«ХВІЛІНА – НА ДАПАМОГУ, ДАВЕР – НА ГАДЫ». ЖУРНАЛІСТ “ВГ” ПАНАЗІРАЛА ЗА РАБОТАЙ СУПРАЦОЎНІКАЎ ГЛЫБОЦКАГА РАУС

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

У канфліктных і крытычна-небяспечных жыццёвых сітуацыях людзі ў пагонах становяцца лепшай абаронай і надзейнай апорай. Дапамога, якую аператыўна, за лічаныя хвіліны, аказваюць грамадзянам супрацоўнікі міліцыі, умацоўвае давер  да гэтай службы на гады. Каб высветліць, ці так гэта на самой справе, я адправілася на  дзяжурства ў Глыбоцкі РАУС.

mianty-1403

5 лістапада. Нядзеля. 8 гадзін раніцы. На дзяжурную змену заступіла разам з начальнікам аддзела Віктарам Васюковічам і са штатным нарадам – дзяжурным, старшым інспектарам Сяргеем Садоўскім, памочнікам дзяжурнага Валерыем Касперам, вадзіцелем Аляксандрам Кавалёнкам, з супрацоўнікамі дзвюх следча-аператыўных груп, у складзе якіх былі ўчастковыя інспектары, следчыя і “оперы”.  Акрамя іх  на працягу сутак бяспеку  на дарогах кантралявалі нарады ДАІ, за парадкам у горадзе наглядалі  супрацоўнікі райаддзела Дэпартамента аховы. З шасці вечара да чатырох гадзін раніцы райцэнтр патрулявалі супрацоўнікі аховы  грамадскага правапарадку. Усяго на дзяжурстве быў задзейнічаны 21 чалавек, па армейскіх мерках – цэлы ўзвод. Але простая арыфметыка паказвае: калі ад агульнай колькасці – 38 тысяч жыхароў раёна – адняць 5 тысяч дзяцей і нямоглых людзей, то выходзіць, што кожны міліцыянер адказвае за бяспеку  і спакой паўтары тысячы грамадзян, а гэта нямала.

Хроніка здарэнняў

Змена пачалася са знаёмства з хронікай здарэнняў, што адбыліся напярэдадні, у ноч  з 4 на 5 лістапада.

– 19.47. Вёска Свілка-2. У дом  да грамадзянкі прыйшоў знаёмы з нажом і пагражаў забойствам.

00.10. Дзяжурны нарад выехаў на бойку. “Гарачых” хлопцаў супакойвала міліцыя, якую выклікалі жанчыны, баючыся, што “пазабіваюць адзін аднаго”.

2.06. Ля кафэ “Стары горад” – бойка. Жанчына, якая пазваніла ў міліцыю, паведамляла, што “нейкі мужык хоча забіць яе знаёмага”.

2.08. Мужчына паведаміў, што да яго ў машыну спрабуе залезці нейкая жанчына. Аказалася,  упоцемках яна пераблытала аўтамабілі, садзілася, думала, што ў свой, – каменціруе звароты Віктар Іванавіч і, каб быць у курсе, гартае зводку абласных здарэнняў.

Галоўная кніга дзяжурных

Работы ў дзяжурных супрацоўнікаў хапае і справаздачнасці не менш. Усяго  ў дзяжурным аддзеле 15 журналаў і ў кожным трэба рабіць адпаведныя запісы.

–Самы актуальны  – журнал уліку вынікаў праверкі фізічнага стану супрацоўнікаў (алкатэст), – гаворыць  маёр Сяргей Садоўскі.  – Самы важны – журнал прымянення фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў (газавага балончыка,  гумовай палкі, наручнікаў, байцоўскіх прыёмаў). Прымяняем мы іх у асаблівых выпадках, калі грамадзяне не рэагуюць на загады спыніцца,  аказваюць супраціўленне, калі існуе яўная пагроза для здароўя і жыцця людзей. За гэты год у журнале зроблены 53 запісы. Апошні ўнесены ў ноч з 3 на 4 лістапада. А самай галоўнай з’яўляецца “Адзіная кніга рэгістрацыі заяў і паведамленняў аб злачынствах, адміністрацыйных правапарушэннях і інфармацыі аб здарэннях”.  

На дзень майго дзяжурства гэта была ўжо дзясятая па ліку са студзеня гэтага года кніга, у якой зроблены 3 тысячы 451 запіс. У сярэднім за месяц  дзяжурныя рэгіструюць 382 званкі,  за змену – 12 зваротаў, а ў рэальнасці, па словах Сяргея Садоўскага,  раз на раз не выходзіць: могуць патэлефанаваць 5 разоў за  змену, могуць – 25. У “змесціве” кнігі можна знайсці даволі вострыя сюжэты для напісання дэтэктыўных  матэрыялаў.

–Званкі бываюць розныя: адны – у нашай кампетэнцыі, другія – адрасуем спецыялізаваным службам: пажарным, газавікам, электрыкам, медыкам. Бываюць званкі-пытанні: калі ведаем – даём адказ, не – тлумачым і перанакіроўваем да іншых спецыялістаў. Некаторыя ўспрымаюць кругласутачную  дзяжурную службу як бясплатную даведачную.  У сувязі з гэтым здараюцца нават камічныя сітуацыі, –  тлумачыць Сяргей Садоўскі.

Не ў дружбу, а ў службу

У 10 раніцы  ў райаддзел вярнуліся супрацоўнікі міліцыі, якія яшчэ не здалі свайго дзяжурства. Ім “пашчасціла”: патэлефанаваў мужчына з Кобрына, сказаў, што  на Глыбоччыне прапала яго жонка. На званкі не адказвае, дзе дзелася – невядома. Алгарытм дзеяння просты: без афіцыйнай заявы міліцыя занялася пошукам. Шукалі сяброў жанчыны,  правяралі адрасы яе магчымага знаходжання нават у суседнім, Докшыцкім раёне. Забягаючы наперад скажу, што прапажу знайшлі: будучы ў гасцях у сяброўкі, жанчына пазнаёмілася з мужчынам, з якім прыемна праводзіла час у яго дома. “Нечага лезці ў маё асабістае жыццё. Я – дарослы чалавек: што хачу, тое і раблю”, –   вось такая “падзяка” была міліцыі за тое, што збілі ногі, два раёны аб’ездзілі, дадому не пайшлі, пакуль  не давялі справу да лагічнага завяршэння.

102: дзяжурны аддзел міліцыі слухае

Да абеда паступілі званкі з вёсак Узрэчча і Мосар. Нехта вырваў дзвярны прабой ва Узрэцкай школе, магчыма, хацеў “пажывіцца”, але там не было чаго браць, бо  ўсё каштоўнае даўно развезлі па іншых школах. У закрытай  Мосарскай школе ўкралі вадасцёкавую трубу…

Патэлефанавала загадчыца фермы з вёскі Прошкава: даярка не прыступіла да работы, выпіла і разбушавалася. Нарад міліцыі спешна выехаў туды.
На прыём да начальніка райаддзела прыйшла жанчына. Прагуляла рабочы дзень, а паколькі не першы год з’яўляецца абавязанай асобай (пазбаўленая бацькоўскіх правоў), у якасці пакарання атрымала трое сутак.

–Кантроль за асобамі, што нядаўна вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, асуджанымі, якія атрымалі адтэрміноўку прыгавору, падлеткамі, якія стаяць на ўліку, нядобранадзейнымі сем’ямі, дзе ёсць непаўналетнія дзеці і ў якіх бацькі злоўжываюць спіртным – гэта яшчэ адзін з накірункаў нашай работы, – гаворыць Віктар Іванавіч. – У любы час сутак мы можам  правяраць падкантрольных грамадзян і, калі тыя не начуюць дома,  выпіваюць, не ходзяць на працу ці на заняткі – прыцягваем іх да адказнасці. Гледзячы па ўсім, абавязанай асобе з Галубіч спадабаўся  ізалятар  часовага ўтрымання. Нядаўна адпусцілі, а цяпер яна зноў у нас.

Як нясуць службу супрацоўнікі ізалятара можна ўбачыць на маніторы камп’ютара прама з «дзяжуркі». Добра бачна, як для шасці затрыманых прывезлі сняданак з рэстарана і дзяжурны міліцыянер, апрануўшы белы халат, пачаў  яго раздаваць. Між іншым, яму самому інструкцыя на працягу 12 гадзін забараняе не толькі сядзець, але і перакусваць. Яшчэ адно “вока, якое ніколі не дрэмле”, устаноўлена пры ўваходзе ў аддзел, другое – у самой дзяжурцы. З дапамогай яе ў Віцебскім абласным упраўленні МУС ведаюць пра кожны крок глыбоцкіх дзяжурных: “трансляцыя” ў айлайн-рэжыме патрабуе ад кожнага, хто заступае на змену, максімальна якаснага выканання службовых абавязкаў.

У 18.55 патэлефанавала ўсхваляваная жанчына: “У нас у Вераб’ях пажар”. Званок пераадрасавалі ў райаддзел  па надзвычайных сітуацыях. Там пра загаранне ведалі, пажарныя ўжо выехалі. Лінія была занята, таму што пра здарэнне тэлефанавалі адразу некалькі чалавек. Пазней высветлілася, што мужчына паставіў на газ чайнік, а сам пайшоў спаць у хлеў. Выключыць яго не было каму – загарэўся дом.

20.30. Гаспадар дома па Кастрычніцкай вуліцы выклікаў міліцыю, бо пачуў, што ў другой палове дома сварацца і б’юцца дачка з сужыцелем. На месцы высветлілі, што  сям’я нядобранадзейная, стаіць на кантролі ў камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. У той вечар мужчына прыйшоў нецвярозы, заваліўся, абабіўся, нарабіў шуму, а ў доме трое дзяцей. Не працуючы “тата” агрэсіі не праяўляў, абяцаў, што  ляжа спаць і праблем з ім не будзе.  

22.30. Чарговы званок. Яўна нецвярозы мужчына спытаў: “Куды я пазваніў: у “103” ці ў  “104”?”  “102. Дзяжурны аддзел міліцыі слухае,” – адказаў Сяргей Садоўскі. “Шэф, мне трэба таксі”. Вось такія кур’ёзныя, не ў фільмах, а ў рэальнасці, здараюцца сюжэты. Дзяжурны даў добра вядомы нумар, у трубцы пайшлі гудкі. “ А мог бы і “спецтаксі” з мігалкай адправіць. Устанавіць асобу чалавека, адкуль ён
звоніць – не праблема: з дапамогай базы дадзеных за лічаныя хвіліны можна знайсці і пашпартныя дадзеныя, і адрас любога грамадзяніна.

23.40. Робім аб’езд піцейных і забаўляльных устаноў горада.  Кафэ “Стары горад” у цэнтры бязлюднае, пару чалавек – у кафэ “Грот”  у раёне МКК. Крыху большая “тусоўка” ля гасцініцы “Ольгас” , дзе ёсць бар, і ля “Веранікі” ў Арэхаўна. Пік папулярнасці страціла ”Гара”, на якую з’язджаліся і гараджане, і сельская моладзь. Ля “Неона” і  більярднага клуба “Піраміды” – невялікія купкі моладзі, хутчэй за ўсё студэнты, якія прыехалі на выхадныя. Усё спакойна, усё ў рамках дазволенага.

 00.40. У  дзяжурку заходзяць супрацоўнікі ДАІ. У іх свая статыстыка: затрымалі 21 парушальніка: хто без флікера ішоў, хто “пад шафэ”, хто ехаў без рэменя бяспекі, хто хуткасць перавысіў. Перагледзелі затрыманых па базе, каб ведаць, хто, калі і за што прыцягваўся да адказнасці дагэтуль. Запісалі, зафіксавалі і далей – на змену.

Заахвочванне  пры заключэнні кантрактаў

–Цяпер у міліцыі працаваць  жадаючых не многа, – кажа Віктар Іванавіч. – У нашым  райаддзеле 11 свабодных вакансій. Не імкнуцца маладыя і да кар’ернага росту. Многія, маючы выслугу год, пакідаюць службу,  выбіраюць грамадзянскія прафесіі, дзе менш адказнасці і большы заробак. Праблему недахопу кадраў стараюцца вырашыць на рэспубліканскім узроўні. Існуе, напрыклад, такая практыка: каб маладыя супрацоўнікі не звальняліся, ім прапаноўваюць падпісаць кантракт на 5 гадоў і атрымаць матэрыяльнае заахвочванне каля 2,5 тысяч долараў у беларускім эквіваленце, калі кантракт на 3 гады – каля тысячы. Даволі нядрэнна, але калі кантракт разрываюць раней тэрміну па ўласным жаданні ці па прычыне неналежнага выканання службовых абавязкаў –  усю выплату трэба вярнуць.

24 гадзіны маёй “службы” яшчэ раз пераканалі ў тым, што ахоўваць грамадскі парадак і спакой – справа клопатная, не лёгкая, у якой не бывае дробязей, але патрэбная і пачэсная.  А тая дапамога, якую аказваюць людзі ў пагонах – і ёсць аснова даверу на гады, які  стварае імідж службы ў цэлым.

Вам может понравиться

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

16 + три =



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2016г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru HotLog

Мы в соцсетях!

У нас есть группа в Одноклассники
Присоединяйся и будь в курсе всего!


А еще мы есть в: