED13A74BF432581C1002C3203_86858

Крыху гісторыі

Абласное свята-конкурс вясельных абрадаў Вiцебшчыны “Вялiкая вясельнiца” збірае ўдзельнікаў раз у два гады. Ва Ушачах – чацвёртае па ліку. Папярэднія тры відовішчныя мерапрыемствы праходзілі ў Дуброўна. Акрамя вяселля па мясцовых традыцыях, а таксама пэўных вясельных абрадаў у фае ДК, у гэтым годзе яшчэ правялі і конкурс на лепшы “вясельны куток”, дзе прэзентавалі вясельныя стравы, а на сцэне ДК выбіралі лепшага свата і сваху.

000027_97076AFED13A74BF432581C1002C3203_285271
Дарэчы, дзень правядзення і назва свята-конкурсу абраны не выпадкова. Якраз час з 14 кастрычніка да 28 лістапада называлі “Вялікая вясельніца” па той прычыне, што найбольшая колькасць вяселляў прыпадала менавіта на гэты перыяд. Лічылася, што гэта самы лепшы час для таго, каб стварыць сям’ю. Але пры гэтым неабходна было выключыць усе памінальныя дні, напрыклад, Дзмітраўскія Дзяды.

«Широкой этой свадьбе было места мало…»

– Калі тое было… Успомнілі, – так скажа які-небудзь уедлівы чытач, які па тэлебачанні ці у інтэрнэце ў той жа вечар паглядзеў, як  нашы глыбачане на вяселлі ва Ушачах “зажигали”. Прызнаемся шчыра, і самі шкадавалі, што на такім дыхтоўным мерапрыемстве не пабывалі – дапамагалі ў той дзень талакой лён убіраць. Але ж і без нас, глыбоцкіх карэспандэнтаў, на ўшацкім вяселлі журналісцкай братыі хапала.

000027_97076AFED13A74BF432581C1002C3203_223202
– Памяшканні для дзейства прадаставілі невялікія (думаю, той, у каго вяселле праходзіла ў вясковай хаце, ведае, што вольнага месца там проста няма. – аўт.), а журналістаў з камерамі – і фота-, і відэа- – сабралася шмат. Нават нас, артыстаў, рукамі адштурхоўвалі, – згадвала нядаўнія падзеі Наталля Уладзіміраўна.  

Тым не менш, як народны тэатр фальклору “Цярэшка” глыбачаніна Арцёма Фаміна ва Ушачах “жаніў”, – я ўбачыла. З усімі падрабязнасцямі, між іншым. Якраз на мінулым тыдні “цярэшкаўцы” сабраліся ў актавай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі, каб паглядзець на сябе, вясельнікаў. Відэазапісы з мерапрыемства прадставіў метадыст цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Уладзіслаў Барыла.

І вось першы сюжэт – глыбоцкія сваты ў чаканні, галоўныя героі даюць інтэрв’ю журналістам…

Адразу ж з глядацкіх месцаў пасыпаліся каментарыі, жарты…   

– Разам з намі ушацкія бабулі сядзелі. Нас як добрых знаёмых прызналі. Аказваецца, на свяце ў Івесі разам былі – як весяліліся мы, “цярэшкаўцы”, добра запомнілі, – каменціравала кіраўнік тэатра.

І ва Ушачах глыбачане не падвялі. Весялілі, жартавалі і сур’ёзнымі, калі трэба, былі. Адным словам, ролі выконвалі так, што вяселле здавалася сапраўдным… Шчыра кажу. І хоць  Наталля Уладзіміраўна падчас прагляду расказвала пра розныя замінкі, але ж на якім вяселлі іх не бывае?     
 


Думка

Загадчыца аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Таццяна Валодзіна:
– Думала, што тут будзе нешта падобнае на мастацкую сама-
дзейнасць. Але мы ўбачылі абсалютна жывы абрад такім, якім ён быў у даўніну, з усімі элементамі. Пры гэтым эмоцыі ўдзельнікаў былі сапраўднымі, усё, як на рэальным вяселлі. Былі і новыя для мяне элементы. Напрыклад, глыбоцкая «Ваўчыха». Гэта было выдатна! (Паводле БелТА.)


 

Іван ды Мар’я

Так звалі жаніха і нявесту па сцэнарыі. Жаніх – глыбоцкі, заможны. Яго ролю выканаў Арцём Фамін, метадыст раённага Дома рамёстваў. І хоць быць артыстам для хлопца не навіна (удзельнічае ў пастаноўках цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці) –  у жаніха пераўвасобіўся ўпершыню. Затое пра Манечку пісалі ў СМІ, што нявеста з вопытам – трэці раз “выходзіць замуж” на “Вялікай вясельніцы”. Парачка выглядала годна – тыя ж ушацкія бабулі ацанілі. Дарэчы, як і глыбоцкага старшага свата – дасціпнага веселуна Дзмітрыя Крывёнка.

Так, у нашага жаніха была цудоўная кампанія: старшы шафер – Барыс Заяц, сёстры – Марына Сакалоўская і Святлана Пачопка, хросны бацька – Дзмітрый Джаўшанашвілі, хросная маці – Марына Хрол, цётачкі – Аксана Гуменнік, Таццяна Джаўшанашвілі, Ірына Альхімовіч, Святлана Сталярова. Ролі бацькоў спраўна выканалі Юрый Сычоў і  Наталля Нікіфаровіч.

Пра музыкаў хочацца сказаць асобна.

– Падчас выкупу нявесты зайгралі ўшацкія мужычок і дзяўчо. Ды падышлі нашы хлопцы, як урэзалі, тыя адразу і зніклі, – казалі “цярэшкаўцы”.
Праўда, хоць утраіх гралі Юрый Стрэльчанка (гармонік), Віктар Сіняўскі (баян), Андрэй Васілёнак (бубен) – далібог, замянілі цэлы ансамбль.  Гэта пра такіх музыкантаў “Бяседа” спявае: “Музыкі граюць — не спыніць!” Колькі ішло “падстаўное” вяселле – не змаўкалі ні на хвілінку.

З глыбінь народных

Асобны сказ і пра маці жаніха. Яе ролю сыграла сама Наталля Уладзіміраўна. Яна ж і стала галоўнай гераіняй аўтэнтычнага абрада “Ваўчыха”, які даўней праводзілі ў некаторых вёсках Глыбоччыны. Менавіта да яго была скіравана ўвага журналістаў. Выкуп нявесты, “рагаткі”, дзяльба каравая (цяпер торта), марш – усе гэтыя вясельныя абрады сустракаюцца і сёння. А вось “Ваўчыха” – пра яе нават і глыбачане не ведаюць, хіба што старэйшае пакаленне. Ці не так?

– У свой час на вяселлях, выступаючы ў ролі вядучай, вельмі часта была сведкай цікавых абрадаў. І той жа “Ваўчыхі”. Бабуля маладых на адным з вяселляў закамандавала, каб “ваўчыху” задобрылі. Гэта значыць, родныя нявесты напрыканцы вяселля павінны былі адарыць свякроў падарункамі – задобрыць. Зацікавілася, пачала распытваць іншых. Маці Аліны Віктараўны Юргель, былога кіраўніка метадычнага аддзела, расказала таксама. Як аказалася, абрад характэрны для падсвільскай зоны і вёсак Узрэцкага сельсавета, – тлумачыць Наталля Уладзіміраўна.

І зноў на экран…

…Заспяшаліся сваты дадому. На развітанне заспявалі “Зялёная вішня з-пад кораня выйшла…”

Госць з боку нявесты запрашае “новаспечаную”свякроў :

– Просім цябе,
мая свацейка, да столу,
Маем да цябе размову.
Выходзіць свякроў, апранутая ў вывернуты кажух (гэтым самым ператварыўшыся ў вайчыху) і садзіцца за стол, на якім стаіць дзяжа, куды потым складваюцца падарункі.
– А просім цябе,
наша сваціца, з павагі,
А каб не было нашай
Манечцы знявагі.
Каб не стаяла цёмнай
ночкай пад вакном,
Каб не ўцірала дробны
слёзачкі рукаўком,
А каб не была паветачка
за хатку,
А каб не была суседачка за матку, – спявалі госці маладой.
А госці маладога – у адказ:
– А маўчыце,
мае сваціцы, маўчыце,
А вы ж яе паціхонечку наўчыце.
Каб яна ранюсенька ўставала,
Каб яна лучынку паліла,
Каб яна сямеечку будзіла.

Сваты нявесты падыходзяць да свякроўкі з падарункамі, прыгаворваючы:
“Не бі яе ды дубінаю, а вучы быць гаспадыняю”, “А я даю грошы, каб свёкар і свякроў былі харошы”, “ Каб куском хлеба не папракалі”, “Каб сукенку пашыла і нявестку любіла”.

А свякроў прымала ў дар хустку, грошы, прысмакі, абрус і… лагаднела. Маладая ў гэты ж час дзяліла “свой” каравай, з кавалачкам якога госці ад’язджалі дадому.

Горыч перамогі

У той дзень Наталля Уладзіміраўна віншавала свой калектыў з перамогай – народны тэатр фальклору “Цярэшка” стаў лаўрэатам першай ступені свята-конкурсу “Вялікая вясельніца-2017”. Якраз узнагароду і падарунак з Віцебска перадалі – дыплом і тэрмас.

– Будзем чай у дарогу браць, – паказала прыз кіраўнік тэатра.

– Можа, ужо поўны? – пажартавалі “цярэшкаўцы”, толькі смех быў не вельмі вясёлым…

Дарэчы, Гран-пры конкурсу атрымалі ўшацкія работнікі культуры.

– Лічу, што і мы заслужылі такую ж узнагароду, – адзначыла Наталля Уладзіміраўна. – Усё ж такі вяселле рэканструявалі ў асноўным па абрадах Глыбоцкага і Ушацкага раёнаў. Артысты з Шаркаўшчыны правялі толькі сваю традыцыйную “рагатку”. Правільна было б сказаць, што мы дапаўнялі адзін аднаго: канешне, наша б вяселле не глядзелася без ушацкіх тагачасных абрадавых песняў, але і мы, глыбачане, з вясёлымі музыкамі, з нашымі адметнымі абрадамі – сустрэчай маладых (“Брамай”), “Ваўчыхай”, “Маршам” упрыгожылі мерапрыемства. Мы ж рыхтаваліся, столькі сіл уклалі. Касцюмы падбіралі, каб той час паказаць, і ў гэтым нам раённы Дом рамёстваў дапамагаў. Нават грошы польскія шукалі-друкавалі для выкупу і дарэння – жаніх-то наш заможны. Ды і сцэнарый рыхтавалі разам з Ушачамі…

Тым больш было крыўдна Наталлі Уладзіміраўне прачытаць ва ўшацкай газеце “Патрыёт”: “І, напэўна, больш за ўсіх віншаванняў атрымала ў гэты вечар метадыст цэнтра (з Ушач. – аўт.) Галіна Сяргееўна Рудзёнак…– менавіта яна была аўтарам сцэнарыя рэканструкцыі вяселля”.

Вясельныя кур’ёзы

Нават мясцовыя жыхары заўважылі, што конь на вяселлі выглядаў “пенсіянерам”, хаця звычайна выбіралі самых лепшых.

– Пашкадавалі нам каня добрага даць, – жартавалі глыбачане, якім замест двух абяцаных выдзелілі “паўканя”. – Не з першага разу воз пацягнуў.
На відэа бачны высілкі беднай жывёліны, праўда, ушацкі фурман вагой тром глыбачанам раўняўся.

Самай жа нечаканай часткай паездкі аказалася… вяселле. Так-так, сапраўднае вяселле. Маладыя пасля наведвання мемарыяльнага комплекса “Прарыў” вярталіся назад да вясельнага картэжу і былі заўважаны няўрымслівымі глыбоцкімі артыстамі. І “закарагодзілі” глыбачане маладых, ад душы іх віншуючы, – эмоцыі білі праз край, самі ж толькі з вяселля…

Вам может понравиться

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

три × три =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: